Трогательные произведения писателя Виктора Правдина – лекарство для современного общества

Жыццёвая праўда Праўдзіна


Віктар Праўдзін – незвычайны аўтар, яго можна назваць сапраўдным пісьменнікам-міліцыянерам. І не толькі таму, што яго былая прафесія праваахоўніка дала сюжэты для твораў. Ён быў і застаецца на варце грамадскага сумлення. На рахунку Віктара Аляксандравіча шмат выдадзеных кніг і ўзнагарод, але натхненне не пакідае яго, і інтэрв’ю ён даваў за пісьмовым сталом, за якім толькі што працаваў над новым творам. 

“Пісаў пра тое, што балела…”

– У 1980-х гадах, падчас службы ва ўнутраных органах, вашы творы ўжо друкаваліся ў вядучых беларускіх часопісах. Што падштурхоўвала вас напачатку творчага шляху да напісання апавяданняў?

– У людзей, асабліва ў праваахоўнікаў, часта ўзнікае пытанне, чаму хто-небудзь зрабіў злачынства ці парушэнне. І заўсёды ёсць пэўныя абставіны, асяродак, пачуцці… Гэтыя пытанні мяне заўседы непакоілі.

У мяне амаль няма твораў, у якіх не было б рэальнага здарэння. Бо што такое служба ў міліцыі? Гэта ў першую чаргу прафілактыка і барацьба са злачыннасцю, у тым ліку і з рознымі адміністрацыйнымі парушэннямі. Многія выпадкі западалі ў сэрца. Напрыклад, аднойчы паступіў званок: нам паведамілі, што на балконе зімой стаіць босая жанчына ў адной начной кашулі. Аказалася, што родны сын прыйшоў п’яны і выгнаў яе з кватэты за тое, што маці не дала грошай на гарэлку. Біў посуд, патрабаваў... Гэта паслужыла штуршком для напісання апавядання “Бездань”.

Не абмінуў я і рэальны выпадак, калі прыбеглі дзеці і спуджана залямантавалі: “Дзядзя міліцыянер! Дзядзя міліцыянер! Тут лось паваліўся! Ляжыць на цэнтральнай алеі…” Падумаў, што гэта нейкая падманка, дзеці жартуюць, але ўсё аказалася праўдай. Лясная жыхарка, а гэта была ласіха, нечакана і невядома па якой прычыне, з’явілася ў парку Чалюскінцаў. Дарэчы, раней ён нагадваў сапраўдны лес з непралазнымі кустамі маліны, ажыны, каліны. Там табе і казулі, і зайцы, але лось – упершыню. Шкада магутнага звера, і думкі зноў шукалі прычыну… А што здарылася – адказ дарагі чытач знойдзе ў апавяданні “Пастка”.

Мне пашэнціла, што напачатку маіх літаратурных практыкаванняў трапіўся выдатны настаўнік: Уладзімір Максімавіч Дамашэвіч, рэдактар часопіса “Маладосць”. Я штотыдзень прыносіў яму некалькі апавяданняў, ён правіў, вяртаў, прымушаў вучыцца быць літаратарам, і мне гэта спадабалася. Пісаў пра тое, што балела. І, скажу як ёсць, хоббі перарасло ў прафесію. А што атрымалася – судзіць вам, маім чытачам.

– Ці была зваротная сувязь з чытачамі?

– Канешне, была. Хтосьці віншаваў з удалым творам, а тыя, хто пазнаваў сябе ў іх, здаралася, пагражалі “разабрацца”. У памяці – выпадак. Адзін з маіх герояў, не зусім станоўчы, тэлефануе:

– Праўдзін, нашто ты пра мяне напісаў?

– Як я магу напісаць пра таго, каго не ведаю? – пытаюся я.

– Таму і званю: не ведаеш, а напісаў!..

Суцешыў, размаўляю, даказваю, што гэта аўтарскі вымысел… А сам рады, што мае думкі трапілі ў тую праўдзівую жыццёвую кропку, якая кранае чалавека, прымушае абдумаць і добрае, і дрэннае. 

Заўсёды побач з людзьмі

– Вы сумяшчалі службу, творчасць і сям’ю. Як гэта ўдавалася?

– З цяжкасцю, не заўсёды, але жаданне пісаць не знікала. І на ўсё, канешне, патрэбен быў час, а яго не ставала. Са службы, як заўсёды, вяртаўся апоўначы, маімі былі паўтары-дзве гадзіны, выхадныя, вотпуск... Такая тады была служба ўчастковага: ты павінен заўсёды быць побач з людзьмі.

Трое малалетніх дзяцей патрабавалі ўвагі і пэўнага распарадку, які падтрымліваўся жонкай, Людмілай Іванаўнай. А мой творчы працэс праходзіў у ванным пакоі. Збіў некалькі досак, накрыў ванну, каб паставіць пішучую машынку, і працаваў. Спачатку жонка адносілася да майго захаплення як да часовага. Калі зразумела, што гэта надоўга ці назаўсёды, пачала падтрымліваць. Яна была і ёсць мой першы чытач, мой любы крытык.

Пры гэтым вы сталі лепшым старшым участковым Мінска.

– Так, і сваёй Людміле я, канешне, распавядаў не ўсё, што адбывалася на службе, – яна павінна была жыць спакойна. Толькі мая служба, здаралася, напрамую тычылася і яе. І ў розных сітуацыях… Неяк Люда ішла з дзецьмі па вуліцы Талбухіна. Каля піўнога ларка стаяла ў чарзе чалавек трыццаць прыхільнікаў гэтага пеннага напою з рыбкай. Нечакана хтосьці крыкнуў: “Смірна! Раўненне на жонку старшага ўчастковага Праўдзіна!” І ўсе выканалі загад. Прыбегла жонка дадому, пытае: “Віця, што ж гэта такое? З-за тваёй службы страшна на вуліцу выйсці”. Мне нічога не заставалася, як толькі суцешыць: “Радуйся, да цябе людзі з павагай, значыць, я добра выконваю свае абавязкі!”

 Бог, сям'я, Радзіма…

Вы лічыце сябе сапраўдным патрыётам?

– Патрыятызм для мяне – жаданне прыносіць людзям пользу. Сярод маіх калег шмат шчырых і адданых Беларусі людзей. Я ўпэўнены, што без закона і яго абавязковага выканання парадку не будзе ні ў сям’і, ні ў дзяржаве. І ў гэтым я пераконваюся з кожным годам усё больш і больш. Калі людзі робяць нешта на карысць дзяржаве, пішуць творы, працуюць на прадпрыемствах, вучаць, лечаць, яны ў маім разуменні патрыёты.

Служыць сваёй краіне – і адказнасць, і прывілея. Смутак і расчараванне ў мяне выклікаюць тыя, хто забылі Радзіму, не памятаюць дабра і робяць гэта па нейкай чужой волі.

Я ў адстаўцы, але Першамайскі аддзел міліцыі і цяпер нас, ветэранаў, не забывае. Старшыня савета ветэранаў, мой былы начальнік Віктар Канстанцінавіч Пекарскі, заўсёды запрашае да маладых супрацоўнікаў дзеля перадачы вопыту. За што яму і кіраўніцтву Першамайскага РУУС вялікі дзякуй!

Для мяне важна, каб мае думкі і справы тычыліся Бога, сям’і, Радзімы. Гэта маё сённяшняе жыццёвае крэда. Шкада, што не зразумеў гэта гадоў сорак назад. Вера не прыходзіць да чалавека, чалавек ідзе да веры. Я па сваёй няўрымслівай натуры заўсёды шукаю пачатак. Калі чытаў Біблію, Евангелле, творы святых айцоў, зразумеў, што гэта менавіта тое, чаго мне ў жыцці не хапала. Гэта стала маім духоўным падмуркам, на які пры любой жыццёвай сітуацыі я магу абаперціся. Зрэшты, як і на сям’ю, і на дзяржаву, бо пенсіянер я са стажам. У мяне вялікая сям’я, трое дзяцей і адзінаццаць унукаў (пакуль што)! Дачка Святлана – матэматык-праграміст, маці пяцярых дзяцей. Валя – член Саюза мастакоў, сцэнограф, у яе адно дзіця. А сын, у якога таксама пяцёра дзетак, працуе на тэлебачанні. Дарэчы, калі пайшлі ўнукі, пачаў і казкі пісаць. Але ў асноўным мой кантэнгент – як мінімум дзеці старэйшых класаў, а потым узроставы цэнз адсутнічае.

ЦЫТАТА

“У кожнага чалавека, напэўна, ёсць сваё асабістае і ад таго трошкі таямнічае бачанне і адчуванне сябе ў гэтым свеце, адчуванне і разуменне свайго “Я”. Не памылюся, калі гэтае “Я” звязана з першымі вобразамі маці, бацькі, братоў, суседзяў і, канечне, тых мясцін, што бачыў, дзе рабіў не толькі першыя крокі, але і пэўныя самастойныя ўчынкі…”

Матчына мова

– Калі адкрываеш вашу кнігу, адчуваеш сапраўдны водар беларускай мовы. Кранаеце думкі і пачуцці чытача…

– Мой тата, трохі раскажу пра яго, Аляксандр Рыгоравіч, савецкі афіцэр, родам з Архангельскай вобласці, з глыбокай тайгі. У 1943 годзе семнаццацігадовым юнаком яго прызвалі ў армію. Прайшоў вайну, а пасля яе ўжо афіцэрам служыў у Лідзе. Тут сустрэў маю маці, Зінаіду Арсенцьеўну. Стварылі сям’ю. Надалей лёс склаўся так, што ён пасля дэмабілізацыі працаваў у сельскай гаспадарцы. Тата і маці прывячалі маю літаратурную дзйнасць. Зрэшты, некалькі твораў прысвечаны ім. Тата неяк сказаў: “Віця, сын, я з велізарнай асалодай чытаю цябе па-беларуску. У беларускім слове я адчуваю тваю энергетыку, адчуваю свайго сына!” Для мяне гэта самая лепшая пахвала і ўзнагарода.

Што для вас беларуская мова?

– Неяк, яшчэ да пачатку маёй літаратурнай дзейнасці, на сталічнай плошчы Калініна за маёй спіной загаварылі двое суразмоўцаў на чыстай літаратурнай беларускай мове. У той момант я адчуў, як нешта прыемнае і цёплае ахінула маю душу. Магчыма, у той самы момант прыйшло разуменне, што не інакш як Божая ласка матчынай мовай дакранулася да мяне.

Яшчэ я заўсёды вышукваю быццам бы “забытыя” беларускія слоўцы. Напрыклад, знайшоў па-беларуску “ліхвяр” замест “ростовщика”. З Якуба Коласа запала ў душу слова “прысуха”. І цяпер гэтае слова ў маім лексіконе ў размове з жоначкай, бо раней так называлі каханую жанчыну. Мы разам 45 год, а як пазнаёміліся – хутка ўсе 50. І хто каго “прысушыў”?

У вас шмат цудоўных твораў, якія бяруць за жывое. Менавіта мяне зачапіла апавяданне Цукеркі ад бацькі”. Шчыра кажу, я плакала.

– Няма сакрэту, бо я таксама плачу, калі жыццёвыя выпадкі бяру як сюжэтную лінію. Быць шчырым у жыцці і творчасці – гэта маё. А калі чалавек плача, то яго сумленне не парушана. Ён жывы, ён адкрыты для людзей і для Бога.

Віктар Аляксандравіч, дзякуй вам за шматгадовую літаратурную працу, бясконцы паток натхнення і за простую, але такую неабходную чалавечнасць. Здароўя і творчага плёну! 

З ДАСЬЕ

Віктар Аляксандравіч Праўдзін нарадзіўся 11 мая 1955 года ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці.

♦ Служыў на Балтыйскім ваенным флоце на малым супрацьлодачным караблі.

♦ Скончыў Мінскую вышэйшую школу міліцыі, мае адукацыю юрыста-прававеда.

♦ Працаваў у праваахоўных органах, у часопісе “Нёман”. Займаў пасаду першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

♦ Аўтар кніг прозы Візіцёр з Поўначы (1991), Боль (Споведзь міліцыянера) (1996), Эксгумацыя (1997), Вяртанне з апраметнай (1999), Шлях да Галгофы (2002), Нелюбімыя гінуць і іншых.

♦ Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік друку Беларусі”, медалём Францыска Скарыны. Атрымаў некалькі літаратурных прэмій у галіне прозы, у тым ліку Нацыянальную прэмію ў 2021 годзе.

 prolyuk@sb.by

Фота з асабістага архіва аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter