“Жывi, красуй памiж народаў!”

Шаноўныя чытачы “Народнай газеты”! Вось i яшчэ раз вы сустрэнецеся з паэтычнымi радкамi тых, хто мае асаблiва чуйную душу, iншымi словамi — талент, дадзены прыродай. Магчыма, залiшне пафасны радок Стася Вусава я вынесла ў назву гэтага свайго слоўка. Але ён вельмi жыццёвы, таму што ўсе мы красавання i моцы зычым сваёй Бацькаўшчыне, нашай мiлай Беларусi. Менавiта пра гэта вершы i Анатоля Зэкава, i Паўла Станевiча, i ўжо згаданага Стася Вусава. У кожнага з нас няма iншай зямлi, мы ўсе — адзiн народ, голле аднаго магутнага Дрэва, i кожны з нас, асмелюся сказаць, вядома ж, шчаслiвы назваць гэтую зялёную частачку свету, аздобленую лясамi ды пушчамi, сваёй Айчынай, сваёй Беларуссю. Таму, вiдаць, i дасылаеце вы свае вершы ў “Народную газету”, бо яна сiмвалiзуе гэтае бязмежнае i высокае слова — Народ, яднае ўсiх нас i штодня на сваiх старонках расказвае пра наша жыццё, якое для наступных, будучых пакаленняў стане летапiсам, з якога дазнаюцца пра нас — сённяшнiх.

А мы — сённяшнiя не толькi ў штодзённых справах, але i ва ўзнёслых радках, якiя, думаю, прачытаюцца з цiкавасцю i задавальненнем.
Пражыты толькі першы месяц новага года, таму не дзiўна, што дасюль дасылаюцца ў рэдакцыю навагоднiя радкi, у якiх i пажаданнi, i мары, i прыгажосць жыцця з iмкненнем зрабiць яго яшчэ лепшым.

Быццам бы вярстою
межавай
час раскроiў
каляндар,
i ўжо кожны з нас
усцешаны
вышынёю ўласных
мар.
(Анатоль Зэкаў)

У кожнага чалавека — свая вышыня, але ў гэтай вышынi людзi часцей думаюць пра зямное, бо яна з зямнога i вырастае. Менавiта такiм сэнсам поўняцца фiласофскiя вершы Уладзiмiра Шпадарука, якi жыве ў Рагачове на Гомельшчыне. Чалавек павiнен умець i “прыгалубiць прыгажосць бярозкi”, i з “наваколлем памаўчаць”, захоплены красою зямлi нашай, i “крыўды ўмела дараваць”, бо жыццё рознае — у iм жывуць у суседстве i радасць, i боль.
Не магу не адзначыць i вершы Iгара Савасцьянава — ён жыве ў Самахвалавiчах, што ў Мiнскiм раёне. I немагчыма не задумвацца над такой яго страфою:

Бясконцы свет — не намi ён напiсаны,
Не нам яго хвалiць, судзiць не нам,
Валодаем, на жаль, такiмi рысамi:
Агледзiны рабiць зямным гадам...

Пагадзiцеся, чалавек часта азiраецца назад, на свае гады прамiнулыя i для таго, каб чымсьцi там усцешыцца i каб зрабiць нейкiя высновы — не паўтарыць былых памылак. I з таго, i з iншага назапашваецца жыццёвы вопыт. Напэўна, з жыццёвага вопыту зыходзiлi i нашы продкi, калi стваралi свае прымаўкi, замовы ды загадкi...
Кастусь Карнялюк з Вiцебска прыслаў у рэдакцыю мноства загадак, якiя ён запiсаў падчас вандровак па вёсачках Бацькаўшчыны, у якiх, як ён сам пiша, “самабытна i непаўторна адлюстроўваецца паэтычны склад нашага народа”. Ад сябе асабiста я дадала б яшчэ: i назiральнасць, народная мудрасць.
Мiнулы год у нас на Беларусi быў абвешчаны годам Мацi. Таму мы вырашылi надрукаваць i “Азбуку для матулечкi-беларусачкi” Кастуся Карнелюка. Няхай яна прагучыць урачыстай одай ўсiм нашым жанчынам, бо яны таго вартыя!
Дасылайце свае творы ў “Народную газету”. Яны — сведчанне нашай чысцiнi i прыгажосцi, калi хочаце, нават вялiкасцi, таму што мы — вялiкi сваiм духам народ! Вялiкi сваёй культурай, сваёй гiсторыяй у тым, што здзяйсняем.

Iгар САВАСЦЬЯНАЎ
Восень
Мiнула ўжо звонкае, гучнае
лета —
Кастрычнiк за вокнамi сёння
ўладар.
I думкi iмкнуцца на волю
ў паэта,
Гартае нам восень жыцця
каляндар.

Самотна гляджу на апалае
лiсце,
Пажоўклую свiтку паўсюль
на траве.
Старонкi, што мы напiсалi
калiсьцi,
Нiяк не ўкладуцца ў маёй
галаве.

А хваляй, бы птушкi,
няспыннаю ў вырай
Плывуць нашы светлыя,
шчодрыя днi —
Жыццё б павялiчыць разочкi
ў чатыры,
Глыбей запусцiць бы ў яго
каранi.

Ды ў Бога свае для зямнога
законы,
Я восеньскi водар уведаў
лясны
I ўкленчыў, стамлёны, прад
лiкам iконы:
Малю, каб дажыць да цяпла, да вясны.

***
Апошняй будзе кожная
хвiлiна,
Што пражывём з табою
на зямлi.
Не плач аб тым, чырвоная
рабiна,
Што мы плывём на гэтым
караблi.

Бясконцы свет — не намi ён
напiсаны,
Не нам яго хвалiць, судзiць
не нам,
Валодаем, на жаль, такiмi
рысамi:
Агледзiны рабiць зямным
гадам...

Уладзiмiр ШПАДАРУК

Калi не я, дык хто ж тады
Цябе, бярозка, прыгалубiць,
Хто прыгажосць тваю
прыгубiць
I сум суцешыць малады?

Хто разбярэ птушыны спеў
i хто пачуе крык птушыны?
Калi не я, дык хто, скажы мне,
За зоркай здолее паспець?

Што адрываецца ўначы
Ад надакучлiвага неба?..
Хто з наваколлем памаўчыць,
Калi такая ёсць патрэба?

Усё далей ляцяць гады,
Назад не вернуцца аднойчы.
I я праводжу ў шлях iх моўчкi,
Калi не я, дык хто ж тады?

***
Насуперак усiм нягодам
Я сваё сэрца зноў малю,
Каб не згубiла недзе
годнасць
I шчырасць зберагло маю.

Каб не стамiлася аднойчы
Мой дух над безданню
трымаць,
I холад не пускала ў вочы,
I крыўду ўмела дараваць.

Хай доўга сэрца маё б’ецца,
Ды памятае аб адным,
Каб нехта мог у iм сагрэцца.
Iнакш нашто яно тады.

***
I здзейснiць мары...

Я гэты свет лiчыў сваiм.
Я думаў, што i ён таксама
З яго палямi i лясамi
Мяне да сэрца прытулiў.

Да свайго сэрца назаўжды
На векi вечныя, як кажуць.
Як памыляўся я тады,
Як не хацеў нягод заўважыць.

Лёс па-другому павярнуў:
Спазнаў я горыч i пакуты,
I раўнадушша, i ману,
I што такое быць прыкутым.

Я гэты свет лiчыў сваiм.
Напэўна, так лiчу i зараз.
Адно змянiцца б нам самiм
I здзейснiць продкаў нашых
мары.

Кастусь КАРНЯЛЮК

Загадка як жанр сведчыць пра тое, што ў ёй вельмi ярка, самабытна i непаўторна адлюстраваўся паэтычны склад народа. Прапаную загадкi, запiсаныя ў час шматгадовых экспедыцый i вандровак па вёсачках Бацькаўшчыны:
Цi можа варона сябе назваць птушкай? (Не, бо гаварыць не ўмее.)
Сям’я — душ двесце, а хата — усяго два локцi. (Гарбуз.)
Стаiць дубiшча, на iм — iльнiшча, а на льнiшчы — ржышча. (Стол, абрус, хлеб.)
За бярозавым гаёчкам засаўка валтузiцца. (Язык.)
Вiруе матылька, дзе сядае — там дзiрка. (Iскра.)
Круцiцца ажно цэлы век, але не чалавек. (Млын.)
У якога звера птушыныя сляды? (У выдры.)
Пеўнiк у роднай зямельцы, а косы наверсе. (Бурак.)
Першую любiш — ды нi ў кога не купiш, другую не любiш — ды нiкому не прадасi. (Маладосць i старасць.)

  Азбука для матулечкi-беларусачкi

Ты й — абразовая,
Ты i — адважная,
Ты i — адзiная,
Ты i — адкрытая,
Ты й — адмысловая,
Ты i — адчайная,
Ты i — адзёрная,
Ты i — азораная,
Ты й — аксамiтная,
Ты i — актыўная,
Ты i — аладкавая,
Ты i — алмазная,
Ты i — анёльская,
Ты i — ахвярная,
Ты i — ахоўная,
Ты i — баладная,
Ты й — белакрылая,
Ты й — беласнежная,
Ты й — беражлiвая,
Ты i — бiблейская,
Ты i — вiдушчая,
Ты i — вядомая,
Ты i — вялiкабеларуская.

Стась ВУСАЎ
Беларусi

З Дняпра i Нёмана нап’юся,
Дзень добры Полацка
мурам!
Сасне, дзе Нарач, пакланюся
I на Палессi журавам.

Жывi, красуй памiж народаў.
Не ведай гора i бяды,
Мы зберажэм тваю свабоду
I праз вятры, i праз гады!
Радзiма мiлая, Радзiма!
Зямля бацькоў, зямля
дзядоў.
Няма нiдзе такой — адзiнай,
Прымi сыноўнюю любоў.

Павел СТАНЕВИЧ

Сегодня наступает Новый
год,
А прожитое в прошлое
уходит,
Пусть Беларусь окрепшая
цветет,
Свою судьбу в столетиях
возводит.

Наполненный везенья и
удач,
Пусть этот год приносит
людям счастье,
И не раздастся горький
детский плач,
Невзгоды пусть исчезнут
и ненастья.

Сегодня наступает Новый
год,
Мы будем в этот вечер
веселиться,
И луч звезды нас в новое
зовет,
И каждый пусть к своей
мечте стремится.

Анатоль ЗЭКАЎ

З трыццаць першага
На першае
Згадваць нам, пакуль i жыць,
Тыя справы, што завершаны,
Тыя справы, што вяршыць.

Быццам бы вярстою межавай
Час раскроiў каляндар,
I ўжо кожны з нас усцешаны
Вышынёй уласных мар.

Мары недзе даляглядзяцца,
А за даляглядам тым,
Можа, нешта з iх
i спраўдзiцца,
Калi ж не — то не бяды.

Бо праз год усё
паўторыцца —
Марыць будзем зноў вось так
Мы пра тое, што не робіцца
I не вершыцца нiяк.

Ды няма нiчога грэшнага
У тым, што шмат не здзейснiў
ты:
З трыццаць першага
На першае
З лiшкам марыцца заўжды.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter