Жывая вада крыніц

Крыніцы заўсёды былі надзелены асаблівай святасцю, да іх ставіліся з павагай, ушаноўвалі. Цуд раптоўнага з’яўлення крыніцы звязвалі з нябеснымі боствамі і  хрысціянскімі святымі. На месцы з’яўлення шматлікіх ікон Боскай Маці і сёння б’юць крыніцы з гаючай вадой. Калі людзі знаходзілі такую крыніцу, то абавязкова ачышчалі яе ад пяску і ламачча, ставілі невялікі зруб, а побач узводзілі капліцу з абразамі Боскай Маці і святой Параскевы-Пятніцы.  Шматлікія гістарычныя запісы сведчаць пра тое, што побач са святымі крыніцамі праводзіліся масавыя набажэнствы, выконваліся абрады выклікання дажджу. Да іх прыходзілі пакланіцца, прынесці святочную ахвяру, а часам і паваражыць, каб зазірнуць у далёкую будучыню.
І ў святы, і ў будзённыя дні да крыніц прыходзілі, каб засцерагчы сябе ад хвароб або атрымаць пазбаўленне ад ужо напаткаўшых цяжкіх немачаў. Крынічнай вадой аблівалі адзін аднаго, купалі дзяцей, бралі ваду з сабой, каб прыкладаць да хворых месцаў, каб выконваць розныя абрадавыя і магічныя дзеянні. У шматлікіх славянскіх замовах гаворка ідзе пра тую самую “жывую” ваду, якую бралі з крыніцы і якая хуткім вірам “змые” хваробы, грахі, нагаворы, сурокі, спуды, смутак і г. д.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter