Жыццёвае поле Алеся Савіцкага

Жыццё – не тыя дні, якія пражытыя табою, а тыя, што засталіся ў памяці, вызначылі лёс і, урэшце, акрэслілі значнасць тваёй асобы як у чыста чалавечым вымярэнні, так і ў грамадскім. Колькі ведаю пісьменніка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага, не перастаю захапляцца яго аптымізмам, маладой, напорыстай энергіяй, што не паддаецца часу. Іншы ў такую жыццёвую пару або спачывае на лаўрах, або раздражнёна скардзіцца на тое, што дзеецца вакол, і ладзіць сваё існаванне выключна на бытавой глебе. Белавалосы, паджары, хуткі ў хадзе, ён нібы ўвасабленне неўтаймаванай энергіі і на знакамітай Лысай гары, дзе пісьменніцкія дачы, і тут, у Мінску. Сустрэнеш мімаходзь – і адразу бачыш: да ўсяго яму ёсць справа, ні да чаго ён не абыякавы. Як пісьменнік і як чалавек. І ў друку, і на радыё выступае з выразнай грамадзянскай пазіцыяй, і ў Саюзе пісьменнікаў не змаўчыць, калі пытанне трэба ставіць рубам, а не прымаць сумніцельныя заявы скопам, хаваючыся адзін за аднаго. Як і такая пазіцыя, жыццё яго заўсёды было адкрытым, нават на самых крутых ветравеях. Вось некалькі абразкоў з жыццялетапісу Алеся Савіцкага, з перадваеннага маленства ў Полацку. “Рыбак большую рыбу у Бога отберет!” Белы туманны кужаль над ранішняй Дзвіной. У затоцы між зялёных азёрных шабляў затаіўся ў чоўне хлапчук. Перавёз бацьку праз раку на працу ды закінуў леску ў яміну, насадзіўшы на кручок таўсматага хрушча. Глядзіць вялікімі вачамі на паплавок, чакае галаўня. Імклівая плісачка чырканула крыльцам люстранку, і амаль адначасова нырнуў паплавок у чорнае прадонне. Ажно зазвінела леска, звітая з конскага хваста, сагнулася ў дугу вудзільна. Як заядлы рыбак, пачаў выводзіць хлопец рыбіну на мелкаводдзе. Ужо і ёмкая спіна з плаўніком-трохкутнікам зачарнела, і заблішчэла на сонцы бэзавага колеру рыбіна вока. Ды раптам узлятае ў паветра пусты кручок! Галавень крутануўся на мелкаводдзі і цаляе зноў слізнуць у пельку. Хлопец з разгону кідаецца на рыбіну, заграбаючы рукамі глей, моцна падмінае пад сябе першую важную здабычу. Праз дваццаць гадоў на Сахаліне ён згадае тое рыбацкае шчасце дзяцінства, пачуўшы з вуснаў адзінага паэта ніўхаў Уладзіміра Сангі словы: “Рыбак большую рыбу у Бога отберет!”. Толавая плаўка Крутабокі гаўбічны снарад спавівала сіняе полымя горна. Руды струменьчык расплаўленага толу сцякаў у драўляную скрыню і цвярдзеў там. У старой задымленай кузні ў вёсцы Пятроўцы партызанскія падрыўнікі, яшчэ зусім падлеткі Алесь Савіцкі і Сяргей Зімніцкі, здабывалі выбуховую сілу. Рызыкавалі і самі зрабіцца яе ахвярай. Надоечы ў суседняй весцы ад кузні пасля такога хімічання і трэсак не засталося. У Алеся і Сяргея на ўзбраенні няхітрая тэхналогія: разаграюць снарад паступова, пачынаюць тое дзейства з мыска. Увесь час пакручваюць небяспечную жалязяку абцугамі, глядзяць, каб, крый божа, не патрапілі толавыя пырскі на распаленае вуголле! Лёс кавальскага горна ў Пятроўцах быў шчаслівы: да вясны сорак трэцяга выстаяла кузня, а за яе сцяной сабралася больш за паўтары сотні пустых снарадных балванак. Ды выбуховы смерч усё ж такі “пашчупаў” мінёраў. Надарылася гэта каля Глухога пераезду, пад Полацкам... Скрыня з толам лягла на рэйкі спраўна. Але адбегчы далёка хлопцы не паспелі. За спіною бухнула на ўсё неба так, што зімовае сонца ўзарвалася. А далей паплыла чорная прорва. Першым ачуняў Сяргей. Апалены, амаль без вопраткі. Дацягнуў параненага сябра да прыхаваных на ўзлеску развалкаў. Укуліў туды, сам усунуўся, а далей конь ратаваў. Ужо ў мірны час прыехаў журналіст Алесь Савіцкі ў Пятроўцы пісаць дакументальную аповесць пра звеннявую, першую ў гэтым полацкім краі гераіню сацыялістычнай працы, пра Раісу Пятроўскую. Згадалі і тую старую кузню, дзе вялі падрыўнікі толавую плаўку. Да той аперацыі мела дачыненне і Раіса. Штодня прыносілі ў кузню падрыўнікам глячок сырадою. Такі паёк належаў ім за шкоднасць працы, каб арганізм не так атручваўся толавым чадам. Праз дваццаць гадоў пасля вайны з’ездзіў Алесь Савіцкі і да Глухога пераезду. Месца, дзе гарэлі варожыя эшалоны, пазнаў адразу, хіба што моцна падзівіўся з гонкіх сасонак, што павыцягваліся да сонца на пагорках, ды і густыя маладыя пасадкі абапал чыгункі падзівілі. А ў тым месцы, дзе полымя плавіла зямлю, дрэў не было, і трава там ніцая, чэзлая, відаць, не хапае жывых сокаў. Гасцявалі партызан з салдатам вермахта Праз палову стагоддзя пасля ўзяцця рэйхстага ён зноў ехаў у Нямеччыну. Глядзеў на ўсё, што было за акном, а памяць вымалёўвала іншы час – пакручастыя дымныя султаны над купалам рэйхстага. Прыгаслае ад дыму, нежывое ліловае сонца. Тады ён стаяў каля пасечанай, шчарбатай сцяны, ашаломлены надпісам са знаёмым прозвішчам: “Дайшоў і я! Мікалай Паўлаў”. Яго партызанскага сябра, масквіча Мікалая Паўлава, пахавалі на кветніку вясковай бальніцы на беразе Бабыніцкага возера вясной сорак трэцяга. На рэйхстагу паставіў подпіс іншы салдат Паўлаў. Ці ж мала іх, воінаў з усіх прасцягаў матухны-радзімы, хто дайшоў да дня перамогі. І побач з надпісам невядомага Паўлава беларускі хлопец вывеў скрозь слёзы: “Я таксама дайшоў. Алесь Савіцкі”. А цяпер былы беларускі партызан сядзіць у хаце былога салдата вермахта Марціна Оттмана, які са зброяй у руках ішоў па беларускай зямлі. Хто ведае, можа яны трымалі адзін аднаго на прыцэле ў блакадныя дні пад Полацкам ці ў начной сутычцы ля чыгуначнага моста каля Ветрына... А тут, у Германіі, яны сабраліся на семінар “Прымірэнне”, які праводзілі Беларускі камітэт міру і евангельская царква зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. Яны шмат пра што гаварылі ва ўтульным доме Марціна Оттмана. Не абышлі і вайну: хіба яе замоўчыш! Кожнаму з іх яна балела па-свойму. Але было і адзінае ў гэтай болі: адчуванне бяссэнсавасці знішчэння чалавека чалавекам, самой вайны, якая спапяляе на сваім шляху ўсё жывое. Некалі ўнуку Алеся Савіцкага, жваваму Жэньку, які падобны на дзеда ў маленстве, падарылі ў дзень нараджэння пластмасавы аўтамат самай сучаснай канфігурацыі. Бачачы неўтаймаваную хлапчукову радасць, дзед пасумнеў, зноў прыгадаў тую старую кузню ў Пятроўцах, дзе плавілі падрыўнікі тол, дымныя сцены рэйхстага, а яшчэ сустрэчу з былым салдатам вермахта. Ён у думках і цяпер моліць Бога, каб засцярог Жэню, сотні, тысячы такіх хлапчукоў ад жорсткага хрышчэння агнём. Узнагарода знайшла героя -- Больш чым паўстагоддзя шукаў ордэн Славы героя, -- сказаў ваенны камісар палкоўнік Валерый Рындзін восенню 1999 года. Тады ён уручаў узнагароду Алесю Ануфрыевічу і віншаваў яго. – Такое ў нас бывае нечаста... Гвардыі радавы Аляксандр Савіцкі да гэтай узнагароды быў прадстаўлены загадам камандзіра III гвардзейскага механізаванага корпуса 27 верасня 1944 года... Прачытаў я пра гэта ў газеце і адразу ж патэлефанаваў сябру, ці праўда? Проста не верыцца. Ён шчасліва засмяяўся. І я, маўляў, не паверыў, калі мне пазванілі з Ленінскага райваенкамата. Паверыў толькі тады, як ордэн у ваенкамаце ўрачыста ўручылі. Трымаў яго ў руках, а стаяла перад вычыма поле жахлівага бою пад Шаўляем. -- Мяне тады трэці раз за вайну параніла снараднымі асколкамі ў грудзі і нагу. Заліты крывёю, ноч праляжаў без перавязкі, а раніцай трапіў у рукі санітараў. Вытрымаў дзве аперацыі: адну ў палявым шпіталі, другую – на станцыі Сарочынскай пад Арэнбургам. Шмат разоў прыходзіла да яго ў снах і мроях поле бою пад Шаўляем, і ён растрывожаны блукаў па ім. Мінула болей за сорак гадоў, і пісьменнік, рыхтуючы нарыс у калектыўны беларуска-літоўскі зборнік, ступіў на тое поле. Вачыма шукаў гарбатыя брустверы акопаў, адкуль ляцеў знішчальны свінец. У аксамітнай зялёнай руні пад мяккім ветрам беспамылкова вызначыў: вось тут! На гэтым месцы зваліўся паранены Іван Пеліпенка, тут асеў на дол скошаны куляй Уладзімір Сальнікаў. А за ўзмежкам бліснуў выбух снарада, які падкасіў і самога. Пра будучы ордэн Славы ярка-аксамітавая рунь былому салдату тады нічога не падказала... “Самы высокі паверх” Так называецца аповесць Алеся Савіцкага пра моладзь, якую ён добра ведае і да каго ставіцца з пашанай, захоўваючы і ў сабе малады імпэт, памножаны на багаты жыццёвы вопыт. Спіс прынятых на першы курс Маскоўскага літаратурнага інстытута ў верасні пяцьдзесят трэцяга года завяршала яго прозвішча. Было там і кароткае ўдакладненне: залічаны ўмоўна, без інтэрната, без стыпендыі з абавязковым прадстаўленнем атэстата сталасці да 30 верасня. Ён будзе тройчы пісаць заявы на адтэрміноўку з тым атэстатам, і тагачасны дырэктар інстытута Іван Мікалаевіч Сярогін, крыштальнай душы чалавек, па-бацькоўску паставіцца да беларускага хлопца. А той тым часам таксама не спаў у шапку. Ранкам – заняткі ў інстытуце, вечарам – школьная парта ў дзесяцігодцы. А вясной былы партызан меў атэстат сталасці і ўжо спакойна мог вучыцца. І да того ж атрымліваў стыпендыю імя Бялінскага да заканчэння інстытута. Рамантычная душа прагнула дарогі. На першую практыку едзе ў шматтыражку Іркуцкай ГЭС. Адтуль перабярэцца на Байкал, будзе працаваць з рыбакамі і дасылаць у “Восточно-сибирскую правду” замалёўкі пад агульнай назвай “Лісты з вострава Альхон”. Потым пераедзе на будоўлю Брацкай ГЭС. Там малады літаратар амаль усё лета працуе напарнікам шафёра самазвала, напіша пра гэтага беларускага хлопца поўную маладой рамантыкі аповесць “Кедры глядзяць на мора”. Пасля франтавога ліхалецця ён пабачыў у сібірскіх вандроўках новы свет. Енісей і Лена, Ангара і Амур, пыльны стэп Хакасіі і сопкі Магадана, Дудзінка, Мінусінск... Дзівосныя, ашаламляльна шырокія прасторы паклічцуць да напісання твораў маштабных, з выразнымі, яркімі характарамі герояў. Гэта былі гады назапашвання жыццёвага і товарчага вопыту. Творчая ўдача была спагаднай. За аповесць “Самы высокі паверх” Алесю Савіцкаму прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі. Удачнікаў у літаратуры калегі па пяру не любяць. На кнігу “І нічога ўзамен” той-сёй з крытыкаў паглядзеў скоса і нядобразычліва, хоць у мастацкіх адносінах гэты твор быў мацнейшым, чым папярэднія. Раман “Тры непражытыя дні” выклікаў буру. Вакол яго была прыменена самая ўніверсальная зброя творчага і маральнага ўціску: даносы, паклёпы, ананімныя лісты, патрабаванні не дапусціць, “каб голыя жанчыны скакалі па нашай цнатлівай беларускай літаратуры”. Была падключана нават маскоўская прэса, чый крытычны голас па тым часе можна было лічыць амаль прыгаворам. Дарэчы будзе прыгадаць, што Алесь Савіцкі ў той час працаваў загадчыкам сектара літаратуры ў апараце ЦК КПБ, і гэта яшчэ больш рабіла дзейснай арганізаваную кампанію. Пры такіх абставінах Алесь Савіцкі сам напісаў пісьмо П.М.Машэраву, выказаў свой погляд на рэчы, а заадно папрасіўся на “вольны хлеб”, каб лішне не дражніць разварушаных зламыснікаў. Вось некалькі радкоў з успамінаў пісьменніка: “Калі ў часе гаворкі – а яна ішла да поўначы – у кабінет зазірнуў другі сакратар, Машэраў сказаў: -- А ўсё ж такі пасаду яму трэба падабраць. ЦК што? ЦК вытрымае. А ён можа зламацца... Тады я вазьмі ды скажы ў адказ: -- Няўжо вы, Пётр Міронавіч, лічыце, што ў былога камандзіра падрыўной групы мужнасці меней, чым у былога партызанскага камісара? Машэраў смяяўся ад душы!” Алесь Савіцкі на вольным хлебе ўжо 30 гадоў. І гэты час быў творча плённым. Раманы, аповесці, публіцыстыка, кнігі для дзяцей. Адна з іх – “Дзівосы Лысай гары” была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Вогнішча на дзоце Звычайна ў Дзень Перамогі ён кліча мяне і яшчэ некалькіх пісьменнікаў адзначыць свята... на дзоце. Цяпер нават не магу прыгадаць, калі і каму прыйшла такая ідэя ў галаву, але вогнішча на дзоце ў Дзень Перамогі зрабілася традыцыяй. Стары, заглыблены ў зямлю дзот стаіць на адкрытым пагорку ля шашы Заслаўль—Дзяржынск непадалёку ад нашай Лысай гары. Па дарозе збіраем яловы сушняк. Для таго сякерка ў партызана за поясам. Прыхапілі з сабою няхітрую “снедзь”, каб было чым свята адзначыць. Збіраемся вечаровым змрокам на лабатую, удзірванелую макаўку цяжэзнага збудавання... І вось ужо скача па голлі, трашчыць, раздаючыся ўшыркі, вясёлы агонь. Полымя высвеціла ромбік татуіроўкі на руцэ партызана. На бакавінах надпіс: “2 мая 1945 года пал надменный Берлин”. Ведаю, што такі ромбік падарыў чатыром свім сябрам-танкістам франтавы ўмелец-мастак, сказаўшы, што гэта памяць аб змацаваным крывёю братэрства. Пра што ён думае цяпер, партызан, пісьменнік? Можа, загадвае рэйд у Прыдзвінні? Можа, бачыць у касніках вогнішча полымны рэйхстаг? А можа, прыгадаў, як на пісьменніцкім з’ездзе некаторыя “задэмакрачаныя шчалкапёры” пасляваеннага крою бегалі завуголлем Дома літаратара, агітавалі, каб са спісаў у раду выкрэслівалі пры галасаванні Алеся Савіцкага і ўсіх астатніх, хто не падзяляе іх “засвядомленага” палу? Гляджу на асветленае зарывам аблічча і ў адзінае веру, што гэта амаль рытуальнае вогнішча на дзоце дае былому партызану, выдатнаму пісьменніку ўпэўненасць і сілу ў жыцці, у творчай працы. І нам, хто з ім, таксама. Таму і радкі, прысвечаныя партызану і пісьменніку, нараджаюцца ў студзеньскія дні яго васьмідзесяцігоддзя: У лагдоны вечар на пачатку мая, ледзьве рунь запесціцца ў тумановым сне, дот стары над полем пад сівым Заслаўем іскрамі траскучымі цемру красане. Ледзьве месяц сонны бліснуў над барамі, ажылі чаромхі звонам салаўёў. Партызан Савіцкі з вернымі сябрамі на бетоне мшэлым вогнішча развёў. А былыя хлопцы, з кім ішлі на рэйкі, з кім каля рэйхстага пралівалі кроў, бачацца здалёку скрозь слязу на вейках – сталі пабрацімы зорамі палёў. Эх, жыццё-гаркота! Прысмак палыновы! Глянь на шлях свой зблізку, паглядзі здалёк – не абняць рукамі, не ахопіш словам, як у небе чыстым з іскрамі дымок!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter