Не бывае шчаслівага жыцця, бываюць толькі шчаслівыя дні, упэўнены генеральны дырэктар ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Агракамбінат “Мачулішчы” Васіль Акуліч

Жыццё як панядзелак

З юнацтва лёс пастаянна кідае вядомага цяпер аграменеджара Васіля Акуліча з аднаго боку ў іншы. І ўсякі раз ён аказваецца на вышыні

З юнацтва лёс пастаянна кідае вядомага цяпер аграменеджара Васіля Акуліча з аднаго боку ў іншы. І ўсякі раз ён аказваецца на вышыні


ПЕРШЫНЕЦ нашчадных хлебаробаў Васіль АКУЛІЧ пасля заканчэння вясковай васьмігодкі вырашыў працягваць справу продкаў. Па накіраванні лельчыцкага калгаса “Дружба” паступіў на агранамічнае аддзяленне Чырвонабярэжскага саўгаса-тэхнікума, і праз чатыры гады вучобы вярнуўся ў гаспадарку спецыялістам. Завочна закончыў і агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пачынаў калгасным брыгадзірам, працаваў дырэктарам саўгаса, начальнікам Лельчыцкага і Лагойскага раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, старшынёю Любанскага райвыканкама, першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама. Практычную дзейнасць у сельскай гаспадарцы сумяшчаў з навуковай. Двойчы давялося абараняць кандыдацкую дысертацыю. Атрымаў дыплом кандыдата сельскагаспадарчых навук. Другі год Васіль Іванавіч узначальвае ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Агракамбінат “Мачулішчы”, што побач з беларускай сталіцай. Выбіраўся дэпутатам Мінскага абласнога Савета. За плённую працу адзначаны Ганаровымі граматамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Мінсельгасхарча, Гомельскага і Мінскага аблвыканкамаў.



ДАБРАЦЦА да  палескай вёскі Прыбалавічы, што паміж тысячагадовым Туравам і Лельчыцамі, раней можна было толькі па зімніку, калі моцныя маразы скоўвалі дрыгву. Прыбалаўцаў заўжды падтрымлівалі багатыя на прыродную даніну навакольныя балоты і густы бор. Традыцыйна вялікія палескія сем’і вялі сваю гаспадарку. Трымалі па некалькі кароў, коней, чароды гусей, качак, мноства кур. 

Аўдавелая ў вайну калгасная пенсіянерка Марта Акуліч магла ўжо адпачываць, але па звычцы тупалася па хатніх справах. Унучак Васіль дапамагаў пасвіць яе кароўку, за што чуллівая бабуля аддзячвала рублём са сваёй дванаццацірублёвай калгаснай пенсіі. Расказвала дапытліваму ўнуку, як у першыя дні вайны праводзілі мужчын на фронт. Пад Арлом загінуў Іван Акуліч. Дачку Галю фашысты разам з пяццюдзесяццю аднавяскоўцамі зімою 1943 года зажыва спалілі. І ў суседнім Тонежы напярэдадні святкавання Калядаў азвярэлыя нелюдзі сагналі сялян у царкву і таксама падпалілі. Ніхто не ўратаваўся. 259 жыццяў абарвалася. Сялян ратавала балота, дзе яны хаваліся ад лютага ворага. Гітлераўцы ладзілі карніцкія аперацыі, і з самалёта кулямётнымі чэргамі прашывалі забалочаныя лясныя гушчары. 

Франтавой удавой засталася і другая бабуля Васілька, у якой, акрамя мужа, вайна забрала і двух старэйшых сыноў. Ніколі не чуў хлопчык ад сваіх бабуль вясёлых спеваў. Бабуля Кацярына жыла з імі пад адным дахам. Дапамагала па хатніх справах, шасцярых унукаў няньчыла. Ганарылася сынам Іванам, які адным з першых у Прыбалавічах стаў шафёрам. Ліха кіраваў калгасным грузавіком. За вялікае шчасце было Васілю і яго малодшым братам Сяргею і Мішу праехацца па вясковай вуліцы ў кабіне. Маці Лідзія Іванаўна працавала ў калгаснай паляводчай брыгадзе, і па сваёй гаспадарцы клопатаў хапала. Асабліва напружаным быў час касавіцы і жніва. Усёй сям’ёю выносілі скошаную траву з балота на грудок і сушылі на сена для сваіх дзвюх кароў, дровы з бору вазілі, агарод апрацоўвалі.

— З малых гадоў з бацькамі і бабулямі цягалі з дрыгвы торбы журавін, з бору — кашы баравікоў, — узгадвае Васіль Акуліч. — Іншыя грыбы не збіралі, хапала белых. Ведалі самыя ягадныя мясціны, дзе раслі чарніцы, буякі, брусніцы, маліна, ажыны. Збіралі спелыя лясныя арэхі. Рыбу кашамі ў канавах, на рачных затоках лавілі. Так у клопатах пралятала лета, і пачыналася школьная вучоба. Усе прадметы даваліся лёгка, але чамусьці з пачатковых класаў не ляжала душа да матэматыкі, якую выкладаў настаўнік Гаўрыла Акуліч. Так сталася, што менавіта матэматыка знайшла сваё месца ў маім лёсе.

У нашу школу прыслалі малодзенькую выпускніцу Гомельскага педінстытута Надзею Галавач, яна кватаравала ў бабулі Кацярыны, побач з намі. Я працаваў ужо галоўным аграномам у калгасе. Пазнаёміўся з маладой настаўніцай, і разам на танцы, у кіно хадзілі. Напрыканцы вясны, у маі, калі ўся вёска патанала ў квітнеючых садах, вяселле згулялі. І стала маёй жонкай настаўніца матэматыкі. 

— Кажуць, хто ў маі жэніцца, будзе па жыцці “маяцца”. А як вы?

— Жыццё, як маятнік, кідае з аднаго боку ў іншы. У мяне такое пастаянна, пачынаючы з юных гадоў. 

— Прафесію самі выбіралі?

— Дзяды і прадзеды гаспадарылі на зямлі, яна іх карміла. Пасля васьмігодкі вытрымаў уступныя экзамены ў Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум і чакаў выкліку на вучобу. Стаялі сухія і цёплыя апошнія дні лета. Паштальён прынёс канверт з запаветным лістом. Мяне родныя павіншавалі з паступленнем. Сям’ёю збіралі на вучобу. Склалі ўсё неабходнае. У калгасе завяршалася жніво, і амаль уся вёска працавала ў полі. Суседскія хлопчыкі па неасцярожнасці падпалілі сена ў хляве, і ўспыхнула полымя. Агонь перакінуўся на хату. Тушыць пажар не было каму. Пакуль выклікалі пажарных, загарэліся суседнія пабудовы. Як свечка ўспыхнуў дах нашай хаты. Восем сялянскіх дамоў згарэла. Прыехаў бацька на аўтамашыне, і як убачыў папялішча, агарнуў рукамі галаву і доўга сядзеў моўчкі. Маці галасіла: як будзем жыць далей? Уся вёска дапамагала пагарэльцам. Мне не было ў чым ехаць на вучобу. Аднавяскоўцы прынеслі крымпленавы касцюм. Цудам ацалела нейлонавая кашуля, якую прыслаў у падарунак з Сахаліна мамін брат Раман. Яе, запэцканую пажарным смеццем, суседка прапаласкала і вырашыла прасам высушыць. Зыркі прас прапаліў нейлонавую тканіну. Бабуля Марта адрэзала з падола кашулі частку тканіны і хуценька аднесла да швачкі, якая залатала дзірку. У крымпленавым касцюме і ў гэтай кашулі адправіўся на вучобу. На выхадныя прыязджаў дамоў і дапамагаў аднаўляць сядзібу. Толькі праз год вярнуліся на свой падворак. 


Васіль АКУЛІЧ, 1995 г

— Як давалася вучоба?

— З цікавасцю спасцігаў агранамію. З калгаса атрымліваў 36 рублёў стыпендыі, і з сябрамі ў вольны час выгружаў вагоны. Дапамагаў мне і дзядзька Раман. У час вучэбнай практыкі ў чырвонабярэжскай гаспадарцы Жлобінскага раёна сціртавалі салому. Механізатары падвозілі копы і капакідальнікамі ўкладвалі. За месяц зарабіў 700 рублёў і купіў футравую шубу, модныя туфлі на платформе, у майстэрні заказаў штаны клёш. Прыехаў дамоў у Прыбалавічы ў абноўках.

— Вучоба чарадавалася з вытворчай практыкай. Дзе яе праходзілі?

 — У тураўскім калгасе “Перамога”, які славіўся на ўсю рэспубліку высокімі ўраджаямі. Разам з галоўным аграномам займаліся хімпраполкай, апрацоўкай пасеваў супраць шкоднікаў. На шчодрых тураўскіх чарназёмах намалочвалі амаль па сто цэнтнераў пшаніцы, якую на грузавіках праз прыпяцкі паром вазілі на дзяржаўны зернепрыёмны пункт у пасёлак Пціч. Многаму вучыўся ў тураўскага калгаснага агранома. Вярнуўся ў тэхнікум, а пасля здачы дзяржаўных экзаменаў наперадзе была служба ў арміі. Вучэбку праходзіў у горадзе Балагое, што паміж Ленінградам і Масквою. Захварэў і амаль тры месяцы праляжаў у ваенным шпіталі. Прапаноўвалі камісавацца, але адмовіўся і стаў актыўна займацца спортам. Мог на адной руцэ два разы падцягнуцца. Ніколі не піў гарэлкі і не курыў. Захапіўся цяжкай атлетыкай. Цягаў штангу, з-за чаго рост “пасадзіў”. 

Пасля завяршэння службы атрымаў прапанову ў органы дзяржаўнай бяспекі, але душа ірвалася дамоў, да зямлі. Старшыня лельчыцкага калгаса “Дружба” Уладзімір Грынцэвіч прапанаваў пасаду галоўнага агранома. Ворыўнай зямлі ў гаспадарцы было ўсяго 1048 гектараў, якія лапікамі туліліся сярод балот. Добра радзіла бульба. Амаль па 400 цэнтнераў атрымлівалі з гектара і больш як па 30 цэнтнераў збожжа. Натуральная ўрадлівасць угоддзяў не перавышала 28 балаў. Па эканамічных паказчыках лідзіравалі ў раёне. Эфектыўна займаліся вырошчваннем лубіну на насенне і ўдала прадавалі ў Прыбалтыку. За адзін “КамАЗ” прададзенага насення маглі купіць мінскі трактар.

Працу агранома спалучаў з завочнай вучобай на агранамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Вечарамі пісаў кантрольныя работы, але знаходзіў час і для адпачынку. Пад гармонік і музычныя электраінструменты да апоўначы скакала моладзь. Калі дэманстраваліся цікавыя фільмы, яблыку не было дзе ўпасці ў глядзельнай зале. І мы з Надзеяй не праміналі клубных забаў. Нават калі дзеткі падрасталі, знаходзілі час, каб паглядзець канцэрт ці новы фільм. 

— Пасля заканчэння сельгасакадэміі не было жадання паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка гаспадаркі?

— Такое адчуванне само па сабе прыйшло, калі стаў намеснікам старшыні калгаса. Праца з людзьмі многаму навучыла. Прапанавалі пасаду інструктара райкама партыі і кватэру ў Лельчыцах. Прыехаў у райцэнтр, паказалі мой рабочы стол у кабінеце. Пасядзеў за ім некалькі гадзін і не вытрымаў, зайшоў да першага сакратара райкама партыі і прызнаўся, што не для мяне гэты занятак. Кіраўнік падзякаваў за шчырасць і паціснуў руку за прызнанне. Рэйсавым аўтобусам вярнуўся ў Прыбалавічы. І хутка ўзначаліў саўгас імя Мічурына, цэнтральная сядзіба якога ў вёсцы Грабяні, што на мяжы з Украінай. Гаспадарка пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Трэба было высяляць жыхароў вёсак Воранава, Кавыжава, Лохніцы, Грабяні, Запясочнае. Пенсіянерам і інвалідам прадастаўлялі жыллё ў сталічным мікрараёне Малінаўка, а сем’і з малымі дзецьмі засталіся на месцы. Гэта мяне вельмі здзіўляла. У тыя цяжкія гады часта ў раён прыязджаў старшыня Дзяржкамчарнобыля Іван Кенік і ўсяляк дапамагаў нам. Пры яго падтрымцы сваім ходам з Ленінграда прыгналі магутныя трактары “Кіраўцы”. Людзей адсялялі, трэба было і вытворчасць спыняць. Раптоўна гэта не зробіш. Жывёлаводы выехалі, і кароў не было каму даіць. Засталіся толькі тыя, хто не захацеў высяляцца, і выпівохі, якіх адпраўлялі ў Мінск на кадзіроўку да доктара Людмілы Брыкавай. Прыязджала яна ў гаспадарку і лячыла аматараў выпіўкі. Удалося захаваць саўгас, які і цяпер адзін з лепшых у раёне. Зараз гаспадарка далучана да суседняй “Стадолічы”.

— Васіль Іванавіч, а калі вы пачалі займацца навуковай дзейнасцю?

— У тэхнікуме захапіўся агранаміяй, і ў час самастойнай працы цікавіўся ўсім новым, многае прымяняў у практычнай дзейнасці. Вырашыў паступіць у аспірантуру і заняцца дакладным даследаваннем. Рыхтаваў навуковую дысертацыю на тэму: “Рэфармаванне сельскагаспадарчай вытворчасці і састаў працоўных рэсурсаў на вёсцы” на прыкладзе Гарадоцкага і Лельчыцкага раёнаў. Але так сталася, што вучоны савет не па маёй віне не зацвердзіў абарону дысертацыі. Паўторная абарона была прысвечана жывёлагадоўлі. Атрымаў дыплом кандыдата сельскагаспадарчых навук. 

Кіраваў упраўленнямі сельскай гаспадаркі і харчавання Лельчыцкага, а потым Лагойскага раёнаў. Узначаліў Любанскі райвыканкам. Раён з-за слабай кармавой базы адставаў па паказчыках у жывёлагадоўлі. Узмацнілі корманарыхтоўчыя атрады ў гаспадарках і ў райсельгастэхніцы. Былы старшыня райвыканкама Валерый Грыбанаў наладзіў пастаўку ў раён з Ленінградскай вобласці шматкампанентнага насення траў. Гэтую справу прадоўжылі і актыўна распачалі рэканструкцыю жывёлагадоўчых ферм. Пабудавалі новыя даільныя залы. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы за пяцігодку павялічылася на 12 тысяч галоў, у тым ліку амаль 4 тысячы дойных кароў. Свіней у гаспадарках утрымлівалася каля 2 тысяч галоў. Узвялі свінакомплекс і давялі пагалоўе да 20 тысяч. Упершыню за ўсю гісторыю Любанскага раёна атрымалі валавы збор зерня звыш 100 тысяч тон і стабільна сталі трымацца гэтага паказчыка. Толькі кукурузы намалочвалі на зерне звыш 35 тысяч тон. Раён выйшаў у абласныя лідары па жывёлагадоўлі. Будавалі і аб’екты культурна-сацыяльнага прызначэння. У Любані адкрылі школу мастацтваў, Дом рамёстваў. На цэнтральнай плошчы зладзілі фантан. Адрамантавалі Дом культуры, бальніцу ў эксперыментальнай базе “Любанская”, пабудавалі два плавальныя басейны і адзін дзіцячы. Усе вуліцы ў райцэнтры заасфальтавалі. 

— Васіль Іванавіч, давялося вам працаваць і першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, дзе курыравалі сельскую гаспадарку. Цяпер вы ўзначальваеце незвычайную гаспадарку, філіялы якой працуюць па ўсёй Беларусі. Чым яна асаблівая?

— Каб пабываць у кожным структурным падраздзяленні, трэба праехаць звыш 4 тысяч кіламетраў. У нас свае мясакамбінаты: “Александрыя”, “Кляновічы” і “Камароўка”. Цяплічныя камбінаты “Рудакова” і “Мачулішчы”, рыбгас, ПМК, сырзавод. Усяго аб’яднана 27 вытворчых адзінак, дзе занята 12 тысяч працуючых. Штодзённа з комплексаў і ферм паступае на перапрацоўку тысяча тон малака. 165 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 52 тысячы кароў, амаль 4 мільёны птушкі. Кіруем гаспадаркай дыстанцыйна праз відэаканферэнцыі. Галоўныя спецыялісты больш часу праводзяць у камандзіроўках. Кожны тыдзень пачынаем з планёркі. Падпарадкоўваемся Упраўленню справамі Прэзідэнта. Наш непасрэдны куратар — Надзея Мікалаеўна Каткавец. 

— Што вас як кіраўніка такой магутнай структуры больш за ўсё хвалюе?

— Фінансы. Дыспарытэт цэн. На сельгаспрадукцыю некалькі гадоў цэны не мяняюцца, а на камплектуючыя растуць. Кіраваць такой гаспадаркай вельмі адказна. Валавая вытворчасць малака ўпала на 0,8 працэнта. Трэба тэрмінова прымаць меры, каб паправіць справы. Прааналізавалі сітуацыю і вызначылі, што не стае бялку ў рацыёне кароў. Раней гэты кампанент закуплялі ў Расіі і Украіне. Пасрэднікі сталі накручваць цану. Таму неабходна наладзіць цэнтралізаваны закуп у вытворцаў. Такімі клопатамі заняты. 

У мяне такі характар, што ўсё жыццё як панядзелак. Не бывае шчаслівага жыцця, бываюць толькі шчаслівыя дні. Імкнуся, каб іх было болей. Не магу адвучыцца, каб не браць усё блізка да сэрца. Гэта ад бацькоў. І дзяцей такімі з жонкай Надзеяй Іванаўнай выхоўвалі. Дачка і сын закончылі эканамічны ўніверсітэт. Але гэтага ім мала, і дачка атрымала дыплом журналіста. Выйшла замуж і жыве ў Германіі. Сын Іван восем гадоў лятае на спартыўных самалётах. У яго ёсць пілоцкі допуск. Рыхтуецца перайсці ў Беларускі авіяатрад. Завочна завяршае вучобу ў Санкт-Пецярбургскай акадэміі грамадзянскай авіяцыі. Жывём з жонкай чаканнем унукаў.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter