Багатым на падзеі быў сёлетні Дзень беларускага пісьменства

Жывое слова ў Рагачове

Багатым на падзеі быў сёлетні Дзень беларускага пісьменства


У першую нядзелю верасня ў Беларусі штогод шырока адзначаецца нацыянальнае свята: Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ягонай сталіцай быў Рагачоў, горад на Гомельшчыне. Там працавала 16 розных сцэнічных пляцовак, было шмат літаратараў, артыстаў, іншых паважаных гасцей, у тым ліку і з замежжа.

Увогуле ж тая зямля, адзначалася на свяце, была блізкаю, роднаю, напрыклад, для Уладзіміра Караткевіча. У Рагачове, у хаце свайго дзеда Васіля Грынкевіча, ён падоўгу жыў, пісаў “Ладдзю роспачы”, “Сівую легенду”, часткова — “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, там закончыў цудоўную аповесць “Чазенія”. Шмат значыць Рагачоўшчына і для шэрагу іншых творцаў. На свяце была разгорнута выстава пра жыццё і творчасць драматурга Андрэя Макаёнка — ураджэнца Рагачоўскага павета, народнага пісьменніка Беларусі. У маёнтку Добасня былога Рагачоўскага павета нарадзіўся Ядвігін Ш., адзін з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай прозы. З Рагачоўшчыны былі родам народны пісьменнік Міхась Лынькоў і яго брат, паэт Рыгор Суніца. Іх бацька працаваў на чыгунцы, а сям’я жыла ў чыгуначнай будцы пад Рагачовам. Калі ж Міхась Лынькоў пісаў знакаміты твор “Міколка-паравоз”, то, безумоўна, згадваў дзяцінства. Так ці інакш з тым краем звязаны паэт Анатоль Вярцінскі, празаік Алена Васілевіч, а таксама іншыя вядомыя творцы: Васіль Гарбацэвіч, Фёдар Янкоўскі, Уладзімір Мехаў, Валерый Гапееў, Васіль Ткачоў, Міхась Сліва…

У цырымоніі адкрыцця свята прымала ўдзел віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, віншаванне ўдзельнікам урачыстасці накіраваў Прэзідэнт. На сустрэчы з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла: правядзенне свята ў Рагачове — гэта падарунак мясцовым жыхарам, які застанецца з імі на доўгія гады. Як вядома, пад час падрыхтоўкі да свята райцэнтр пахарашэў, там абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты. Наталля Качанава перадала ў дар Рагачову кнігу пра Полацк, родны ёй горад. Кніжныя падарункі рабілі гораду іншыя ўдзельнікі свята. Мяркуецца, традыцыя прадоўжыцца і надалей.

У 2017 годзе, калі будзе адзначацца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, сталіцай нацыянальнага свята стане, прычым ужо не ўпершыню, радзіма Францыска Скарыны — горад Полацк.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter