«Жывыя» крыжы

Карэспандэнт  «Р»  спрабаваў  даведацца,  чаму  яны  «вырастаюць»  са  старых  магiл

Карэспандэнт  «Р»  спрабаваў  даведацца,  чаму  яны  «вырастаюць»  са  старых  магiл 

Па сталiчных мерках Заронава амаль што прыгарад. Усяго 26 кiламетраў ад Вiцебска. Асаблiвасць вёскi ў тым, што  размясцiлася на беразе аднайменнага возера, якое мае даўжыню каля васьмi кiламетраў i шырыню больш за кiламетр. Водзяцца тут лешч i судак, шчупак i плотка, язь i лiнь, акунь i гусцяра… 

Карацей, блакiтная мара рыбака. Праўда, варта быць i асцярожнымi, бо месцамi глыбiня возера Заронава дасягае 12—13 метраў, а сярэдняя  — пяцi з гакам. Але наша падарожжа ў гэты прывабны край было не надта рамантычным. Мы прыехалi на мясцовыя могiлкi, каб увачавiдкi паглядзець на крыжы, якiя «вырастаюць» з зямлi. 

лiтаратуры Заронаўскай базавай школы-сада Людмiла Канстанцiнаўна Нiкiцiна. Пакуль ехалi да вясковых могiлак, даведалiся ад яе, што мы не першыя, хто цiкавiцца незвычайнай з’явай. I што нават самыя зацятыя скептыкi не абвяргаюць, што старажытныя крыжы сапраўды “вырастаюць” з нетраў зямных. Iншая справа, што тлумачаць з’яву па-рознаму. Вiцебскiя i мiнскiя навукоўцы спрабуюць абгрунтаваць гэта дзеяннем фiзiчных законаў. У тым сэнсе, што зiмой глеба прамярзае, вясной — праграецца, а рознасць тэмператур i выштурхоўвае каменныя крыжы на паверхню. Але адразу ўзнiкае, як бы мовiць, контраргумент: а чаму тады зямля не выштурхоў­вае iншыя плiты, помнiкi, крыжы як у самiм Заронаве, так на iншых могiлках? 

Сама Людмiла Канстанцiнаўна прытрымлiваецца версii, што крыжы, нiбыта раслiны, прабiваюцца наверх з нейкай таямнiчай iнфармацыяй ад продкаў, якiя пасылаюць яе ў зашыфраваным у каменнi “тэксце”. Iншая справа, што мы не ўмеем яго прачытаць цi не жадаем вучыць гэтую незнаёмую мову. 

А можа, тайна незвычайных крыжоў хаваецца ў драматычных падзеях, звязаных з мясцовай праваслаўнай царквой? Настаўнiца Нiкiцiна, дарэчы, яшчэ i знакамiты на ўсю вобласць краязнавец. У створаным ёю школьным музеi, якi адзiн з нямногiх носiць i пацвярджае ганаровы тытул народнага, за многiя гады сабрана столькi ўсяго адмысловага па частцы нацыянальнага каларыту многiх стагоддзяў, што можна абаранiць не адну кандыдацкую i нават доктарскую дысертацыю. Дык вось, Людмiла Канстанцiнаўна “дакапалася”, што на месцы загадкавых могiлак у 1760 годзе дзейнiчала драўляная праваслаўная царква. Затым яна была спалена, але ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя iзноў узнялася, як фенiкс з попелу, у цэгле i кованцы. 

Самы драматычны перыяд, зразумела, чакаў культавае збудаванне ў атэiстычным лiхалеццi мiнулага стагоддзя. Дакладней, мураваную прыгажуню “накармiлi” дынамiтам i… Раскiданыя па могiлках цаглiны расцягвалi мясцовыя сяляне на печы. 

— Дык можа, гэта нейкi знак для нашчадкаў, каб вярнулi доўг за сваiх продкаў?—разважае Людмiла Канстанцiнаўна. — Я дакладна высветлiла, што крыжы “растуць” не абы-дзе па могiлках, а менавiта ў апсiднай частцы знiкшага з твару зямлi храма. Цi не праз такую “каменную iнфармацыю” памерлыя продкi звяртаюцца з заклiкам да нашчадкаў, каб адрадзiць у Заронаве царкву? 

I вось мы на месцы апошняга прытулку многiх пакаленняў заронаўцаў. Без гiда ў асобе Нiкiцiнай доўга давялося б шукаць у “горадзе мёртвых” таямнiчыя крыжы. Без папярэдняй iнфармацыi можна было падумаць, што гэта вельмi старыя пахаваннi. Урэшце, так яно i ёсць. Iншая справа, што яшчэ дзесяць гадоў назад тут было роўнае месца. З паверхнi тырчалi толькi камянi накшталт бруку. Затым яны сталi “вылузвацца” далей на паверхню. Настаўнiца Нiкiцiна тлумачыць, што i навукоўцы адносяць гэтыя крыжы пераважна да ХVIII стагоддзя, але ёсць i ХII—ХIV стагоддзяў. 

Зразумела, што пры такiм фантастычным развiццi навукова-тэхнiчнага прагрэсу ( радыёэлектронiка, лазеры, камп’­ютэры, сотавая сувязь i г.д.) сёння цяжка нечым здзiвiць. У iмклiвым, асаблiва ў мегаполiсах, тэмпе жыцця мала хто i заўважыць, што на нейкiх там вясковых могiлках пад вёскай Заронава нейкi крыж “падрастае” на два сантыметры ў год, другi — на тры, трэцi — на пяць… Ну i што? 

Можна разважаць i так, i гэтак. I лягчэй за ўсё на фоне зробленых рукамi “гулiвераў” не заўважаць няпрошаных “лiлiпутаў”. Дарэчы, святары якраз i ўстрымлiваюцца ад рашучых каментарыяў. Настаўнiца Нiкiцiна заўважае, што фотаздымкi заронаўскiх “жывых” крыжоў паказвалi ў розных цэрквах i манастырах. Па яе словах, свяшчэннiкi i манахi амаль у адзiн голас сцвярджаюць: “У вас святое месца”. Некаторыя раяць не чапаць крыжоў i не спрабаваць усталёўваць чалавечую волю над не падуладнымi нам законамi таго свету. 

Парада слушная. Можа, i сапраўды досыць раскiдваць i збiраць камянi? 

Столькi неразумнага натварылi ўжо, асаблiва ў драматычным мiнулым стагоддзi! У прамым сэнсе дуба ўставала зямля ў час вызвалення яе ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i на заронаўскiх могiлках. Дагэтуль тут не зараслi i не зраўнялiся з паверхняй глыбокiя траншэi i акопы памiж старых захаванняў. I гэта так не адпавядае могiлкам, як апошняму чалавечаму прытулку. Мае, мне здаецца,  рацыю настаўнiца i краязнавец Нiкiцiна, якая лiчыць, што абуджаныя нашым iмклiвым часам каменныя крыжы заклiкаюць да абуджэння сумлення i здзяйснення добрых спраў. Як повязь зямнога i вечнага. Як знак для нашчадкаў па адраджэннi згубленых духоўных скарбаў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter