Жывая памяць

У  пошуках  будучынi  празаiк  Леанiд  Левановiч   па-мастацку  даследуе  рэальнасць

У  пошуках  будучынi  празаiк  Леанiд  Левановiч   па-мастацку  даследуе  рэальнасць 

У 1986 годзе Леанiд Левановiч выдаў раман «Шчыглы». Твор напiсаны ў традыцыйнай для беларускай лiтаратуры манеры пластычнага пiсьма, i ў гэтым была, вiдаць, галоўная прычына даволi стрыманых ацэнак з боку крытыкаў, нацэленых на абавязковае эксперыментатарства. Пiсьменнiк, тым не менш, заставаўся верным сваёй стылёвай манеры. У раманах «Паводка сярод зiмы» (1989), «Дзiкая ружа» (1993), «Сiняе лета» (2005), «Бесядзь цячэ ў акiян» (2007) першапачатковы матыў абпаленага вайной маленства перарос у праблему, эпахальная значнасць якой у прозе Кузьмы Чорнага ваенных год была па-фiласофску акрэслена ў загалоўку яго рамана: «Пошукi будычынi». На гэтым напрамку пiсьменнiк па-мастацку даследуе пласты сацыяльнай i духоўнай рэальнасцi, непадуладныя лiтаратарам, якiя задавальняюцца дэманстрацыяй эксперыментаў з iндывiдуальнага духоўнага вопыту, вызваленага ад гiстарычнай рэальнасцi. Первыя чатыры з названых раманаў Леанiда Левановiча супрацоўнiкi Дзяржаўнага музея Якуба Коласа прапанавалi вылучыць на Дзяржаўную прэмiю. Iх прапанова падтрымана Мiнiстэрствам культуры. 

Фальклорная традыцыя беларускай мастацкай хронiкi з’яўляецца для стылю Леанiда Левановiча арганiчнай i неадменнай стыхiяй, умовай i крынiцай духоўнага iснавання, не менш значнай, чым зямля, вада, агонь i паветра ў жыццi наогул. Паяднанасць з жыццёвай стыхiяй вызначае i напрамак мастацкага даследавання пiсьменнiка. Дзяцiнства ваенных год з яго тагачаснымi вясковымi радасцямi, пажарамi, бамбёжкамi, калецтвам, голадам, тыфам, менiнгiтам, стратамi i прагай чалавечага самасцвярджэння ў рамане «Шчыглы» стала камертонам, па якiм настройваецца сюжэтная дынамiка ўсяго цыкла, якi ў цэласным яго выглядзе можна квалiфiкаваць як «Прыдняпроўскую хронiку» — па аналогii са славутай «Палескай хронiкай». Малюнкi сялянскага жыцця ў гэтай хронiцы вырастаюць да сiмвалiчных вобразаў часу. Адзiн з прыкладаў творчай магутнасцi стылю — сцэна веснавога ворыва пасля выгнання фашыстаў, калi ў плуг запрагалiся не толькi дойныя каровы, але i былыя франтавiкi i жанчыны. Дапамогай з боку раённага кiраўнiцтва былi парады, як наразаць верхавiнкi для пасадкi бульбы i як рабiць пятнаццацi-хвiлiнныя перапынкi для каровы ў плузе. «Дык што, Мацвей, выходзiць мы за гэта кроў пралiвалi?» — абураецца дэмабiлiзаваны Пархвiр. Аднак назiральны Андрэйка ўбачыў, як хутка згас гнеў-пратэст франтавiка, калi Мацвеева жонка Кацярына па-свойму адрэагавала на ягонае абурэнне: «Памажы, браточак, — падыйшла да вайскоўца мацi. — Дзякуй богу, што вярнуўся жывы, здаровенькi». З падобных малюнкаў складваецца ў чытача ўсведамленне вiтальнай, жыццесцвярджальнай сiлы беларускага духу. Менавiта такая лiтаратура i адкрывае сёння нанова глыбiнныя, але занядбаныя рэсурсы нацыянальна-этнiчнай кансалiдацыi. 

Што да падзейнага раду ў карцiне быцця, то тут Леанiда Левановiча больш за ўсё цiкавiць узровень палiтычнага кiраўнiцтва чалавечай грамадой. Хронiка перапiскi кiраўнiкоў антыгiтлераўскай каалiцыi падаецца аўтарам як дакументальны фон, сюжэтна не звязаны з хронiкай вясковага жыцця. Аднак з рамана ў раман узрастае аўтарская цiкавасць да беларускай, як цяпер кажуць, вертыкалi. Паказваючы «раёншчыкаў» з вёскi, людзей працавiтых i адказных, аўтар не iмкнуўся да штучнага ўскладнення i расфарбоўкi характараў: у клопатах пра рапарты начальству, падпiску на дзяржаўную пазыку, нарыхтоўкi, падарункi для байцоў на фронце, нарэзаныя бульбяныя верхавiнкi, разваленыя ў клубе печы, вываз лесаматэрыялаў i спаборнiцтва — ва ўсiх гэтых клопатах, аздобленых iнтрыгамi, мала хараства i паэзii. У эстафеце людзей на пасадах няма яркiх фiгур, тут i рамантыкi ператвараюцца ў функцыянераў. Аднак у гэтай цягамоцiне хаваецца вялiкая небяспека для жыцця сацыяльнага. Цэнтр патрабуе тэрмiновага i датэрмiновага выканання i перавыканання нарыхтовак. Загадчык нарыхтоўчай канторы з «жалезным» кулаком, напаўпiсьменны Крупадзёраў, стаў сапраўдным героем, перад якiм схiляецца нават лабанаўскi сакратар райкома партыi. Леанiд Левановiч стварае новую, глыбока дэтэрмiнаваную мадыфiкацыю створанага Васiлём Быкавым квазiсвайго чалавека з вертыкалi, расчалавечанага службай у сiстэме нарыхтовак. Выдатным мастацкiм адкрыццём з’яўляецца i карцiна краху фанатычна адданага партыйнай дырэктыве аскета ў шынялi — старшынi сельсавета Свiдэрскага. Рэдукцыя чалавечых запатрабаванняў заканамерна прывяла яго да чалавека-ненавiснiцтва. Псiхалагiчная матывацыя эвалюцыi Свiдэрскага ў «тэарэтыка» здзейсненага забойства i самагубства стаiць на ўзроўнi з лепшымi ўзорамi рэалiстычнага псiхааналiзу ў класiчнай лiтаратуры. Трагедыя беларускага нацыяналкамунiзму на сучасным этапе адлюстравана ў пятым рамане створанага Леанiдам Левановiчам цыкла. 

У хранiкальным цыкле раманаў прывiд смерцi з’яўляецца своеасаблiвым двайнiком чалавека эпохi татальнага сучаснага крызiсу — быцця ў «ваўчынай яме». Аўтар адкрывае ў сваiх творах пласты беларускага духу, здольнага перамагчы любыя праявы некрафiльства. Дарэчы будзе заўважыць, што ў лiтаратуры i жывапiсе выхадцаў з Прыдняпроўя на гэтым жыццесцвярджальным матыве трымаюцца вышэйшыя дасягненнi беларускай фенаменалагiчнай, у аснове сваёй фальклорнай, эстэтыкi. Можна назваць дзесяткi прозвiшчаў выдатных творцаў, якiя, «да людзей iдучы» (А. Пысiн), адкрылi вялiкiя духоўная рэсурсы асобы ў яднаннi з усеагульнай мацi-багiняй Прыродай. Далёкiя продкi адчувалi сiлу гэтай повязi i назвалi сябе радзiмiчамi, замацаваўшы гэтым важнейшы напрамак жыццядзеяння. 

У прозе Леанiда Левановiча сцвярджаецца актуальная неабходнасць умацавання беларускай грамады на грунце пачуцця роднасцi асобы са скарбамi Бацькаўшчыны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter