Жыве яе лiра нанова

Такой  назвай  аб’ядналi  ў  Шчучынскiм  раёне  мерапрыемствы, прымеркаваныя  да  130-годдзя  Алаiзы  Пашкевiч  (Цёткi)

Такой  назвай  аб’ядналi  ў  Шчучынскiм  раёне  мерапрыемствы, прымеркаваныя  да  130-годдзя  Алаiзы  Пашкевiч  (Цёткi)

Праз знакамiтыя на шчучынскай зямлi, а зрэшты i на ўсёй Гродзеншчыне, Васiлiшкi бяром кiрунак у вёску Стары Двор. Там, на сваёй малой радзiме, пахавана паэтка, i ўсе, хто далучыўся 2 лiпеня  да ўшанавання яе памяцi, кiпучай дзейнасцi i таленту, вырашылi найперш прыйсцi на яе магiлу, пакласцi кветкi, сказаць слова-ўспамiн. 

— А ў 1952 годзе я з шашы iшла сюды пехатою, — заўважыла пiсьменнiца i даследчык творчасцi Цёткi Лiдзiя Арабей. – Хацелася душой адчуць наваколле, ступiць па  тых сцежках, па якiх, магчыма, хадзiла Алаiза Сцяпанаўна. 

Менавiта дзякуючы карпатлiвай пошукавай рабоце, якую некалi правяла Лiдзiя Арабей, сённяшняе пакаленне беларусаў знаёма з лiтаратурным набыткам Цёткi. Пра гэта добра ведаюць на Шчучыншчыне. I таму першай сказаць слова пра паэтку-змагарку было прапанавана менавiта ёй.   

Аддаць данiну пашаны слыннай зямлячцы прыйшлi многiя жыхары Старога Двара i суседнiх вёсак. Мясцовыя ўлады паклапацiлiся, каб добраўпарадкаваць надмагiльны помнiк. Дзякуючы iх рупнасцi месца пахавання ператварылася ў кампактны мемарыял, якi наўкол абступаюць векавыя дрэвы.  

У гэты дзень былi яшчэ сустрэчы ў гарадскiм пасёлку Астрына, дзе мясцовая сярэдняя школа носiць iмя Цёткi, а таксама ў Шчучыне каля помнiка паэтцы. Пра яе клопаты  аб простых беларусах, пра рэвалюцыйны запал, грамадскiя справы гаварылi кiраўнiкi раёна, паэты Навум Гальпяровiч, Вiктар Шнiп i iншыя ўдзельнiкi гэтых цiкавых iмпрэз. 

 «Яе жыццё было няспынным гарэннем...» — так характарызавалi сучаснiкi Алаiзу Пашкевiч. Яна здзiўляла ўсiх невычэрпнай энергiяй, юначай няўрымслiвасцю, палымянай захопленасцю асветнiцтвам. Нарадзiўшыся ў шляхецкай сям’i, яна тым не менш цалкам прысвяцiла сябе падтрымцы беларускай мовы, выдала кнiжку «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». 

Лiтаратурная спадчына Цёткi не надта вялiкая. Выйшлi ўсяго два зборнiкi вершаў — «Скрыпка беларуская» i «Хрэст на свабоду». Але яны прасякнуты высокай верай у беларуса, у яго здольнасцi, спа­дзяваннем убачыць свой край заможным i незалежным.    

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter