Жывыя ніткі братэрства

Пра тое, як беларусы Самарскай вобласці адзначалі 72-ю гадавіну Вялікай Перамогі


Памяць пра абаронцаў Радзімы, іх подзвігі, пра шматлікія ахвяры, што панёс шматнацыянальны савецкі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, шануюць актывісты Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Прэзідэнт суполкі Ірына Глуская гаворыць: “Сярод многіх святочных датаў Дзень Перамогі займае асаблівае месца ў нашых сэрцах. Мы з удзячнасцю ўспамінаем тых, дзякуючы каму жывём і радуемся жыццю”.

З лістапада мінулага года беларусы вобласці рэалізуюць важны сацыяльны праект: складаюць “Рэестр воінаў”, якія пайшлі на фронт з Куйбышаўскай вобласці ды загінулі, абараняючы і вызваляючы Беларусь і пахаваныя ў беларускай зямлі. “Мы разумеем: працы яшчэ вельмі шмат, — прадаўжае Ірына Міхайлаўна. — Толькі паводле папярэдніх дадзеных, у Беларусі пахавана звыш 6 тысяч куйбышаўцаў. Да нашай ініцыятывы з разуменнем ставяцца як у Самарскай вобласці, так і Беларусі. З гістарычнай Радзімы ў адрас нашай суполкі прыходзяць лісты, фатаграфіі помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл, пахаванняў воінаў-ураджэнцаў самарскай зямлі. І кожнае такое паведамленне сведчыць: адзінства народаў Расіі ды Беларусі — гэта наша духоўная апора, якую мы павінны ўмацоўваць і перадаць будучым пакаленням”.

Першыя вынікі пошукавай працы разгледжаны на сходзе праўлення, моладзевага аддзялення і актыву суполкі напярэдадні Дня Перамогі. Знаходзяцца ўсё новыя нітачкі, што злучаюць Самарскую вобласць і Беларусь. Напрыклад, Герой Савецкага Саюза, гвардыі капітан Вольга Санфірава нарадзілася 2 мая 1917 года ў Самары, у вайну была камандзірам эскадрыллі легендарнага 46-га гвардзейскага начнога бамбавальнага авіяпалка. Ваявала на 2-м Беларускім фронце. Самалёт яе быў падбіты пасля баявога задання, і лётчыца загінула 13 снежня 1944 года. Пахавана ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у гарадскім парку імя Жылібера ў Гродне. І якраз там праходзяць у наш час масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню Незалежнасці, Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Штогод 16 ліпеня, у Дзень вызвалення горада на Нёмане, там ушаноўваюць ветэранаў-франтавікоў, аддаюць даніну памяці ўсім, хто не вярнуўся з вайны, а 22 чэрвеня ля помніка праходзяць мітынгі-рэквіемы.

Што мы ведаем пра Вольгу Аляксандраўну? Што была яна валявая, рашучая, адважная. Што звалі яе Лёля, Лэйла, “усходняя прыгажуня” — яна была татарка па нацыянальнасці. На час гібелі ёй было ўсяго 27 гадоў. Вольга любіла жыццё, людзей, пісала цудоўныя вершы. “Опять брожу весь вечер/ Одна в чужом саду./ Ищу в осеннем небе/ Любимую звезду./ Я помню, было время,/ Она для наших глаз —/ Все звезды затмевая,/ Сияла, как алмаз./ Потом она угасла,/ Не вечен звездный жар./ Плывет в холодной бездне/ Остывший мертвый шар./ А свет еще струится,/ И ярко, как всегда,/ Горит на небосводе/ Любимая звезда./ Быть может, я угасну,/ Как звездочка в ночи,/ Но будут литься с неба/ Прощальные лучи”. Вось такім быў апошні верш Вольгі Санфіравай... Яе імем названы вуліцы ў Самары і Гродне, а ў родным прыволжскім горадзе Вольгі на скрыжаванні вуліц Рэвалюцыйнай і Аэрадромнай, у скверы каля Самарскага дома моладзі 8 мая 1985 года была ўрачыста адкрыта стэла-помнік.

На самарскай зямлі шануюць памяць воінаў, якія загінулі ў імя Перамогі. Штогод праходзіць урачыстая цырымонія ўскладання кветак да Вечнага агню і гарэльефу “Скорбящей Матери-Родине” на Плошчы Славы ў Самары. Былі на плошчы і самарскія беларусы. Сёлета губернатар вобласці Мікалай Мяркушкін, выступаючы на ўрачыстасці, нагадаў: на франтах вайны змагалася больш за паўмільёна куйбышаўцаў, 225 тысяч з іх не вярнуліся з палёў бітваў. Героямі Савецкага Саюза сталі 233 ураджэнцы самарскай зямлі, а 36 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы.

Паўдзельнічалі таксама нашы супляменнікі ў акцыі “Бессмертный полк”: праходзіла ў Самары 9 Мая. Анатоль Рапецкі, Мікалай Міцяшын, Іван Яўграфаў, Ірына Глуская, Іна Сухачэўская, Юлія Цяплянская, Кацярына Стрынакова ды многія іншыя актывісты дыяспары неслі партрэты родных і блізкіх, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. У той жа дзень у Самары ў Выстаўным цэнтры “Экспа-Волга” праходзіў урачысты прыём ад імя губернатара, прысвечаны Дню Перамогі. На яго была запрошана Ірына Глуская, кіраўніца беларускай суполкі.

Чаму, аднак, людзям уласціва памятаць пра мінулае — не толькі сваё ўласнае, але і свайго роду, народа, Айчыны? Вядомы палітычны дзеяч, першы прэм’ер-міністр незалежнай Індыі Джавахарлал Неру ў свой час казаў: “Мінулае заўсёды з намі, і ўсё, што мы з сабе ўяўляем, усё, што мы маем, зыходзіць з мінулага. Мы — яго тварэнне, і мы жывём, пагружаныя ў яго. Не разумець гэтага і не адчуваць мінулае, значыць не разумець сучаснасць”. То — будзем разумець, памятаючы з удзячнасцю. Вось і Роберт Раждзественскі ў сваёй знакамітай паэме “Рэквіем” звяртаецца да нас: “…Помните! Через века, через года, — помните!/ О тех, кто уже не придёт никогда, — помните!”.

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter