Жывая памяць

Часам у камандзiроўках сустракалася нешта надзвычай яркае, нават неверагоднае...

Нявыдуманыя гiсторыi пра вайну

Часам у камандзiроўках сустракалася нешта надзвычай яркае, нават неверагоднае. Яно паспешлiва пазначалася ў блакноце то ў выглядзе трапных слоў, то назвай тэмы, то тэзiсамi для цiкавага аповеду. Нiбы зярняткi ў глебе, гэтыя занатоўкi цярплiва чакалi свайго часу, каб з’явiцца на свет спелымi каласамi нечаканага ўраджаю.

Кедры для Сцяпана

— Ну вось, Сцёпа, i сустрэлiся, — глухiм, дрыжачым голасам вымавiў Iван Рыгоравiч Вайлошнiкаў. — Доўга да цябе дабiраўся, але давёз да твайго апошняга прытулку нашы сiбiрскiя кедры…

Паразмаўляў яшчэ стары ветэран з даўно загiнуўшым сябрам. Быццам з жывым. Затым выкапаў дзве невялiкiя ямкi i пасадзiў у iх нязвыклыя для беларускага краю кедры. Якраз ля падножжа вышынi, шчодра палiтай крывёю многiх савецкiх воiнаў. I Сцяпанавай таксама.

За шэраг гадоў на так званай Цiхмянаўскай вышынi ў Лёзненскiм раёне з’явiўся цэлы мемарыял. Ён створаны на сродкi i пры ўдзеле ветэранаў 99-й цяжкай артылерыйскай Нёманскай ордэнаў Суворава i Кутузава брыгады рэзерву Вярхоўнага галоўнакамандавання. У гонар тых, хто не дачакаўся светлага Дня Перамогi. Iх iмёны i прозвiшчы навечна запiсаны на каменных плiтах. У тым лiку – артылерыста Сцяпана Фёдаравiча Шастакова.

З далёкай Сiбiры за тыдзень з лiшкам цягнiкамi i аўтобусамi аднапалчанiн загiнуўшага героя даставiў кволыя саджанцы да месца былых баёў. Пiльна сачыў, каб не перасохлi карэньчыкi ў жменьцы сiбiрскай зямлiцы.

I давёз-такi, i высадзiў ля падножжа вогненнай вышынi! Прыжылiся кедры i вымахалi ў журботным страi разам з беларускiмi бярозкамi, лiпамi, дубкамi i клёнамi. Яшчэ нейкi час прыязджаў да iх стары салдат, а потым перапынiлiся гэтыя шчымлiвыя спатканнi. Хутчэй за ўсё, сустрэлiся аднапалчане ў вечнай прасторы. А на зямлi аб шчымлiвай i нязгаснай салдацкай дружбе нагадвае незвычайны жывы помнiк.

Пяць тысяч марак за галаву

Чэрвень 1942 года. Да блiндажа, дзе размяшчаўся штаб партызанскай брыгады Аляксея Данукалава, галопам падляцеў коннiк. Упэўненая пастава ў сядле. На галаве папаха з чырвонай стужкай наўскасяк. Ганарлiвая маладзецкая выпраўка. Джыгiт, ды i толькi! Толькi голас выдае сарвiгалаву жаночага звання.

— Таварыш камбрыг! Дазвольце далажыць: у вёсцы Заверына праведзены сход камсамольцаў-падпольшчыкаў. Многiя просяцца ў партызаны…

— Малайчына, Тамара! — усмiхнуўся ў пышныя вусы Аляксей Данукалаў. — Трымай з моладдзю сувязь, але ўсiм у партызаны нельга. Свае людзi патрэбны паўсюль. А вось ты будзь больш асцярожнай. Хоць i на сваёй зямлi, але ў такiм уборы ды яшчэ з чырвонай стужкай на папасе небяспечна… Усё роўна як перад быкамi. Ты i так у фашыстаў дужа знакамiтая. Пачытай вось пра сябе…

I камбрыг падаў дзяўчыне загад мясцовага каменданта гiтлераўскага гарнiзона. Вялiкiмi лiтарамi ў тэксце на рускай мове паведамлялася: «Кто поймает и доставит в руки немецкого командования бандитку-партизанку Тамару, тот получит в награду 5 тысяч марок».

Пасмяялiся. Але ж i задумалiся. Нездарма фашысты вынайшлi такую пастку. Толькi цi знойдзецца скнара-юда, якi прадасць патрыётку за варожыя срэбранiкi?

Ужо ў першыя месяцы акупацыi вiцебскай зямлi Тамара Дубоўка здолела згуртаваць вакол сябе сотнi маладых людзей з вёсак Замшына, Веляшковiчы, Заверына, Мiхайлова i Альхавiк. У акрузе дзейнiчалi падпольныя групы, якiя няспынна шкодзiлi акупантам. Тады яшчэ не ведалi пра маладагвардзейцаў з украiнскага Краснадона, але i на беларускай зямлi як грыбы пасля дажджу раслi падпольныя групы мсцiўцаў. На чале Лёзненскага падпольнага райкама камсамола i адначасова памочнiкам камiсара партызанскай брыгады Аляксея па камсамолу прызначылi Тамару Дубоўку. У той час не працавала радыё, не было тэлебачання. Але народ ведаў праўду пра становiшча на франтах з лiстовак. Iх распаўсюджвалi па ўсiх вёсках “малада­гвардзейцы” Тамары Дубоўкi.

Выхаванка Вiцебскага абкама камсамола не трапiла ў гiтлераўскiя лапы, хоць i не хавалася за чужыя спiны. Яна не была на фронце, але заслужыла такi ганаровы нават у франтавiкоў ордэн Чырвонай Зоркi. Ды i шмат яшчэ якiх узнагарод, у тым лiку медаль “Партызану Вялiкай Айчыннай вайны” I ступенi.

I гэта найлепшае пацвярджэнне таму, што падпольная i партызанская барацьба таксама з’яўлялася фронтам у тыле ворага. Жартам кажучы, патрыётка Тамара Дубоўка “зэканомiла” для ворагаў iх 5 тысяч марак. А вось шкоды i страт разам са сваiмi “маладагвардзейцамi” нанесла акупантам у сотнi i тысячы разоў болей.

Дайшла пячатка да Берлiна

Так атрымалася, што малады старшыня сельсавета Павел Папко атрымаў нечаканую позву з Чашнiцкага райваенкамата. Зборы ў той час былi кароткiя. Так i адправiўся кiраўнiк мясцовай улады на фронт, не паспеўшы здаць сельсавецкую пячатку куды трэба. Ды i калi было пра тое думаць?

Спачатку Павел Папко трохi збянтэжыўся, што ваяваць давядзецца з такой непрадугледжанай па вайсковым статуце “зброяй”. Але ж i пад роспiс пячатку нiкому не здасi. Урэшце разважлiвы вясковы галава супакоiў сябе тым, што савецкая ўлада не толькi на ягонай сцiплай пячатцы трымаецца. I таму побач з партбiлетам у нагруднай кiшэнi гiмнасцёркi акуратна схаваў i кавалачак атрыбутыкi вялiкай дзяржавы.

На фронце патомны селянiн не меў ахвоты да камандзiрскай улады. Проста сумленна бiў ворага. I за гэта атрымаў не толькi вышэйшую i самую пачэсную салдацкую ўзнагароду – медаль “За адвагу”, але i ордэн Чырвонай Зоркi, iншыя ўзнагароды. Дайшоў да Берлiна. I заўсёды трымаў побач з партбiлетам у кiшэнi гiмнасцёркi сельсавецкую пячатку.

Пашчасцiла выжыць. Вярнуўся франтавiк у родны Чашнiцкi раён. Як камунiст, з’явiўся ў райкам партыi, каб стаць на ўлiк. Разам з партбiлетам прад’явiў i знак сваёй ранейшай кiруючай пасады.

Сакратар райкама, якога цяжка было нечым здзiвiць, усклiкнуў:

— Няўжо ўсю вайну з пячаткай прайшоў?

Франтавiк па-ваеннаму коратка адказаў: “Так точна!”

Партыйны сакратар аказаўся асобай дасцiпнай. Таму рашэнне прыняў у адзiн момант:

— Малайчына, Павел Сямёнавiч! Рэальна ты даказаў, што савецкая ўлада ў агнi не гарыць i ў вадзе не тоне. Таму загадваю табе зноў прымаць сельсавет i кiраваць iм, колькi сiл хопiць!

Да 1953 года былы франтавiк Павел Папко працаваў старшынёй Цяпiнскага сельскага Савета. Затым партыя загадала яму ўзначалiць калгас “Перамога” ў сваiм жа Чашнiцкiм раёне. Праз два дзесяткi год кiравання калгасам ветэран вайны па ўзросце i стане здароўя пайшоў на пенсiю. Пры адпаведным настроi расказваў, як з малой пячаткай старшынi сельсавета прайшоў вялiкiмi дарогамi вайны да самага Берлiна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter