«Жывём у новым доме, выхоўваем сына і вельмі шчаслівыя»

ІХ БАЦЬКІ — даўнія знаёмыя. Раман і Алена разам хадзілі ў дзіцячы садок (нават захаваўся фотаздымак, дзе нашы дзевяцімесячныя героі сядзяць побач на канапе. Цяпер гэта фота — на першай старонцы іх сямейнага альбома), разам гулялі і бавілі вольны час.

З поўначы еўрапейскай часткі Расіі, з Архангельскай вобласці, прыехалі ў Беларусь Раман і Алена КАЛЫВАНАВЫ.

ІХ БАЦЬКІ — даўнія знаёмыя. Раман і Алена разам хадзілі ў дзіцячы садок (нават захаваўся фотаздымак, дзе нашы дзевяцімесячныя героі сядзяць побач на канапе. Цяпер гэта фота — на першай старонцы іх сямейнага альбома), разам гулялі і бавілі вольны час.

— У 1988 годзе, калі мне было пяць гадоў, наша сям’я пераехала ў Шаркаўшчынскі раён, — успамінае Раман. — Там я вучыўся ў школе, затым паступіў у сельскагаспадарчы каледж. Потым — армія і праца ў мясцовым калгасе.

Алена тым часам скончыла тэхнікум, набыла спецыяльнасць “майстар лясной, лесапаркавай гаспадаркі” і працавала ў лясніцтве ў родным пасёлку.

— Мае думкі ўвесь час вяртаюцца на малую радзіму, — прызнаецца хлопец. — І як жа прыемна было зноў пабываць там, калі наша сям’я наведала родзічаў!

— Вось тады мы пазнаёміліся ў другі раз, — уступіла ў гутарку Алена. — Я адразу пазнала ў мужным, прыгожым юнаку сябра свайго дзяцінства Рому Калыванава.

— Да самага ранку мы гулялі па асветленых паўночным ззяннем родных мясцінах, — распавядае Раман, — і ўспаміналі бестурботныя дзіцячыя гады.

— Амаль год мы пісалі адзін аднаму пісьмы, — працягвае Алена, — і тэлефанавалі. А ў верасні 2005-га Рома прывёз мяне ў Беларусь. Праз год мы згулялі вяселле.

Аднак пасля абставіны склаліся так, што мясцовая гаспадарка завяршыла сваё існаванне. Усіх работнікаў звольнілі, у тым ліку і Рамана. Трэба было шукаць выйсце. І тут на вочы Калыванавым трапіла газета “Белорусская нива”, у якой быў размешчаны артыкул “Кудзінскі феномен” Васіля Дзеравяшкі. Размова ў ім ішла аб добрых умовах, якія створаны для працы ў СВК “Кудзін” Бялыніцкага раёна, і дасягненнях працалюбівых работнікаў сельгаскааператыва. Маладая сям’я звязалася з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства, і цяпер Алена і Раман Калыванавы — жыхары аграгарадка Галоўчын. Раман уладкаваўся галоўным аграномам, Алена — інспектарам аддзела кадраў. Зараз яна даглядае дзіця: у жніўні 2010 года ў іх нарадзіўся сынок Ягор.

— Жыць і працаваць на Бялыніччыне нам вельмі падабаецца, — дзеляцца Алена і Раман уражаннямі. — Для нас яна стала другой радзімай. Мы жывём у новым доме, выхоўваем сына... І мы шчаслівыя!

Шчыра кажучы, я вельмі рада знаёмству з гэтай сям’ёй. Цеплыня ўзаемаадносінаў, любоў, павага, пяшчота напаўняюць іх утульны дом. Яны жывуць і радуюцца кожнаму дню. Ці не ў гэтым шчасце?!

Наталля БЫЧКОВА

НА ЗДЫМКУ: сям’я Калыванавых.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter