Жыватворныя крынiцы Полаччыны

Крынiц на Беларусi шмат, але ў кожным раёне вам назавуць сваю, асаблiвую, са шматлiкiмi гаючымi ключамi, якiя выносяць на паверхню ваду чыстую, халодную, празрыстую i абавязкова лекавую. Раней лiчылi iх святымi, ставiлi побач крыжы, малiлiся, калi доўга не было дажджу, i ў любое надвор’е пакланялiся жыватворнай вадзiцы. Яна ўсяляла надзею на выздараўленне нават самым цяжкiм хворым, а ў роспачныя душы — аптымiзм.
Сучасная навука абгрунтавала людскiя спадзяваннi на святую крынiчную ваду: прырода разумна збалансавала ў ёй многiя хiмiчныя элементы, якiя даюць нам моц i сiлу, прыгажосць i надзею. Вось i ля крынiцы ва ўрочышчы Кавалеўшчына непадалёк ад аграгарадка Гомель пад Полацкам навялi парадак, пабудавалi маленькую набярэжную ля возера, добраўпарадкавалi месца, адкуль б’юць жыватворныя струменi, зрабiлi воддаль стаянку для машын i пешаходную сцежку да гаючага месца. Побач размясцiлi i спецыяльны стэнд, дзе прыводзяцца звесткi аб якасцях вады, даследаваных спецыялiстамi. Частка работ выканана будаўнiчым упраўленнем № 141 г.Полацка, частку працягвае Полацкi водаканал.
На ўзгорку стаiць невялiкая вёсачка Гаравыя. I мясцовыя жыхары могуць расказаць шмат гiсторый пра сваю крынiчку. Нiхто ўжо i не памятае дату яе “нараджэння”: спакон веку служыць крынiчка людзям, мацуе сiлы i ўсяляе надзею. Шмат “пабачыла” вадзiца, была сведкай радасцей, трывог i надзей. У час Вялiкай Айчыннай вайны прама праз вёску Гомель i навакольныя населеныя пункты, палi i ўрочышчы пралягала лiнiя абароны Полацка даўжынёй за 40 кiламетраў. Тры тыднi тут стаяў фронт, iшлi бесперапынныя жорсткiя баi. Вяскоўцы ўпэўнены, што гаючыя воды крынiчкi не раз дапамагалi наталiць смагу нашым байцам i адстаяць старажытны Полацк.
Можна не верыць у цудадзейнасць простай вады, якая б’е ключом з-пад зямлi. Можна проста адпачыць тут, за некалькi кiламетраў ад трасы Лепель—Полацк, размяць здранцвелыя рукi, што стамiлiся за “баранкай”, дапамагчы вачам, пачырванелым ад неабходнасцi пiльна сачыць за дарогай. Перадыхнуць у цяньку, памыцца вадзiцай, прагнаць смагу, паназiраць за птушкамi над азёрнай роўняддзю...
Адчуўшы палёгку, ваша сэрца абавязкова напоўнiцца ўдзячнасцю i павагай да тых, хто клапоцiцца пра гiстарычныя мясцiны. Пра святую крынiцу, а значыць, пра ўсiх добрых людзей, пра нас з вамi.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter