Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Акцябрскім доме рамёстваў, што на Гомельшчыне, аднаўляюць узоры ручнікоў векавой даўніны

Жывыя ніткі рамяства

Некаму, мяркуючы па назве Акцябрскі, можа падацца, што гісторыя паселішча пачалася ў савецкую пару. І ён памыліцца! Так, сучасны гарадскі пасёлак, што мае статус райцэнтра, сапраўды ўтварыўся, як падказваюць даведнікі, 31 жніўня 1954 года: “у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўкі, Рудабелкі ды Рудні”. А між тым Рудабелка вядомая з сярэдзіны XV стагоддзя: як вялікакняжацкае ўладанне, з 1685 года была прыватнай уласнасцю магнатаў Радзівілаў. Яшчэ цікава, што народ там — геройскі: у 1918-20 гадах існавала ў тых месцах знакамітая “Рудабельская рэспубліка”: захоўвалася Савецкая улада на тэрыторыі, акупаванай спачатку нямецкімі, а потым і польскімі войскамі. Пэўна, у памяць пра знакавую падзею 28 чэрвеня 1939 года быў утвораны Акцябрскі раён Палескай вобласці — з цэнтрам у Карпілаўцы. А пазней на Гомельшчыне з’явіўся і адпаведны назве райцэнтр.

Наталля Малаковіч і яе вучаніцы рыхтуюць сувеніры для гасцей фэсту “Берагіня”

У кожным з пакояў Акцябрскага дома рамёстваў бачны рух: у адным дзеці з майстрам-керамістам Ірынай Дабранскай вырабляюць з гліны сабачак, у другім — дзяўчынкі вучацца вышываць, а педагог Наталля Малаковіч расказвае ім пра значэнні старадаўніх сімвалаў. У трэцім — ствараюцца сапраўдныя саламяныя ды папяровыя дзівосы. Тое назірала я летась, калі ў лістападзе паехала туды разам з удзельнікамі творчай стажыроўкі кіраўнікоў мастацкай самадзейнасці беларускіх суполак замежжа. Тады на калектыў Дома рамёстваў яшчэ толькі заяўку падалі, а цяпер ён ужо — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. “Тое, што мы ўжо сярод лепшых, — значыць многае: гэта вельмі высокая ацэнка працы ўсіх нашых майстроў, — казала тады дырэктарка Дома рамёстваў Таццяна Халадок. — І, канешне, стымул для далейшай творчасці”.

У Калядныя дні стала вядома: калектыў Акцябрскага дома рамёстваў — сярод лаўрэатаў Прэміі. А ўзнагароду майстры атрымалі ў тым ліку й за пашырэнне традыцыйнага ткацтва.

У Доме рамёстваў за гэтае майстэрства “адказвае” ткачыха Марыя Сарнаўская. Расказвала: у прафесію прыйшла выпадкова, з кухарскай сферы. Ткаць жа некалі навучылася сама і вельмі любіць гэтую справу. А летась пасля ўдзелу ў выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка” яна атрымала ганаровае званне народнага майстра Беларусі. Марыя Сарнаўская згадвала, як 20 гадоў таму, калі дачка збіралася ўдзельнічаць у першым Фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, рыхтавала для яе касцюм. А фэст праходзіць у гарпасёлку Акцябрскі з 1998-га раз на два гады. І так тады Марыі Іванаўне спадабалася “рабіць нешта рукамі”, што навучылася ткаць, пайшла працаваць у Дом рамёстваў. Па словах майстрыхі, ткацтва само па сабе — справа нескладаная, аднак марудная і карпатлівая. Трэба яе адчуваць душой.

Цяпер у Акцябрскім двое кроснаў — так здаўна ў беларусаў называюць ткацкія станкі. Адным кроснам ужо болей за 100 гадоў, другія змайстраваны тры гады таму. На тых кроснах Марыя Сарнаўская з вучаніцамі тчэ ручнікі, паясы, посцілкі, абрусы... Некалькіх месяцаў яна можа працаваць над адной рэччу. Вось і цяпер  аднаўляе ўзоры на ручніку, якому ўжо больш за 200 гадоў.

Марыя Сарнаўская працуе за кроснамі

З дзяцінства ўмее ткаць, шыць, вязаць, вышываць і Таццяна Халадок. Казала: навучыла бабуля. А працуючы ў Доме рамёстваў асвоіла саломапляценне, выраб лялек, лепку з гліны... “Усе нашы майстры валодаюць некалькімі відамі рамёстваў, — казала Таццяна Васілеўна. — Асабліва “ўніверсальныя” педагогі працуюць у філіялах Дома рамёстваў пры сельскіх клубах: у вёсках Забалацце, Гаць, Рассвет, Красная Слабада, аграгарадку Парэчча. Дарэчы, у апошнім творчай майстэрняй “Чаўначок” цяпер кіруе Кацярына Пась — былая вучаніца Марыі Сарнаўскай”.

Усяго ж у Акцябрскім 9 творчых майстэрняў і 3 аматарскія аб’яднанні. Менавіта ў іх на працягу 20 гадоў дзеці, дарослыя вучацца ткаць, вышываць, майстраваць нацыянальныя строі, плесці паясы, асвойваюць сакрэты ганчарства, керамікі, разьбы і роспісу па дрэве, саломапляцення, стварэння лялек-абярэгаў, выцінанак. Не застаюцца па-за ўвагай і сучасныя віды творчасці: квілінг, арыгамі, папяровы арт. Аднак, па ўсім адчуваецца, перавага ўсё ж аддаецца традыцыйным рамёствам.

Таццяна Халадок, напрыклад, сама шукае натхненне ў спадчыне продкаў, называе яе ўнікальнай, непаўторнай, заварожваючай... Усе майстры Акцябрскага не толькі праводзяць заняткі ў гуртках, але й займаюцца даследчай працай. У пошуках аўтэнтычных рэчаў яны выязджаюць у экспедыцыі па вёсках раёна, размаўляюць са старажыламі, здымаюць на відэакамеру, фатаграфуюць, замалёўваюць узоры й дэталі адзення, ручнікоў... Вывучаюць рамесныя тэхнікі. Потым апрацоўваюць сабраныя матэрыялы, ствараюць метадычныя дапаможнікі, буклеты. “Узоры на кашулях, паясах, ручніках аднаўляем па прыкладзе знойдзеных у экспедыцыях рэчаў, — удакладняе Таццяна Васілеўна. — Здараецца, заўважаем цікавыя адметнасці. Скажам, у вёсцы Рассвет сукенкі насілі раней са здымнымі каўнярамі, а ў Ляскавічах — з адкладнымі. А ў Валосавічах замест каўняра ўвогуле рабілі вялікі выраз”.

Саломапляценню навучае Юлія Булыгіна

А нядаўна ў майстэрні па вырабе традыцыйнага адзення аднавілі сукенку парадзіхі (жанчына, якая толькі нарадзіла дзіця. — Рэд.) канца ХІХ стагоддзя. І прадстаўлена яна ў экспазіцыйным кутку “Нацыянальныя строі ў святах і абрадах” з іншымі адметнымі для гэтага рэгіёна Гомельшчыны рэчамі: штаны, спадніцы, паясы, упрыгожанні, галаўныя ўборы. У Доме рамёстваў можна даведацца і пра традыцыйныя абрады, святы жыхароў раёна. Многія з іх дагэтуль жывыя: Каляды, Гуканне Вясны, Масленіца, Вялікдзень, Ваджэнне Куста, Купалле, Зажынкі, Дажынкі... Расказваюць там, як раней праводзілі мясцовыя вяселлі ды хрэсьбіны.

“Апошнім часам вельмі цікавіцца традыцыямі моладзь, — радуецца Таццяна Халадок. — Модным стала спраўляць вяселлі ў нацыянальным стылі. А ў нас ёсць і аматарскае аб’яднанне “Абярэг”, і мы шыем маладым вясельныя строі, аздабляем іх адпаведнай вышыўкай, арнаментам. Рыхтуем ручнікі, лялькі-абярэгі, сімвалічныя сувеніры для гасцей”.

Вырабы майстроў з Акцябрскага дома рамёстваў можна знайсці на выставах народнай творчасці, з задавальненнем купляюць іх турысты, госці шматлікіх фестываляў ды святаў. Вось і цяпер у творцаў напружаны час — рыхтуюцца да галоўнага ў раёне свята, на якое звычайна прыязджае да тысячы ўдзельнікаў з розных краін: Х фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Сёлета фэст пройдзе ў 20-х чыслах чэрвеня. Здзіўляць гасцей майстры Дома рамёстваў будуць ручнікамі, паясамі, лялькамі, саламянымі ды глінянымі вырабамі, створанымі паводле даўніх тэхналогій продкаў.

Кацярына Мядзведская

Фота БЕЛТА.

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter