На Усходніх могілках у Мінску, дзе пахаваны народны артыст СССР і Беларусі Уладзімір Мулявін, прайшоў мітынг-рэквіем

Жывыя кветкi Песняру

На Усходніх могілках у Мінску, дзе пахаваны народны артыст СССР і Беларусі Уладзімір Мулявін,  прайшоў мітынг-рэквіем
Мітынг-рэквіем прайшоў днямі на Усходніх могілках у Мінску, дзе пахаваны народны артыст СССР і Беларусі Уладзімір Мулявін. Ушанаваць памяць вялікага музыканта, заснавальніка і нязменнага на працягу больш за 30 гадоў кіраўніка ансамбля «Песняры» сабраліся яго родныя, сябры і калегі, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, прыхільнікі творчасці.


Першым да помніка Песняру быў ускладзены кошык з жывымі кветкамі ад Прэзідэнта краіны.

Далей — чарга тых, хто прыйшоў аддаць даніну павагі і памяці. Многа людзей. Многа кветак і кранальных слоў. А над усім — сосны, студзеньскае неба, голас Уладзіміра Мулявіна і яго знакамітая «Малітва».

— Сёння мы пытаем — а кім жа ён быў: вялікім артыстам, або выдатным кампазітарам, або родапачынальнікам і мастацкім кіраўніком праслаўленых «Песняроў», — разважае калега Уладзіміра Мулявіна, адзін з былых удзельнікаў легендарнага ансамбля і аўтар «Малітвы» кампазітар Алег Молчан. — Я думаю, галоўнае — ён стварыў цэлы музычны напрамак. Таму яго песні гучаць і сёння, яны дасюль цікавыя многім выканаўцам. Такіх людзей, як Мулявін, адзінкі. Яго феномен адзіны ў нашай гісторыі. Ён стаў першым Песняром у музыцы, да яго гэтак ганарова называлі толькі пісьменнікаў.

— Нягледзячы на ўсе высокія званні, Уладзімір Мулявін назаўжды застанецца для нас проста па-сапраўднаму народным артыстам, — сказаў на цырымоніі міністр культуры Барыс Святлоў. — Ураджэнец Расіі, ён маладым чалавекам прыехаў у Беларусь, адчуў яе народныя песні, напоўніў сваю душу гэтымі мелодыямі, прапусціў іх праз сваё сэрца і падарыў нам. Ды і не толькі нам. Ён стварыў адзін з найбольш вядомых нашых брэндаў — ансамбль «Песняры» і гучна заявіў аб нашай культуры ўсяму свету. 

— Для мяне Уладзімір Мулявін — гэта ўспаміны з дзяцінства і юнацтва, той музычны шок, які адбыўся ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х, калі нашы музыка і песні дзякуючы «Песнярам» гучалі на ўвесь СССР. Рускі чалавек, ён так многа зрабіў для нашай краіны, культуры, мовы. Ганаруся, што даводзілася сустракацца з Уладзімірам Мулявіным. Для мяне гэта культавая фігура, і такой яна застанецца на ўсё жыццё, — падзяліўся думкамі Аляксандр Гарцуеў, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. 

Уладзіміра Мулявіна не стала 13 гадоў таму, яму было 62. Знакаміты музыкант трапіў у аўтакатастрофу пад Мінскам, а праз 8 месяцаў, 26 студзеня 2003 года, памёр у клініцы ў Маскве.

Сёлета шырока адзначаецца 75-годдзе з дня нараджэння Песняра. На працягу года юбілейныя мерапрыемствы будуць праходзіць па ўсёй краіне.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter