Вясковая настаўніца: жыве толькi той, хто не для сябе жыве

Жыве толькi той, хто не для сябе жыве

Такі прынцып спавядае ветэран вясковага настаўніцтва Алена Фёдараўна Ігнатовіч
ХЛЕБАРОБАМІ, будаўнікамі, педагогамі і спецыялістамі іншых прафесій працуюць выхаванцы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Фёдараўны ІГНАТОВІЧ з барысаўскай вёскі Іканы. Пасля заканчэння Крычаўскага педагагічнага вучылішча з чамаданам канспектаў прыехала яна ў лясную вёсачку Вешкі, што паміж Бягомлем і Докшыцамі. Завочна закончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Амаль паўвека прысвяціла любімай прафесіі. З мужам Васілём Васільевічам выхавалі дзвюх дачок і сына.


Вясковыя інтэлігенты Ігнатовічы актыўна займаліся і грамадскай дзейнасцю. Дзякуючы іх ініцыятыве і старанню  на крутым пагорку ў вёсцы Іканы закладзены парк Герояў, дзе ўсталяваны тумбы гарадоў-герояў і бюсты Герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі гэты партызанскі куток ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш як тры дзесяцігоддзі аўдавелая Алена Фёдараўна на пенсіі, але актыўна працягвае грамадскую дзейнасць. Аднавяскоўцы выбралі яе старастай. Сваім землякам былая настаўніца прысвячае вершы, складае песні, на раённым конкурсе народнай творчасці не аднойчы станавілася лаўрэатам.

ГАСПАДЫНЯ хутара, што прытуліўся да лесу за крычаўскай вёскай Дзягавічы, Еўдакія Цануніна не мела аніякіх звестак пра мужа Фёдара, якога прызвалі на Першую сусветную вайну. Весці хутарскую гаспадарку дапамагала сястра Арына. Засявалі надзел, садзілі бульбу, травы касілі. Пасля таго, як Еўдакія нарадзіла першую дачушку, на мыліцах з двума Георгіеўскімі крыжамі вярнуўся з фронту гаспадар. Пакалечаны вайною Фёдар Іванавіч не мог за плугам хадзіць, касу ў руках трымаць. 

У пажары згарэла хата Цануніных. З дапамогай сваякоў пабудавалі новую ў вёсцы Дзягавічы. Уступілі ў ствараемы калгас. Фёдар Іванавіч рамантаваў збрую, віў вяроўкі, майстраваў драўляныя граблі і іншы інвентар. Жонка Еўдакія Савельеўна паміж родамі працавала ў калгаснай агароднай брыгадзе. Дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак нарадзіла, з якіх сем выжылі. 

Навучэнка Крычаўскага
педвучылішча
Алена ЦАНУНІНА
(Ігнатовіч). 1950 год.
На калгасным полі вырошчвалі кок-сагыз. Дзеці Цануніных, як мурашкі, дапамагалі маці палоць выдзелены надзел. За працу ў калгасе ўвосень атрымлівалі бульбу і збожжа. 

Ціхае сялянскае жыццё перабіла страшэнная вестка пра пачатак вайны. Мужчыны пайшлі на фронт. Адправіліся ваяваць і старэйшыя сыны Цануніных, Іван і Кузьма. Першыя тры дні фашысты ўладкоўваліся, а потым пайшлі па падворках рабаваць жыўнасць. Забівалі свіней, рэзалі кароў, курам і гусям адкручвалі галовы. Уварваліся і ў двор Цануніных. Гаспадыня стала прасіць, каб не забіралі ўсё, малых дзяцей няма чым карміць. Акупанты не звярталі на матчыны мальбы аніякай увагі. Праз нейкі час у хату да іх пасяліліся два нямецкія афіцэры. Старэйшы расказваў гаспадарам пра сваю сям’ю, што ў яго таксама ёсць дзеці і ён не хацеў ваяваць, але прымусілі. Калі атрымліваў з дому пасылкі, дзяліўся харчамі. Прыносіў газу для лямпы, запалкі, мыла, жменьку солі. А другі гітлеравец лютаваў. На другім баку вуліцы стаяла кухня, і ад’ютанты прыносілі адтуль афіцэрам ежу. Калі затрымліваліся, то раз’юшаны немец доўга лаяўся.

Калі зяць Цануніных Пётр Шураеў пайшоў служыць у паліцыю, сваякі не маглі дараваць яму, а потым даведаліся, што ён выконваў партызанскае заданне. Падпольшчык папярэджваў народных мсціўцаў пра плануемыя карніцкія аперацыі, перадаваў праз жонку спісы моладзі, якія складалі паліцаі для адпраўкі ў нямецкае рабства. 

Каб уберагчы сваіх дзяцей ад вывазу ў Нямеччыну, Фёдар Іванавіч у хаце за печчу замаскіраваў куток, куды ў час аблавы хаваліся дзеці. Але дачку Маню не ўратаваў. Фашысты схапілі яе і адправілі з моладдзю на працу ў Германію. 

Пешшу з акупаванага фашыстамі Мінска з немаўляткам на руках дабіралася да бацькоў старэйшая дачка Еўдакія, якая да вайны закончыла медвучылішча, выйшла замуж і працавала медсястрой у сталіцы. Па дарозе трапілі пад бамбёжку, і немаўля ад раненняў асколкам памерла. На фронце ў 1942 годзе загінуў яе муж. З прыходам Чырвонай Арміі Еўдакія папрасілася на фронт. Санітаркай закончыла Вялікую Айчынную вайну ў Японіі. Адзін з сыноў Цануніных, Іван, дайшоў да Берліна і дамоў вярнуўся з двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны першай ступені і медалём “За адвагу”.  Старэйшы сын Кузьма загінуў на вайне. Родныя шукалі, дзе ён пахаваны, але і дагэтуль невядома.

Сям’я Цануніных шмат перажыла за акупацыю.

Перад адступленнем фашыстаў у Дзягавічы ўварваліся на матацыклах карнікі і з двух бакоў падпалілі вёску. Пажар ужо падступаў да хаты Цануніных, але пайшоў дождж і спыніў агонь. Згарэла і школа. З восені 1943 года навучэнцы хадзілі на заняткі ў суседнюю вёску Зарубец.

Фёдар Іванавіч і Еўдакія Савельеўна імкнуліся сваім дзецям даць адукацыю. Еўдакія яшчэ да вайны стала медсястрою, Мікалай шафёрам, а Іван, Марыя і Ганна атрымалі дыпломы настаўнікаў. Малодшы сын Анатоль стаў ваенным лётчыкам.

У ПАСЛЯВАЕННЫЯ гады паступіла ў медвучылішча дачка Алена. З першых  заняткаў адчула, што медыцына — не для яе, і вярнулася дамоў. Але бацькі настаялі, каб вучылася. Упартая дачка забрала дакументы і перавялася ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча, якое паспяхова закончыла і атрымала размеркаванне на працу ў Мінскую вобласць. У сталіцы яе разам з іншымі маладымі спецыялістамі накіравалі ў былы Бягомльскі раён. За імі прыслалі грузавік. Праехалі палавіну дарогі, і сярод лесу ён зламаўся. Жнівеньская ноч выдалася прахалоднай. Грэліся каля распаленага вогнішча і толькі раніцай дабраліся да Бягомля, дзе іх сустрэў загадчык раённага аддзела адукацыі Аляксандр Лях. У худзенькай Алены Цанунінай пацікавіўся, чаму яна ў шынялі, і пачуў, што гэта паліто, якое пашыта з прэзентаванай братам-франтавіком Іванам вайсковай вопраткі. 

Маладая настаўніца папрасіла накіраванне ў самую аддаленую вёску. Хацела крыху абжыцца. У глухой вёсачцы Вешкі ўладкавалася на кватэру да адзінокай бабулькі. Харчавалася бобам, бульбай ды гарохам. Хлеба не было з чаго пячы. На раённыя настаўніцкія нарады дабіралася пешшу за трыццаць кіламетраў. 

Праз год яе перавялі працаваць у дзіцячы дом, што знаходзіўся побач з Бягомлем, у вёсцы Бабцы.

НА РАЁННАЙ нарадзе пазнаёмілася з педагогам Васілём Ігнатовічам, які зацікавіў яе. Неўзабаве дзіцячы дом пераехаў у Барысаў, і настаўніцу накіравалі ў вёску Бераснёўку, дзе дырэктарстваваў той самы Васіль Васільевіч, за якога неўзабаве выйшла замуж. На вясельную вечарыну запрасілі калег. Прыехалі сваякі. Сястра Еўдакія прывезла падушку і коўдру ў пасаг. 

— У сельсавеце атрымалі пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу, і я перайшла на прозвішча Ігнатовіч, — узгадвае Алена Фёдараўна. — З мужам кватаравалі ў сям’і гаспадара з шасці чалавек. Жылі пад адным дахам у невялічкім пакойчыку.

Мы з мужам завочна вучыліся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Ён атрымаў дыплом з адзнакай і прызначэнне дырэктарам васьмігодкі ў вёску Іканы, якую ў гады вайны фашысты знішчылі дашчэнту. Карнікі расстралялі і спалілі ў адрыне 587 жыхароў.

Сяляне туліліся ў зямлянках і паступова адбудоўваліся. Іканаўскія школьнікі вучыліся ў суседняй Клюндзеўцы.  Пачалі будаваць новую школу ў Іканах. Тэхнічныя работнікі, настаўнікі і калгаснікі тралявалі лес і вывозілі, ладзілі зруб. Узвялі два пакоі, а потым паступова прыбудоўвалі. У першыя гады ў Іканаўскай сярэдняй школе вучылася звыш чатырохсот дзяцей і працавала 42 настаўнікі. Нарадзілася наша першая дачушка, Галіна.

— Алена Фёдараўна, а свой дом калі вы пачалі будаваць?

— Пасля таго, як справіліся са школай. Нанялі цесляроў, абеды ім гатавалі. Амаль увесь заробак аддавалі на будоўлю. Прасторны дом узвялі. Яшчэ дачушка і сынок у нас нарадзіліся. Мае бацькі жылі далёка, на Магілёўшчыне. Бацька мужа ў час вайны на міне падарваўся. Свякроў моцна хварэла і доўга не пражыла. Дзяцей выхоўвалі самі. Ад бацькоў з Крычаўшчыны прывезлі карову Ластаўку. Вельмі малочная была. Свіней завялі. Старэйшая дачушка Галя заставалася  дома за няньку. Глядзела малодшых Наташку і Ігарка. Закрыем дзяцей у хаце і бяжым праз канаўку ў школу. На вялікіх перапынках зазірнём дамоў — і зноў у школу. Акрамя ўрокаў, яшчэ і грамадскімі справамі займаліся.

— Па сваёй ініцыятыве ці гэта быў абавязак?

— Нас нават стрымлівалі. Зацікавіліся мы з мужам гісторыяй вёскі Іканы, назва якой пайшла ад маёнтка, дзе жылі браты-мастакі і пісалі абразы. Вёску і назвалі Іконы, а ў даваенныя гады масавага атэізму перайменавалі ў Іканы. Праз лес — вядомае возера Палік, дзе загінулі тысячы партызан у час блакады. У гэтай мясцовасці актыўна дзейнічала брыгада дзядзькі Мікалая Лапаціна, Героя Савецкага Саюза. У 1964 годзе ўзнікла ідэя стварыць у школе музей баявой славы. Размясцілі яго ў перавезеным будынку пачатковай школы. Дапамагалі настаўнікі і вучні. 

— Алена Фёдараўна, вы з мужам былі на вачах у аднавяскоўцаў. Трэба было заўсёды  высока трымаць планку інтэлігента. Вам гэта ўдавалася?

— Інтэлігентнасць патрабуе культуры знешняй і ўнутранай. У цяжкі пасляваенны час вымушаны былі трымаць гаспадарку. Нас, як літаратурнага коласаўскага настаўніка Лабановіча, вяскоўцы паважалі. Імкнуліся быць інтэлігентамі ва ўсім: паводзінах, адносінах да людзей. Выганю раніцай карову на луг, прыгатую абед дзецям, пераапрануся і бягом у школу. А вечарамі яшчэ да некаторых вучняў трэба было зазірнуць, з бацькамі пагутарыць.

Настаўнік варты высокіх заробкаў. Ад яго працы ў многім залежыць будучае нацыі. 

Мой муж ніколі двойчы кашулю не апранаў. Пральных машын, хімічных парашкоў, з-пад крана гарачай вады не было. Ледзьве паспявала ўпраўляцца. Сшыткі начамі правярала, планы ўрокаў пісала. І пра сваіх дзяцей трэба было дбаць. 

— Старажытны вучоны Піфагор адзначаў, што жыццё чалавека падобна на ігрышча. Адны на яго прыходзяць паспаборнічаць, іншыя гандляваць, а трэція, самыя шчаслівыя, на ўсё гэта глядзець. Да якіх сябе адносіце?

— Бясспрэчна, да тых, хто неабыякавы і не можа без справы. Спаборнічаю ўсё жыццё. Хачу быць карыснай свайму народу, краіне. Амаль паўвека любімай справе прысвяціла. А ў гэтыя немаладыя гады старастай ужо сем гадоў. 

— Няўжо мужыкоў не знайшлося. Як у той прыказцы, што адна жанчына мацнейшая за тысячу мужчын. Гэта, пэўна, пра вас?

— Мо і пра мяне. Нядаўна пасля стыхіі трэба было тэрмінова рамантаваць лінію электраперадачы. Па тэлефоне паведаміла ў раённыя электрасеткі, і электрыкі з вёскі Мсціж прыехалі, усё адрамантавалі. Людзі выказвалі ўдзячнасць. 

Людзі чуйна на ўсё рэагуюць. Незадаволены, што калгас далучылі да суседняга, закрылі сярэднюю школу. Толькі сельсавет застаўся. Былая вялікая вёска Іканы старэе. Моладзь выбірае іншыя месцы для жыцця.

Сустрэлася з былым вучнем Паўлам. Шкадлівым быў у дзяцінстве. Трапныя мянушкі даваў. Маленькага росту настаўніцу празваў Мышкай, якая паўзе на ўрок. Майго мужа Васіля Васільевіча, які дбаў пра тых, каго ўжо няма, абазваў папом. 

На адным з урокаў убачыла на яго парце падручнік па беларускай літаратуры з выкалатымі вачамі пісьменнікаў. Ніколі рукою вучняў не кранала, а тут не ўтрымалася і кніжкай адлупіла яго. І самой дрэнна стала. Села за настаўніцкім сталом і заплакала. Такім Пашка і застаўся. Папракае мяне, што мала калашмаціла. У 42 гады не мае сям’і, спецыяльнасці. 

Мае дочкі, Галіна і Наталля, атрымалі адпаведную адукацыю і жывуць у гарадах. Унукаў і праўнукаў падарылі. Першая мая ўнучка Лена тры гады, пакуль яе мама атрымлівала другую вышэйшую адукацыю, у вёсцы жыла і ў школу хадзіла. Сыны дачкі Наталлі, Дзяніс і Юрка, з Тальяці самалётам на канікулы ў Беларусь ляцелі. 

Сын Ігар пасля заканчэння сталічнага інстытута вярнуўся ў родны калгас інжынерам-механікам. З жонкаю выхавалі дачку і сына. Два ўнукі Ігнатовічы падрастаюць. 

— Можна вас назваць шчаслівым чалавекам?

— Шчасце, калі ў дзяцей усё ў парадку. Другую палову жыцця жывеш для іх, а калі дачакаешся ўнукаў, то гэта ўжо трэцяя частка. Мне лёс падараваў і праўнукаў — Валерыю, Багдана і Цімоху. Жыве толькі той, хто не для сябе жыве.

— Род Ігнатовічаў ёсць каму працягваць...

— Ганаруся, што годныя ўнукі і праўнукі растуць. Не забываюць мой дом, дзверы якога заўсёды для іх адчыненыя. Столькі прыемных слоў выказалі ў мой дзень нараджэння, які супадае са святам Вялікай Перамогі.

Уладзiмiр СУБАТ

Барысаўскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Алены ІГНАТОВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter