Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Свята Дажынкі пашыраецца ў Іркуцкай вобласці дзякуючы актывістам Беларускага клуба “Крывічы”

Жывое зерне, жывая ніва

У кожнай з беларускіх суполак замежжа можна нечаму павучыцца. Іркуцкія беларусы, на мой погляд, вельмі ўпрыгожваюць сваё жыццё вандроўкамі, паглыбленнем у духоўную сутнасць народных традыцый, святаў. І прадаўжаюць традыцыі — прыгожа, з улікам рэалій сённяшніх, сібірскіх умоў. Штогод іркуцкі клуб “Крывічы” ладзіць і праводзіць традыцыйнае беларускае свята Дажынкі. Алег Рудакоў і на гэты раз даслаў папярэднюю абвестку: “Сёлета 16 верасня мы праводзім Свята ў беларускай вёсцы Тургенеўцы Баяндаеўскага раёна. У ім паўдзельнічаюць беларускія гурты з Іркуцка ды Іркуцкай вобласці”. А гэта гурт аўтэнтычнай песні “Крывічы” з Іркуцка ды тры з беларускіх вёсак: народны “Варэнічкі” й дзіцячы “Рушнічок” з Тургенеўкі, фальклорны “Вяснянкі” з Ахінаў (Эхірыт-Булагацкі раён).

Жнейкі-беларускі ўпрыгожылі восеньскі сібірскі краявід
Фота: Алеся Стасевіч

У беларуска-сібірскіх Дажынак было тры часткі: апоўдні прайшоў сам абрад Дажынкі на полі фермерскай гаспадаркі “Игоревка”, у 14.00 у цэнтры Тургенеўкі пачаўся канцэрт, прысвечаны Дню вёскі, а з 16.00 была танцпраграма — і ўсе ахвочыя маглі павучыцца танцаваць народныя беларускія танцы.

Для тых, хто не абазнаны ў традыцыях беларусаў, Алег Рудакоў тлумачыць: “Дажынкі — гэта старадаўні, яркі, прыгожы абрад. На яго беларусы збіраюцца ўсім паселішчам, ідуць на ніву, на якой завяршаецца жніво. Пакінуты ўчастак ніўкі нават і ў наш час убіраюць сярпамі”. Арганізатары абяцалі: кожны, хто прыедзе на свята, зможа сам асвоіць хлебаробскае майстэрства жніва сярпом і вязання снапоў. Абяцалі прыгожыя дажынкавыя песні, карагоды, гульні. Заваблівала суполка цікаўных і тым, што на ніве будзе здзейснены прыгожы абрад падзякі Зямлі-карміцельцы, што “ўваход на ўсе этапы свята — бясплатны”. Гатовы былі ўзяць з сабою “Крывічы” й прадстаўнікоў СМІ, якія жадаюць паехаць у глыбінку разам на аўтобусе — варта толькі пазваніць, дамовіцца.

Ну проста залатыя беларускія Дажынкі былі сёлета каля сібірскай Тургенеўкі
Фота: Алеся Стасевіч

З іншага допісу Алега ў рэдакцыю даведваемся, што не ўсё святы ў жыцці “Крывічоў” з Іркуцка: напрыканцы вясны ў маладзёвага клуба зніклі апошнія фундатары, было складана выплаціць даўгі за арэнду сядзібы. Далей — аптымістычнае: “Наш актыў — моцны, мы ўмеем пераадольваць цяжкасці, таму ўсё лета працавалі, каб гожа выйсці ў “новы сезон”. Правялі нечарговы сход суполкі, былі ўнесены змены ў статут, які ўжо зацверджаны ў розных інстанцыях. І цяпер у суполкі такая афіцыйная назва: Іркуцкае гарадское грамадскае аб’яднанне “Беларускі клуб Крывічы”. “Такім чынам, мы “пасталелі”, — прадаўжае Алег. — Што зусім не азначае, быццам пазбавіліся моладзі. Наадварот: юнакоў і дзяўчат прыйшло яшчэ болей, дый сябры суполкі больш сталага ўросту адчуваць сябе пад такім брэндам больш “утульна”. Цяпер у нас усё ж такі ёсць свой офіс па адрасе: г. Іркуцк, вул. Свердлава, 40, каб. 307. А паштовая скрыня такая: 664038, г. Іркуцк, вул. Рабочага штаба, 30 А. “Беларуская хата”, Алегу Рудакову”.

І вось якраз Дажынкі ў Тургенеўцы — тая жывая справа, з якой “Крывічы” вырашылі распачаць “новы сезон працы на карысць Беларускага Руху ў Прыбайкаллі”. Што ж, як і ў жыцці хлебаробаў, у дзейнасці суполак, сапраўды, ёсць сезоны, ёсць больш ці менш спрыяльны час для “засявання” нівы беларускай зярнятамі. З гэтых аналогій, пэўна ж, калісьці ўзнікла й назва газеты “Наша ніва”, у якой працавалі, нагадаем, Янка Купала й Якуб Колас (таксама хлебаробскі псеўданім...), з якой супрацоўнічаў Максім Багдановіч. І не заўсёды на “ніве Беларушчыны” спрыяльнае надвор’е, аднак — ці ж гэта нам у навіну? Ну а Дажынкі, ў Тургенеўцы — гэта важкі такі акцэнт у працы суполкі. Як хораша яны прайшлі — пераказваць не будзем: у інтэрнэце ёсць адметны рэпартаж Вольгі Ліпічанскай. Ёсць і цудоўны фотарэпартаж Алесі Стасевіч — яе здымкі мы выкарысталі ў гэтым тэксце. І ў мінулыя гады мы расказвалі, як творыцца сам абрад на ніве, што сімвалізуе. Здорава, дарэчы, што й пра розгалас у СМІ іркуцкія “крывічоўцы” — думаюць, клапоцяцца. Можна сказаць нават: граматна выбудоўваюць тактыку й стратэгію ў працы са сродкамі масавай інфармацыі. Малайцы!

Алег Рудакоў з юнай удзельніцай Дажынак
Фота: Алеся Стасевіч

І на заканчэнне — працытуем адно яскравае меркаванне з вышэйзгаданага рэпартажа Вольгі Ліпічанскай. “Я другі раз пабывала на Дажынках, — кажа іркуцянка Алеся Стасевіч. — Уражанне проста неверагоднае! Асабліва ў гэтым годзе, калі яшчэ й з надвор’ем пашанцавала. Усё навокал нібы золатам пакрыта. Прыгажосць! І снапы — таксама залацістыя, і твары вакол — светлыя, радасныя. Жыхары Тургенеўкі шануюць традыцыі продкаў, нягледзячы на тое, што жывуць за шэсць тысяч кіламетраў ад Бацькаўшчыны, яны — сапраўдныя беларусы!”

Голас Радзімы № 38 (3542), чацвер, 5 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter