Жыве памяць аб паэце

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ўрачыста адзначыў саракагоддзе з дня заснавання філіяла “Мікалаеўшчына”, які знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці.

Філіял музея на радзіме паэта быў адкрыты для наведвальнікаў у 1967 годзе згодна з пастановай ЦК Кампартыі Беларусі, што была прынята праз некалькі дзён пасля смерці Коласа, у 1956 годзе. Мемарыяльная сядзіба “Смольня” стала першым з чатырох аб’ектаў, што сёння складаюць комплекс філіяла музея. Тут ужо пасля смерці бацькі Коласа жыла яго сям’я: маці песняра, малодшыя сёстры і браты, а таксама нежанаты дзядзька Антось, якога праславіў таленавіты пляменнік у “Новай зямлі”. Лёс Якуба Коласа знітаваны са Смольняю. Менавіта сюды ў 1911 годзе Колас вярнуўся пасля вызвалення з мінскага астрогу, дзе ён сядзеў за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе. Тады, расказалі супрацоўнікі музея, ён пасадзіў у двары дзве ліпкі, якія зелянеюць кожную вясну і цяпер.
Сёння непадалёк ад Стоўбцаў працуюць яшчэ тры мемарыяльныя сядзібы — Акінчыцы, дзе нарадзіўся паэт, Ласток, дзе прайшло яго дзяцінства, і Альбуць, дзе будучы класік правёў юнацкія гады і адкуль паехаў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Але Смольня была і застаецца эпіцэнтрам коласаўскіх мясцін на Стаўб-цоўшчыне, расказала карэспандэнту “НГ” намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна Зайцава. Ніводнае мерапрыемства, не кажучы пра экскурсіі, не праходзіць без наведвання гэтай славутай сядзібы. Нядаўна тут была праведзена рээкспазіцыя, а да юбілейнай даты прымеркавана адкрыццё дзвюх тэматычных выстаў з фондаў музея.
Выстава “Пад Нёманаўскім сонцам” расказвае ў фотаздымках і дакументах пра жыццё і дзейнасць філіяла за чатыры дзесяцігоддзі.
— Шмат людзей плённа працавала ў Смольні на ніве коласазнаўства, — адзначае суразмоўца. — Адным з самых цікавых з іх быў Іосіф Міцкевіч — дзядзька Юзік, малодшы брат славутага беларускага паэта. Дзядзька Юзік усяго сябе аддаў высакароднай справе захавання і ўшанавання памяці свайго брата: задоўга да афіцыйнага адкрыцця філіяла праводзіў экскурсіі па сядзібе, якая помніла Коласа, чытаў наведвальнікам паэмы і вершы брата.
Шмат гадоў рупіўся тут і пляменнік Якуба Коласа, сын сястры народнага паэта — Міхаліны Уладзімір Міцкевіч. Уладзімір Іванавіч вёў карпатлівую збіральніцкую работу — запісваў успаміны родзічаў і мясцовых вяскоўцаў пра Коласа. Сёння гэтыя запісы сталі асновай экскурсійнага матэрыялу і шматлікіх навуковых даследаванняў.
Другая выстава — “Лёс сяброўства” — прымеркавана да 95-годдзя сустрэчы двух вялікіх беларускіх пісьменнікаў (дарэчы, сімвалічна, што і гэты юбілей прыпадае на 2007 год, названы Годам Купалы і Коласа). Адбылася гэта сустрэча, якая залажыла аснову сяброўства класікаў, у 1912 годзе.  Доўгі час Колас і Купала ведалі адзін аднаго завочна, па публікацыях у “Нашай ніве”. Натуральна, што два буйнейшыя таленты таго часу захацелі пазнаёміцца. І ў адным з лістоў Колас запрасіў Купалу да сябе, у Смольню. Купала дабраўся да Стоўбцаў на цягніку і, шукаючы Смольню, заблудзіўся. Толькі надвячоркам ён выйшаў да Нёмана і па яго ўзбярэжжы дайшоў да Смольні. Да нашых часоў захавалася хата, што памятае першую сустрэчу двух паэтаў. З пачатку мінулага стагоддзя засталося няшмат рэчаў, напрыклад, стары самавар, з якога гаспадар наліваў госцю гарбату...
Асновай экспазіцыі абедзвюх выстаў сталі мастацкія партрэты песняроў розных аўтараў, рэдкія фотаздымкі.
— Сярод фотаздымкаў ёсць сапраўды унікальныя, — адзначае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — У прыватнасці, здымак, зроблены, калі Купала і Колас разам ехалі на юбілей Тараса Шаўчэнкі...
Удзельнікамі свята сталі беларускія літаратары, пісьменнікі — землякі Коласа, дырэктары рэспубліканскіх музеяў, а таксама родныя песняра: з бліжэйшых сваякоў класіка — яго сын, Міхась Канстанцінавіч, унучка Вера Данілаўна Міцкевічы. Коласаўскія радкі гучалі над роднымі мясцінамі песняра, хараство якіх некалі выпеставала гэты надзвычайны талент.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter