Беременность в самом соку: в чем интрига второго сезона сериала “Ой-ма-моч-ки!”

Жывата не шкадуюць

За дванаццаць серый фільма «Ой, ма-мач-кі!» чаго толькі гледачы не ўбачылі: і плакаць, і смяяцца даводзілася. Для поўнага хэпі-энду не хапала толькі зацяжараць галоўнай гераіне. Але гэтага не адбылося. І гледачы сталі чакаць працягу. Чакаць прыйшлося доўга — амаль пяць гадоў. Прэм’ера ў пачатку 2018-га, а пакуль мы зазірнулі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця», дзе і зараз «працуе» Вера Міхайлаўна.

Рэжысёр Іван ПАЎЛАЎ (справа) сам двойчы бацька і можа кансультаваць па некаторых «жаночых» пытаннях
Фота Артура ПРУПАСА

Інтрыга другога сезона серыяла адкрылася з першай хвіліны нашага з’яўлення на здымачнай пляцоўцы: Вера Палякова выйшла насустрач з жывоцікам. «Цяжарнасць» актрысе да твару. «Мне ўсе гавораць, што я добра так выглядаю і «адпраўляюць» мяне за трэцім, — смяецца галоўная гераіня. — Я адмаўляюся. Лепш буду чакаць унукаў: старэйшы сын ужо дарослы. А за Веру Міхайлаўну я так рада! Разумееце, для гледача гэта гісторыя пасля першага сезона была не завершана. Я з самага пачатку верыла, што кіраўніцтва кінастудыі рана ці позна вернецца да гэтага фільма і зробіць працяг».

А вось для рэжысёра «Мамачак» Івана Паўлава ўсё выглядала не так відавочна. Нават той факт, што гэты фільм ледзь не адзіны за апошнія дзесяцігоддзі для «Беларусьфільма», які акупіўся, не гарантаваў здымак яго працягу. Для Паўлава галоўнае — станоўчы вынік. Калі б гледачы не прынялі серыял, то трэба было б ставіць кропу. А тут высокія рэйтынгі, добрыя водгукі. Але ніхто не думаў, што працяг будзе толькі праз пяць гадоў.

Сцэнарый Юлія Ляшко і Людміла Перагудава напісалі хутка, але былі іншыя стрымліваючыя абставіны. Першае — фінансаванне, другое — незгаворлівасць расійскіх партнёраў. Яны так «пачыталі» сцэнарый, што ад першапачатковага варыянта амаль нічога не засталося. Карэкціравалі не толькі гісторыі парадзіх, але і ўрачэбную лінію. І калі Паўлаў хацеў здымаць добры, жыццясцвярджаючы фільм, то масквічы настойвалі на адваротным: патрэбны негатыў, экстрэмальныя сітуацыі — такая кан'юнктура кінарынку. Па іх версіі, кожная сцэна павінна была пачынацца гукамі «хуткай», якая везла ў радзільны дом будучую мамачку. Рэжысёр жа настойваў, што працяг павінен быць у той жа стылістыцы, што і першы сезон. Сённяшні сцэнарый Паўлаў не можа назваць сваёй перамогай, бо бакам прыйшлося ісці насустрач адзін аднаму. Але ў чым не сумняваецца:

— Атрымаецца серыял пра каханне, але ніяк не пра ўрачэбныя подзвігі. Расказваць пра нюансы работы гінеколагаў — такой мэты ніколі і не было. І не трэба параўноўваць нас з медыцынскімі фільмамі.

Але Вера Міхайлаўна ў серыяле сапраўдны прафесіянал. А яшчэ добрая, уважлівая, з пачуццём гумару.

«Дзе вы бачылі такіх гінеколагаў?» — была асноўная прэтэнзія гледачоў да Паляковай. Але актрыса настойвае, што доктар, якая назірала за яе другой цяжарнасцю і была побач у самы адказны момант менавіта ў гэтых самых калідорах РНПЦ «Маці і дзіця», такая і ёсць. Менавіта з яе і ствараўся характар Веры Міхайлаўны.

Дарэчы, гэта імя тут невыпадковае: актрыса папрасіла, каб яе гераіню звалі, як і яе гінеколага. І ведаеце, што сказаў дырэктар РНПЦ Канстанцін Усцінавіч Вільчук пасля першага сезона? «Гэты фільм трэба паказваць як дапаможнік для ўрачоў. Вы паказалі ідэальнага доктара: як ён павінен выглядаць, якія ў яго павінны быць стасункі з калегамі, адносіны да пацыентаў». Цікава, што за 12 серый дактары зрабілі Паляковай толькі адну заўвагу: у працэдурным кабінеце яна знаходзілася без шапачкі.

На лаўры сапраўднага доктара Палякова не прэтэндуе, хаця смяецца, што асістэнтам акушэркі ўжо магла б працаваць. А вось для маладых актрыс, якія выконваюць ролі парадзіх, яна лепшы дарадчык. Тым больш што многія з іх яе былыя студэнткі па акадэміі мастацтваў. У першым сезоне «мамачкамі» былі ўсе самыя яркія беларускія актрысы ва ўзросце каля трыццаці. Зараз у радзільным доме новае пакаленне.
Героі Веры ПАЛЯКОВАЙ і Ігара СІГОВА рыхтуюцца стаць бацькамі
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА

Гераіняй у адной з серый стане Марыя Возба. Тая самая, што ў 14-гадовым узросце прачнулася вядомай пасля фільма Аляксандра Яфрэмава «Дунечка». Пасля ў яе было яшчэ некалькі менш прыкметных роляў, а потым дзяўчынка наогул развіталася з акцёрскай прафесіяй. «Ой, ма-мач-кі!» можна лічыць яе вяртаннем у кіно:

— У Тэатры юнага гледача, дзе я зараз працую, амаль усе маладыя дзяўчаты ў гэтым годзе выйшлі замуж. Некаторыя здымаюцца ў гэтым фільме. І мне страшна ўявіць, што будзе з кіраўніцтвам тэатра, калі ўсе так дружна пойдуць у дэкрэт. Бо тут мы — як на рэпетыцыях будучых родаў. Ведаеце, як жываты, што нам чапляюць, уплываюць? Праз некаторы час пачынаеш адчуваць сябе сапраўды цяжарнай: бясконца пагладжваеш жывот, ходзіш павольна, увесь час хочацца спаць. Псіхасаматыка нейкая.

Марыіна калега па тэатры Елізавета Фалей нават шкадуе, што ёй прыходзіцца іграць без жывата. Яна таксама марыць стаць мамай, але пакуль яна па іншы бок — выконвае ролю медсястры. 22-гадовая актрыса ўжо двойчы здымалася ў такой ролі, праўда, яе папярэднія гераіні былі адмоўнымі персанажамі. Цяпер жа яна літаральна ззяе на пляцоўцы:

— Так хочацца, каб мне ў радзільным доме сустрэліся такія дактары, як Вера Міхайлаўна, і такія медсёстры, як мы.

«Мы» — гэта Фалей разам з Янай Каспяровіч. Яна — сапраўдны акушэр-гінеколаг з дваццацігадовым стажам. У кіно яна таксама не навічок: за няпоўныя дзесяць гадоў больш за дваццаць роляў:

— Кінематоргаф — гэта як мая другая прафесія. Я ўдала спалучаю работу ў медцэнтры і на здымачнай пляцоўцы. Вядома ж, часцей за ўсё мне даюць ролі медыцынскага персаналу, таму мне нават не трэба ўваходзіць у вобраз. Усе дзяўчаты так дакладна іграюць, што мая дапамога ім не патрэбна. Вельмі рэдка раблю ім «медыцынскія» заўвагі.

Адзінае, што засмучае Каспяровіч, — адсутнасць гісторыі ў яе медсястры Святланы. Усе іншыя гераіні, у тым ліку медперсанал, маюць сваю другую палавінку, у іх прыватным жыцці адбываюцца нейкія падзеі. А ў Светы ўсе восем серый толькі работа. З другога боку, гісторыя кахання гераіні Каспяровіч магла б стаць адным з сюжэтаў трэцяга сезона серыяла. Так- так, ужо зараз абмяркоўваецца магчымасць здымак яшчэ некалькіх серый. Памятаючы пра пяцігадовую паўзу, гавораць пра гэта пакуль паўшэптам. Але чаму б і не?

Тэма «Мамачак» вечная і бясконцая. Між іншым «Вяртанне Мухтара», на якім і быў заняты рэжысёр Паўлаў у гэтай доўгай паўзе, налічвае ўжо адзінаццаць сезонаў, гэта каля тысячы серый. Гледачам падабаецца, стваральнікам таксама — грошы атрымліваюцца неблагія. Пажадаем такога ж лёсу і «Ой, ма-мач-кам!»

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter