Жывы шацёр у зiмовым лесе

— Ну чым цябе так вабiць лес? – здзiўляецца мой сябра...

— Ну чым цябе так вабiць лес? – здзiўляецца мой сябра. – Што, i цяпер збiраешся туды? Дык снегу шмат намяло i мароз во як цiсне.

— Паеду. Там у мяне ёсць такая ўтульная мясцiна, што нiякi мароз не страшны. Сядзiш, як у цёплым шатры, прычым ля кастра – нiчога падобнага ў горадзе ты не знойдзеш…

Але ж мой сябра, закаранелы гараджанiн, зусiм не паддаецца такой спакусе. Таму адпраўляюся ў вёску, дзе наша дача, адзiн. Ад Мiнска гэта кiламетраў трыццаць, па сённяшнiм часе адлегласць невялiкая... Лес зусiм пад бокам, каля нашай вёскi. Сцяжынка, дбайна атуленая высокiмi дрэвамi, толькi крыху пакрыта лёгкiм снегам, iсцi няцяжка i прыемна. Надвор’е як па заказе: мароз “не пераскочыў” i дзесяцi градусаў. Паветра бадзёрае, дыхаецца так здорава, што я не спяшаюся, замаруджваю крок. Пасля тлумнага горада з яго надакучлiвай мiтуснёй тут такi спакой, цiшыня, яшчэ нiкiм не парушаная прыгажосць. Навокал пануе снежная бель, незвычайна раскошная, урачыстая, некранутая…

У баку ад сцяжынкi ўтульна разляглася маляўнiчая палянка, якую аблюбавалi бярозкi, асiнкi, сасонкi, яны зусiм яшчэ маладыя, пасля нядаўняй вырубкi, дрэўцы не паспелi падрасцi. Далiбог, мне шанцуе: якраз заззяла сонейка, кiнула на палянку свае зыркатыя промнi, i велiчны абрус з чыстага снегу зiхацiць маленькiмi iскрынкамi.

Перш-наперш падыходжу да маладых асiнак, якiя неяк спалохана трымаюцца ў цэнтры палянкi. Так i ёсць: снег вакол iх вытаптаны, кара на ствалах абгрызена, быццам нажом зрэзаны кончыкi накаторых галiнак. Усё зразумела, тут “вячэраў” заяц, асiнавая кара хаця i горкая, але ж спажыўная. Зараз касы дзесьцi адпачывае, забраўся ў небяспечнае месца, прытулiўся пад заснежаным кустом. Шкада мне маладых асiнак: без кары яны загiнуць. Але ж, як кажуць, i зайцу трэба жыць…

Снег на палянцы пярэбраны рознымi ланцужкамi, ямкамi, гэта сляды зайцаў, лiс, лясных мышэй. Пад высокай ялiнай ляжаць некалькi старанна абгрызеных шышак, iх пакiнула пасля сябе вавёрка. У гэтым лесе дубоў мала, значыць, i праблема ў вавёрак з жалудамi, не зробiш надзейны запас на зiму. Але ж прырода ўсё прадумала: старыя ялiны густа разышлiся па ўсiм лесе, даюць багаты ўраджай шышак, i тут вавёркi не перабiраюць, абы не галадаць…

Выходжу зноў на сцяжынку, бо пара ўжо i ў мае шатры. Сцяжынка паступова звужаецца i раптам прападае зусiм. Перада мною тыя самыя знакамiтыя ялiны, магутныя i высокiя, яны ганарыста закiнулi свае вершалiны ўверх, у неба, якое зараз незвычайна чыстае i вясёлае. Сонца асвятляе залацiстыя гiрлянды спелых шышак. На вершалiнах зiмой багаты стол для клястоў, якiя, нiкога i нiчога не баючыся, быццам гаспадары-ўласнiкi, ласуюцца насеннем тых самых шышак столькi, колькi iм улезе…

З усiх бакоў на шырокiх, разлапiстых галiнах ялiн учэпiста трымаюцца вялiзныя шапкi снегу. Асцярожна разводжу гэтыя жывыя “дзверы”, прабiраюся пад дрэвы. I вось я быццам у хаце. Тут, у сярэдзiне, снегу няма, на зямлi тоўстая, мяккая посцiлка з iглiцы. Гэта i ёсць мой шацёр. Усё знаёма, прывычна, поўны парадак. Спецыяльна падрыхтаванае месца для кастра, з усiмi правiламi пажарнай бяспекi, да таго ж я прыхапiў з сабою невялiкую рыдлёўку.

Сухiя смалiстыя дровы разгараюцца хутка. Некалькi хвiлiн сяджу нерухома ля вясёлага кастра, каб поўнасцю адчуць i ўспрыняць усю простую асалоду жывога агню, утульнага куточка, некранутага спакою лясной, сапраўды боскай глушы.

Потым выходжу з шатра, зразаю тры тоненькiя арэхавыя дубчыкi. Гэта мае шампуры. Шашлыкi ж раблю так: на дубчыкi нанiзваю кавалачкi сала, затым цыбулiны, хлеба i далей у такiм жа “асартыменце”. Вось шампуры i “поўныя”, асцярожна прыладжваю iх над кастром, варочаю з боку на бок. Пацягнула такiм духмяным водарам, што ў мяне цякуць слiнкi i казыча ў носе. Але гэта яшчэ не ўсё. Бяру некалькi загадзя падрыхтаваных зялёных лапак ядлоўцу, кiдаю iх на агонь. Густы смалiсты дымок здорава “прабiрае” i сала, i хлеб, i цыбулю. Ну што ж, пара абедаць. Да шашлыка ў мяне ёсць i незвычайная прыправа. Загадзя разгроб крыху снегу, знайшоў там пяшчотныя лiсцiкi зайцавай капусты, якая добра пераносiць зiму, i цяпер такая ж кiслая, далiкатная, як i ўлетку…

Мой шашлык пахне ўсiм, што зараз ёсць у лесе: i дымком ад кастра, i ядлоўцам, i чыстым снегам, i зяленымi ялiнамi… I кавалачкi сала, падсмажаныя разам з хлебам i цыбуляй, – самая для мяне адмысловая ежа, бо такi стол на ўлоннi маляўнiчай жывой прыроды, без нiякай цывiлiзацыi…

Шчыра дзякую табе, цiхая лясная мясцiнка, за тое, што бяражэш i дорыш чалавеку прыроднае дабро i лагоду.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter