Жыццём i словам прысягаючы...

Навуковая грамадскаць нашай краiны адзначае важную ў фiлалагiчным жыццi падзею — 85-годдзе слыннага вучонага, таленавiтага журналiста, здольнага арганiзатара беларускай навукi, якi стаiць ля вытокаў класiчнай беларускай стылiстыкi i стылiстыкi публiцыстычных жанраў, доктара фiлалагiчных навук, прафесара, заслужанага работнiка адукацыi Рэспублiкi Беларусь Мiхася Яўгенавiча Цiкоцкага.

Вучыцца слову i навучаць яму — высакародная справа, якая не мае iмгненнага эфекту, а патрабуе адмысловай i скрупулёзнай працы. Не заўважаеш, як зерне цягнецца да сонца, убiраючы ў сябе цяпло яго промняў, як парастак набiрае моц, колас налiваецца зернем, так i ў момант не прыкмецiш, як сталее, выкрышталiзоўваецца слова вучня. Асаблiвае стаўленне да журналiсцкага маўлення — тое, што вызначае жыццёвы лёс Мiхася Яўгенавiча.
Iмя беларускага вучонага з гонарам можна занесцi ў залаты фонд беларускай фiлалогii — стылiстыкi, мовазнаўства, журналiстыкi, лiтаратуразнаўства, настолькi руплiвым, дбайным пра родную мову i надзвычай плённым стаў жыццёвы шлях сапраўднага прафесара, арыстакрата па навуковаму духу, вытанчанага ў фiлалагiчным гусце стылiста.
М.Я. Цiкоцкi  нарадзiўся 20 лютага 1922 года ў Бабруйску ў сям’i вядомага кампазiтара Яўгена Карлавiча Цiкоцкага. У 1933 г. сям’я пераехала ў Мiнск, дзе Мiхаiл Яўгенавiч вучыўся i закончыў сярэднюю школу.
Пачалася вайна... Малады салдат прысягнуў сваёй Радзiме i пайшоў абараняць яе ад ворага, ваяваў на 1-м, 2-м i 3-м Беларускiх франтах. Летам 1944 г. пад Кобрынам быў паранены. Узнагароджаны двума медалямi “За адвагу”.
Пасля дэмабiлiзацыi ў 1946 г. М.Я.Цiкоцкi паступiў вучыцца на факультэт журналiстыкi БДУ iмя У.І.Ленiна, якi закончыў у 1950 годзе. З сапраўдным журналiсцкiм запалам працаваў у рэдакцыях газет “Савецкi селянiн” i “Калгасная праўда”, у часопiсе “Вожык”. Адначасова вучыўся ў завочнай аспiрантуры пры кафедры тэорыi i практыкi савецкай журналiстыкi, а праз тры гады паспяхова абаранiў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Публiцыстыка Якуба Коласа”.
Цяга да навукi, тонкае адчуванне беларускага слова, яго мiлагучнасцi, нюанснага зместавага напаўнення вяртаюць вучонага ва унiверсiтэт. З 1953 г. М.Я.Цiкоцкi працуе на факультэце журналiстыкi Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта. У 1972 г. Мiхась Яўгенавiч абараняе доктарскую дысертацыю на тэму “Праблемы публiцыстычнага стылю”, а праз год атрымлiвае вучонае званне прафесара.
Стылiстыка — асноўны навуковы занятак Мiхася Яўгенавiча. На Беларусi ён стаў яе заснавальнiкам i... прадаўжальнiкам традыцыi рускай стылiстыкi. Калi апошняя мела для свайго плённага функцыянавання i аналiтычнага апiсання магутны падмурак — даследаваннi выдатных вучоных мовы Пушкiна, Лермантава, Гогаля, Чэхава, то беларускi вучоны стаў перад праблемай стварэння стылiстыкi беларускай мовы без такога падручнага матэрыялу. Гэта пасля з’явiцца мноства прац па вывучэннi мовы мастакоў слова Коласа, Купалы, Чорнага, Лужанiна, Караткевiча, Мележа i iнш. Пад клапатлiвым i дбайным вокам даследчыка пачала фармiравацца стылiстыка публiцыстычных жанраў — сiмбiёз фiлалагiчнай навукi, у якой арганiчна спалучылiся набыткi лiнгвiстыкi, лiтаратуразнаўства i журналiстыкi. Сiмвалiчна, што аўтарам “Стылiстыкi публiцыстычных жанраў” стаў прафесар Цiкоцкi, кнiгi, якая i па сёння застаецца адзiнай у сваiм родзе i якую, нягледзячы на мову напiсання, вывучалi ў свой час у Маскоўскiм дзяржаўным унiверсiтэце.
Навуковая спадчына Мiхася Яўгенавiча Цiкоцкага яскрава пацвярджае жыццёвую iсцiну — чалавек працягваецца ў справе. Руплiва назапашанае ў скарбонцы, перакiдае масток да наступных пакаленняў, да спасцiжэння таямнiц маўлення, адкрывае шлях да творчага пошуку. Бо менавiта валоданне густоўным словам вызначае аблiчча сучаснага журналiста, акрэслiвае яго прафесiйную годнасць, робiць яго мабiльным i паспяховым.
Сотнi журналiстаў удзячны свайму Настаўнiку за добразычлiвасць, чуласць, розум, высакароднасць i прафесарскую iнтэлiгентнасць, вытрымку i талерантнасць. Дзе ёсць газета, часопiс, рэдакцыя, там б’ецца Ваша, Мiхась Яўгенавiч, сэрца, рэхам аддаюцца Вашы словы. Вуснамi Цiкоцкага гавораць журналiсты...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter