Разлічваць на сябе і свае магчымасці – у гэтым колішні сялянскі хлопец бачыць залог паспяховай работы

Жыццёвыя алгарытмы Iвана Шышкана

ДВА гады таму Слуцкі племптушказавод узначаліў выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Іван ШЫШКАН, які пасля заканчэння агранамічнага факультэта працаваў у Лельчыцкім раёне намеснікам старшыні калгаса, кіраваў падсобнай гаспадаркай будаўнічай арганізацыі, узначальваў калгас і некалькі гадоў запар ганараваны званнем “Чалавек года Лельчыцкага раёна”, быў намеснікам старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы.


ЗАКОНЧЫЎ Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Меў прапановы на паспяховы хлебакамбінат, у прысталічную гаспадарку, а вырашыў узначаліць заняпалае КСУП “Слуцкі племптушказавод”. Азнаёміўся з вытворчасцю, пагутарыў са спецыялістамі. Пачаў з навядзення парадку і дысцыпліны, усталявання сувязей з калегамі з Расіі, куды і сталі пастаўляць асноўную частку племянных куранят. За першы год прадпрыемства выйшла на дзесяціпрацэнтную рэнтабельнасць.

Галоўны бухгалтар племптушказавода Таццяна Гаварко доўга не магла звыкнуцца, што новы дырэктар Іван Шышкан абыходзіцца без калькулятара, не толькі складанне, а і дзяленне і множанне беспамылкова выконвае. Гэтыя здольнасці сялянскага хлопчыка заўважылі яшчэ настаўнікі Чырвонабярэжскай сярэдняй школы. На раённых алімпіядах па матэматыцы і фізіцы вясковаму вучню не было роўных у Лельчыцкім раёне. На ўступным экзамене па фізіцы педагог прыёмнай камісіі Мінскага радыё- тэхнічнага інстытута спытаў у добра адказаўшага на ўсе пытанні абітурыента, ці задавальняе чацвёрка. Збянтэжаны юнак на такую адзнаку пагадзіўся. І гэты адзін недабраны бал вырашыў увесь жыццёвы лёс Івана Шышкана. Вярнуўся дамоў і, каб год не губляць, пайшоў асвойваць прафесію механізатара ў Лельчыцкім прафтэхвучылішчы, якое закончыў з адзнакай. А ўвосень сваякі і сябры правялі старэйшага сына колацкіх перасяленцаў на службу ў армію.

— Нас дагэтуль у Чырвонабярэжжы завуць перасяленцамі, — узгадвае Іван Шышкан. — Больш за паўвека таму мае бацькі разам з іншымі жыхарамі Мярлінскіх хутароў, што паміж Давыд-Гарадком і Туравам, вымушана перасяліліся ў Лельчыцкі раён. На месцы нашых гаспадарак размясціўся ваенны палігон краін – удзельніц Варшаўскага дагавору. Прапаноўвалі розныя варыянты перасялення. Чырвонабярэжжа прывабіла маіх яшчэ зусім маладых бацькоў прыгожымі мя- сцінамі і рыбнай ракой Убарць. Дзядоў ужо не было, калі перавозілі хату з акружанай з усіх бакоў палескай пушчай вёскі Колкі, дзе незадоўга да перасялення мой бацька Іван і яго брат Мікалай ажаніліся на дзвюх родных сёстрах – Матроне і Лізавеце Карпавец. Пераязджалі бацькі з гадавалай маёй старэйшай сястрой Марыяй.

На ўскрайку выцягнутай уздоўж ракі вёскі Чырвонабярэжжа перасяленцам адвялі сядзібы пад забудову. Пасёлак назвалі Ударнае, і там бацька з дзядзькам Мікалаем склалі агульную драўляную хаціну на дзве палавіны. Разам жылі пад адным дахам нашы сем’і: у нас пяцёра дзяцей і ў дзядзькі чацвёра. Бабуля Ганна дапамагала нас выхоўваць. Два вялікіх пакоі больш нагадвалі інтэрнат, у які ледзьве ўціскаліся жалезныя ложкі. Бацька стаў калгасным ветсанітарам, а маці пайшла ў паляводства.

У нашай агульнай хатняй гаспадарцы было чатыры каровы, авечкі, свінні, гусі і куры. Мы з малых гадоў дапамагалі бацькам даглядаць іх. А як пачынала красаваць прыбярэжная лугавіна, уся вёска выходзіла на сенажаць. Мужчыны шоргалі косамі, а жынчыны і падлеткі варочалі траву ў пакосах, сушылі балотнае сена. У прыбярэжных балатавінах травы высокія, густыя.

— На вашы чатыры каровы колькі трэба было назапасіць сена?

— Нарыхтоўвалі трэцюю частку. Два стажкі аддавалі ў калгас, а трэці заставаўся нам. Кожнай карове патрэбен быў стажок. Нарыхтоўвалі чатыры ладных стажкі для сваіх кароў і восем у гаспадарку. З сярэдзіны чэрвеня і амаль да жніўня шчыравалі на спякотных сенажацях. Глечыкамі крынічнай вады наталялі смагу. У пакосе ішлі за бацькам я і малодшы брат, а побач дзядзька са сваімі сынамі. Больш імкнуліся касіць зранку, пакуль росная трава.

— У каго вучыліся касіць?

— Глядзеў на спрытныя бацькавы рукі, і паступова з`явіўся навык. У гадоў чатырнаццаць у мяне ўжо была свая каса.

— Бацька прымушаў вас працаваць?

— Больш гэта ішло ад маці. Такія салодкія летнія сны, а маці будзіць на золку на сенажаць. А зімою пілавалі ў лесе двухручкай асіны, бярозы на дровы. Так у клопатах і прамільгнула дзяцінства.

— Цяжкая праца не выштурхвала вас з вёскі?

— Узгадваю тыя часы, як самыя шчымлівыя ў жыцці. Праца ў радасць была. Пацягаеш паўдня касу — і абед станавіўся святам. Акрамя сена, дроў, іншых клопатаў было шмат, а з восені школа чакала.

— У старэйшых класах вясковыя школьнікі набывалі сельскагаспадарчыя прафесіі і маглі пасля атрымання атэстата сталасці пры жаданні ўладкоўвацца на працу.

— Многія мае аднакласнікі так і паступілі. І цяпер жывуць у палескіх вёсках і працуюць на фермах і ў механізацыі. А я паехаў паступаць у Мінскі радыётэхнічны інстытут, аднаго бала не хапіла. Пасля арміі падаў дакументы на агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

— А чаму так памянялі выбар?

— Вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны, каб дапамагаць бацькам. У арміі прапаноўвалі паступаць на ваеннага перакладчыка. Але намер не змяніў. Пасля службы вярнуўся дамоў летам 1986 года, калі ўвесь свет хвалявалі падзеі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У палескіх вёсках народ рыхтаваўся да адсялення.

Вучыцца на аграфаку было цікава і лёгка. Яшчэ ў школе на алгебры я не пісаў рашэнне ўраўнення, а адразу адказ. Імгненна ў галаве падлічваў, і настаўніца нават здзіўлялася, што я так хутка спраўляюся з рашэннем. Меў пахвальную грамату па матэматыцы.

— І ў акадэміі былі выдатнікам?

— Толькі зірну на ўраўненне і праз момант даю адказ. І калькулятар мне не патрэбен. Імгненна складаю, памнажаю і дзялю.

У акадэміі мяне прызначылі старастам групы, потым стаў камендантам студэнцкага інтэрната і атрымліваў павышаную стыпендыю 60 рублёў. Мог закончыць акадэмію з адзнакай, але на экзамене па вышэйшай матэматыцы дапамог дзяўчатам рашыць задачкі. Гэта заўважыла выкладчыца, падышла да дзяўчат, паглядзела на задачы і сказала, што гэта ўсё Шышкан. Мае аднакурсніцы засталіся ў аўдыторыі, а мне ў залікоўку паставіла тройку, з-за якой я не атрымаў дыплом з адзнакай.

— Закончылі вучобу — і на Палессе?

— Спяшаўся дамоў, каб бацькоў крыху падтрымаць. Адразу мне прапанавалі пасаду намесніка старшыні суседняй гаспадаркі і матацыкл, ад якога я адмовіўся. У сельсавеце быў аўтамабіль “Масквіч”, на якім ніхто не ездзіў, і яго перадалі мне. Па палях і фермах, дамоў у Чырвонабярэжжа штодня ездзіў. Давялося мне працаваць і кіраўніком падсобнай гаспадаркі бу- даўнічай арганізацыі. Паспрабаваў і журналісцкага хлеба. Рэдактар Лельчыцкай раённай газеты запрасіў папрацаваць на мясцовым радыё, пасля чаго кіраў- ніцтва раёна прапанавала ўзначаліць гаспадарку. Мяне прадставілі калектыву, і людзі падтрымалі прапанову. Прыехаў назаўтра на ферму, а каровы галодныя. Тэхніка стаіць, паліва няма. Папрасіў калгаснікаў, каб за наяўны разлік накармілі жывёлу. Раённыя ўлады дапамаглі завезці авансам паліва.

Каб неяк выйсці са складанага становішча з палівам, вырашыў больш выкарыстоўваць цяглавую сілу. Сабраў жывёлаводаў і прапанаваў уручную грузіць і вазіць на сваіх конях, а іх у вёсцы трымала амаль кожная сям’я, з сянажнай ямы корм на ферму і дазволіў браць для свойскай жывёлы сянаж. Сяляне пагадзіліся. Сякерамі акуратна адсякалі мёрзлыя пласты ў траншэі. Так пратрымаліся да вясны.

— Рызыкоўны вы чалавек!

— Нічога больш не заставалася рабіць. Да майго прыходу даяркі па тры месяцы не атрымлівалі заробку. Паабяцаў выплачваць своечасова грошы, але з умовай: калі каго затрымаем з украдзеным малаком, давядзецца плаціць штраф па цане малака вышэйшай якасці. Навялі парадак на ферме. Пайшлі надоі, і стала нормай своечасовая выплата заробку.

— Дамоў, як я разумею, рана не прыходзілі. Жонка цярпела?

— А што зробіш, цярпела. Нам абодвум пашчасціла. Пазнаёміліся выпадкова на вяселлі ў сябра. Год сустракаўся з інтэ- лігентнай вясковай настаўніцай, і пажаніліся. Сын ужо закончыў Беларускі дзяржаўны ўні- версітэт транспарту ў Гомелі і атрымаў размеркаванне ў Салігорскі будтрэст.

— Іван Іванавіч, вы кіравалі вялікай гаспадаркай у лельчыцкай вёсцы Стадолічы, а потым і ўсёй сельскагаспадарчай галіной раёна, былі ў рэзерве на пасаду кіраўніка раёна. Вам паступалі і іншыя прапановы, а вы спыніліся на Слуцкім племптушказаводзе. Як гэта можна разумець?

— Азнаёміўся з прадпрыемствам і адчуў, што змагу вывесці яго з прарыву. Калі ў верасні 2013 года прыняў завод, усе вытворчыя паказчыкі валіліся. Трэба было пагасіць 13 мільярдаў рублёў запазычанасці. За год працы даўгі паменшыліся на 9 мільярдаў рублёў. Сёлета ўжо выйшлі на 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў прыбытку.

— Дзякуючы чаму адбыліся такія змены?

— На прадпрыемстве была парушана тэхналогія вытворчасці. Гэта племптушказавод, які павінен займацца вырошчваннем бацькоўскага статка кур, каб забяспечваць птушкафабрыкі маладняком. А тут паралельна займаліся і вытворчасцю мяса птушкі, што з’яўляецца грубейшым парушэннем тэхналогіі. У птушніках гадамі не праводзілася планавая прафілактыка. Вычысцілі ўсе 22 памяшканні, нават газавымі балонамі ўсе сцены паабпальвалі, каб стэрыльна было.

— Якімі вам бачацца перспектывы прадпрыемства?

— Мы адзіны племзавод у Беларусі падобнага тыпу без сваёй кармавой базы. Раней тут для вырошчвання курэй на мяса закуплялі камбікармы на хлебакамбінатах, адкуль і запазычанасць. Канцэнтратамі нас у асноўным забяспечвае Пухавіцкі хлебакамбінат. З пашырэннем рэалізацыі племянной прадукцыі павялічваюцца фінансавыя паступленні, што дазваляе скарачаць даўгі, а ў будучым спадзяёмся правесці мадэрнізацыю абсталявання.

— Іван Іванавіч, тэхналогія вытворчасці племянных куранят і інкубацыйных яек патрабуе кантролю. Як ён вядзецца на прадпрыемстве?

— Гэта асноўнае ў нашай дзейнасці. Пільна кантралюем увесь тэхналагічны працэс вырошчвання племянных куранят венгерскай пароды кросу росс-308, якія вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, высокай прадукцыйнасцю. У сярэднім адна нясушка за год дае 180 яек пры нізкіх расходах кармоў. Для бройлерных птушкафабрык пастаўляем сутачных куранят-бройлераў высокай якасці амаль з абсалютным захоўваннем маладняку, а таксама рэалізуем племянныя курыныя яйкі. Толькі пры ўмове выпуску высакаякаснай прадукцыі ёсць шанс развівацца далей, і мы гэта добра ўсвядомілі.

— Каманду аднадумцаў сфарміравалі?

— У нас высокапрафесійныя галоўныя спецыялісты, такія як Аксана Самсоненка, Таццяна Гаварко, Людміла Макарыч і іншыя. Нядаўна калектыў папоўнілі моладзь. Разам імкнёмся вырашаць вытворчыя праблемы.

— А якая з іх найбольш актуальная, што патрабуе ўвагі ў першую чаргу?

— Каб атрымаць якасны прадукт на любой ферме, патрэбна збалансаванае якаснае кармленне. На жаль, з-за няякасных кармоў яшчэ многа недабіраем. Але справа ў тым, што калі б мы плацілі наперад грошы за кармы, то мелі б права і на патрабаванні. А пакуль такой магчымасці ў нас няма. Найлепшы варыянт — свой камбікормавы завод. Пакуль не можам сабе гэта дазволіць.

Увогуле, племянныя прадпрыемствы павінны, як і навука, датавацца. Раней датавалі закупку статка куранят. Сёння мы плацім за сутачнае кураня 58 тысяч рублёў і гадуем яго паўгода, пакуль не пачне несціся. Інкубацыйныя яйкі прадаём па 4 тысячы рублёў за штуку, і гэта дае магчымасць выходзіць на рэнтабельную вытворчасць.

У нашай рэспубліцы прынята спецыяльная праграма па птушкагадоўлі на 2011—2015 гады, але пра яе сталі забываць. Кошт новага племрэпрадуктара ў цэнах 2011 года складае 70 мільярдаў рублёў. У вытворцаў спадзяванні на дзяржпадтрымку ці льготныя крэдыты. А дырэктар Слуцкага племптушказавода Іван Шышкан выхаваны так, што заўжды разлічвае на свае магчымасці. Такі яго жыццёвы алгарытм, і кіраўнік перакананы, што на кожным прадпрыемстве ёсць рэзервы і важна ўмела іх выкарыстоўваць, як гэта паслядоўна робяць слуцкія птушкаводы.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара

Слуцкі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter