Больш за 150 гадоў сумарна беларускай галіне культуры аддала сям’я Кавалёвых

Жыццё як па нотах

Калі Марыя Іванаўна і Аляксандр Афанасьевіч Кавалёвы спявалі і ігралі на інструментах для сваіх малых дзяцей, яшчэ не здагадваліся, што чацвёра з іх прысвецяць сваё жыццё галіне культуры, прычым культуры аднаго, Гомельскага, раёна. Сын Віктар Кавалёў ужо доўгія гады ўзначальвае Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і вольнага часу і сумеў перадаць любоў да творчасці сваім дзецям.

Народны  «рэпчык»

Да сцэны пачынаюць падцягвацца людзі.

— Што сёння робім?

Віктар Кавалёў дастае спіс:

— Сёння адпрацуем «Прыві­тальную», «Ехалі каза­чэнькі», «Хутарок» і…

— І прасядзім тут да раніцы! — жартуюць прысутныя, паслухмяна становяцца на свае пазіцыі і зацягваюць:

— Вас вітаем шчыра!

Вас вітаем шчодра!

Інструмент Віктар КАВАЛЁЎ асвоіў самастойна яшчэ ў дзяцінстве

Аграгарадок Урыцкае знахо­дзіцца пад Гомелем. Размешчаны тут рэгіянальны цэнтр культуры і вольнага часу — самая папулярная для мясцовых пляцоўка. Тут можна і кіно паглядзець, і на канцэрт завітаць, і свае таленты праявіць. Сёння рэпетыцыя заслужанага ансамбля народнай песні «Скарыначка». Гэты састаў ужо трэці па ліку за больш чым 30-гадовае існаванне калектыву. Людзі абсалютна розных узростаў — ад маладых дзяўчынак-студэнтак да вопытных пенсіянераў. Усіх іх аб’ядноўвае адно — любоў да шчырай народнай песні. Рэпетыцыю нязменна суправаджаюць жарты.

— А што за «мінусоўка» для «Хутарка»?

— А вам якая патрэбна? Магу зрабіць рэпчынку ці хард-рок!

Сёстры Надзея і Рыма

Дырэктар цэнтру Віктар Кавалёў гэтым ансамблем кіруе з 1986 года, ён сам яго і заснаваў. А нарадзіўся адзін з самых яскравых дзеячаў гомельскай культуры ў Расіі. Яго калужскае дзяцінства прайшло ў музычнай атмасферы. Бацькі афіцыйна працавалі ў сельскай гаспадарцы, але заўсёды пакідалі месца творчасці. Бацька Аляксандр Афанасьевіч душэўна іграў на баяне, маці Марыя Іванаўна выдатна спявала. У свеце нот рос кожны з пяці дзяцей Кавалёвых. Таму калі да 6 год Віктар самастойна асвоіў гармонік, а ў 12 вырашыў стаць музыкантам, ніхто ў сям’і не здзівіўся.

— Памятаю, на танцах раней абавязкова гармонік быў. Калі раптам дзе пачыналася бойка, мяне не чапалі: я ж музыкант, паважалі!

Скончыўшы ў Бранску музыкальнае вучылішча, Віктар працаваў у калужскіх клубах і даносіў свет песень да рабочых мас. Прыклад таленавітага брата так паўплываў на дзяўчынак, што ў рэшце рэшт да галіны культуры далучыліся і сёстры Надзя, Рыма і Лена. Вось толькі аднойчы родныя вырашылі перабрацца на Гомельшчыну. Віктар да таго часу паспеў ажаніцца, і жонка Надзея сказала: не паеду.

Сямейная  культура

Да бацькоў і сясцёр Віктар ва Урыцкае прыязджаў падчас водпуску. У адзін з такіх візітаў у 1983 годзе яго заўважыў старшыня мясцовай гаспадаркі Аркадзь Паташкін, які вялікую ўвагу надаваў развіццю культуры ў раёне.

— Ён чуў, што я добра працую. Паклікаў у дом культуры, даў баян, кажа: «Іграй!» Я сыграў, а ён: «А цяпер правядзі Масленіцу». Вось табе і адпачынак!

Віктар КАВАЛЁЎ з жонкай і дзецьмі

Аднак выклік Віктар прыняў і арганізаваў сапраўднае свята: з гульнямі, песнямі і танцамі. Пасля чаго і атрымаў прапанову: працаваць ва Урыцкім Доме культуры. На гэты раз супраць змен не была і жонка. Выдатных калектываў тут хапала, аднак таленавіты і актыўны музыкант марыў аб сваім. У 1986-м 
ён заснаваў «Скарыначку». І нават не толькі ён, але і ўся сям’я Кавалёвых.

— Маці мая асабліва была актыўнай удзельніцай, маім памочнікам. Яна ведае велізарную колькасць песень, валодае народнай інтуіцыяй. Рэпертуар у многім складваўся з яе прапаноў. Яна і спявала, і іграла на бубне. Я і хацеў, каб мы дэманстравалі нешта спрадвечнае, сапраўднае.

Кіраўнік не хавае: спачатку замест сцэнічнага майстэрства ва ўдзельнікаў калектыву было больш гучнасці. Паступова вучыліся пець па нотах, з’явілася акампанементная група, танцавальныя пары, выступленні станавіліся сапраўднымі спектаклямі. Праз некалькі гадоў калектыў атрымаў званне народнага, з гастролямі аб’ездзілі ўсю Беларусь, былі ў Расіі, Украіне, Прыбалтыцы. Віктар Кавалёў з цягам часу ўзначаліў Урыцкі цэнтр, амаль усе родныя працавалі побач. Сястра Рыма — мастацкі кіраўнік цэнтра, узначальвае народны ансамбль песні і музыкі «Крупец», які зусім нядаўна пацвердзіў сваё высокае званне. Выступала ў гэтым ансамблі Алена, а зараз працуе дырэктарам Заліпскага сельскага Дома культуры, гэта філіял Урыцкага цэнтра. На пасадзе яна змяніла сястру Надзею, якая аддала 30 гадоў культуры і кіравала яшчэ адным народным вакальным ансамблем «Чараўніца». Сям’ёй працаваць лягчэй, лічыць Віктар Кавалёў. Побач заўсёды надзейнае плячо, работа робіцца разам. Калі трэба арганізаваць маштабнае мерапрыемства, напрыклад, абрадавае свята, адзінай камандай гэта рабіць прасцей.

Танцавальнае  пакаленне

Работнік культуры заўсёды павінен быць аптымістам, а музыка — галоўны сродак для дасягнення гэтага, упэўнены Віктар Кавалёў.

— Прыходзіць чалавек на рэпетыцыю. У кожнага свае праблемы, цяжкасці. А пачынаеш распявацца, вучыць партыю — і ўжо душа раскрываецца, на жыццё зусім па-іншаму глядзіш!

Раман КАВАЛЁЎ — зараз вядомы і паспяховы харэограф.

Такую ўстаноўку і любоў да культуры Віктару і яго жонцы Надзеі, якая таксама прысвяціла сваё працоўнае жыццё Урыцкаму цэнтру, удалося перадаць і дзецям. Старэйшая дачка Іна скончыла вучылішча культуры ў Магілёве, а потым дзесяць лет працавала побач з бацькамі, зараз вучыць танцаваць дзяцей у Санкт-Пецярбургу.

На рэпетыцыі «Скарыначкі».

Танцам прысвяціў сябе і малодшы сын Раман. За яго плячыма Гомельскі каледж мастацтваў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, у якім ён зараз і выкладае.

— Я быў на выпускным выступленні яго курса, — з гонарам успамінае бацька. — Гэта быў сапраўдны спектакль, адзінай лініяй праходзіў скразны сюжэт, мы быццам праляталі над рознымі краінамі, чые танцы і бачылі на сцэне. Раман дапамагаў нам і тут з пастаноўкай канцэрта, які мы рыхтавалі, прэтэндуючы на званне заслужанага. Пачыналася ўсё як звычайны ўрок у школе: настаўнік расказвала пра Год культуры на прыкладзе «Скарыначкі». Члены камісіі аднагалосна падпісаліся пад актам аб прысваенні звання.

Акрамя выкладчыцкай дзей­насці, Раман кіруе ўласным калектывам, некалькі гадоў танцаваў у балеце Іскуі Абалян. Быў харэографам «Славянскага базару», «Музычных вечароў у Мірскім замку», конкурсу «Міс Беларусь», рыхтаваў удзельнікаў адборачнага тура «Еўрабачання», працуе ў тэлевізійных шоу, здымаецца ў рэкламе і кліпах расійскіх зорак.

Але Віктар Кавалёў кажа, што ні дзяцей, ні зараз унукаў ён спецыяльна да творчасці не далучае:

— Яны неяк самі. Але калі атрымоўваецца да людзей данесці нешта глыбокае, асэнсаванае, то чаму не?

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter