Чаму моладзь выбірае рабочыя спецыяльнасці

Жыццё высокага напружання

Сёння выбар прафесій велізарны, як ніколі. Можна стаць модным інтэрнэт-блогерам ці заснаваць сваю фірму. Можна атрымаць вышэйшую адукацыю і працаваць у офісе, прасоўвацца па службовай лесвіцы. Але цяпер, у стагоддзе камп’ютарных тэхналогій, на вагу золата тыя, хто хоча і ўмее працаваць рукамі.

Аляксандр Рабчэўскі, электраманцёр 4-га разраду Круглянскай ПМК-266, нягледзячы на малады ўзрост (яму 23 гады), прафесіянал найвышэйшага класа. Спецыяльнасць “Тэхнік-электрык”, атрыманая ў Мінскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, дае яму магчымасць дарасці да кіраўніка. Але ён свядома выбраў рабочую прафесію:

— Колькі сябе памятаю, мы са старэйшым братам Віктарам заўсёды любілі нешта рабіць рукамі. Нарадзіўся я ў Талачынскім раёне ў пасёлку Друцк, у дзяцінстве шмат часу праводзіў у суседняй вёсцы ў дзядулі з бабуляй. Менавіта дзядуля шмат чаму мяне навучыў. А звычка корпацца ў электрапрыборах у нас з братам, напэўна, ад нараджэння. Дарэчы, ён, як і я, працуе электраманцёрам.

Чаму ж Аляксандр, скончыўшы мінскую навучальную ўстанову, не застаўся ў гэтым горадзе? Напэўна ж, былі магчымасці? Аказваецца, першае яго знаёмства з Круглянскай ПМК-266 адбылося пасля школы: прыйшоў сюды рознарабочым. Спадабаліся і гарадок, і людзі.

І, адпраўляючыся на вучобу, адразу вырашыў, што, атрымаўшы адукацыю, вернецца толькі сюды. Мегаполісы вабяць не ўсіх. Шум, мітусня, вялікія хуткасці. А Круглае — гарадок ціхі, утульны, спакойны, прыгожы, з развітой інфраструктурай, для жыцця вельмі камфортны.

У ПМК-266 Аляксандр праходзіў, будучы навучэнцам каледжа, і вытворчую практыку. Пашанцавала з настаўнікамі. Да таго ж зусім недалёка родны Друцк. Мама працуе загадчыцай Друцкага сельскага клуба. Ёй трэба дапамагаць па гаспадарцы. Увогуле, на размеркаванні пасля вучобы ў Мінску папрасіўся ў Круглае.

Першы час жыў дома, а на працу і назад дабіраўся аўтобусам ПМК-266 — падвоз супрацоўнікаў не толькі з Круглянскага раёна, але і з усіх прылеглых на будаўнічыя аб’екты арганізаваны выдатна. Потым былі радасныя падзеі: жаніцьба, нараджэнне дачкі Дзiяны. Цяпер ёй ужо тры гады. А паўтара месяца таму сям’і далі добраўпарадкаванае памяшканне ў інтэрнаце кватэрнага тыпу ў Круглым. Аляксандр распавядае:

— Мне даводзіцца выконваць самую розную працу: мантаж сілавых сетак, каробак, разетак. Наша прадпрыемства пастаянна асвойвае найноўшыя тэхналогіі: будуем высокатэхналагічныя фермы, жыллё, абсталяванае па апошнім слове тэхнікі. Нягледзячы на тое што спецыяльнасць рабочая, пастаянна даведваюся пра нешта новае для сябе: засвойваю інавацыйныя тэхналогіі, новыя матэрыялы. Цалкам магу быць кансультантам для калег і знаёмых, навасёлаў або забудоўшчыкаў, бо працую з 2013 года, ужо назапасіў пэўны вопыт. Калектыў у нас дружны, і ўсе ў сваёй справе сапраўдныя прафесіяналы, у кожнага ёсць чаму павучыцца.

Напэўна, многія бачылі аб’явы ў інтэрнэце наконт расцэнак на электрамантажныя работы. Да прыкладу, на Магілёўшчыне за падключэнне просценькага бра папросяць ад пяці долараў у эквіваленце, за люстру — ад 12 да 40. Яшчэ больш можна зарабіць у Маскве ці Піцеры. Але Аляксандра ніколі не прыцягвала праца на чужыне: нестабільнасць, аўралы, жыццё на здымных кватэрах або ў “палявых” умовах. “Чалавек ён грунтоўны”, — так яго характарызуюць калегі. І яшчэ: хоча жыць дома, з блізкімі, штодзень вяртацца да іх з працы, кожную нядзелю наведваць маму, дапамагаць ёй. Ён задаволены сваім жыццём. Цікавая праца, ды і аплата дастойная, хаця, напэўна, і ніжэй, чым у шабашнікаў ці бізнесменаў. Але Аляксандр не прывык лічыць чужыя грошы, яму і сваіх цалкам хапае.

Праца будаўнікоў, як вядома, нялёгкая — у любое надвор’е, нярэдка ўсё ж далёка ад дому, бо будуюць па ўсёй Магілёўшчыне і за яе межамі. Дадому Аляксандр часцей за ўсё вяртаецца вельмі позна, а раніцай зноў з’язджае яшчэ зацемна. Да таго ж яму не выпадае разлічваць на летні адпачынак, бо для будаўнікоў цёплы час года — пік сезона. Але, калі любіш тое, чым займаешся, цяжкасцей не заўважаеш.

Начальнік аддзела кадраў Круглянскай ПМК-266 Данута Кісялёва так характарызуе маладога чалавека:

— Якое б складанае заданне яму ні даручылі, заўсёды справіцца, пры гэтым усё выканае ў самыя кароткія тэрміны. Яго вельмі шануе кіраўніцтва. Аляксандр добрасумленны, старанны, абавязковы. Нават на бальнічныя ніколі не ходзіць. І ў зносінах прыемны — інтэлігентны, ураўнаважаны, вытрыманы, тактоўны, з высокім інтэлектам. Мы вельмі рады, што ён канчаткова ў нас замацаваўся. Пабольш бы на нашых будоўлях такой моладзі!

Увогуле, Аляксандра смела можна лічыць чалавекам паспяховым, які знайшоў сваё месца ў жыцці. Галоўнае, спецыяліст запатрабаваны, штодзень, штогадзіны адчувае: ён патрэбны. Але выбрацца ўсёй сям’ёй у спарткомплекс, дзіцячае кафэ або на канцэрт пакуль атрымліваецца вельмі рэдка. Аднак маладыя муж і жонка кажуць: вось падрасце трошкі малая Дзiяна, пойдзе ў дзіцячы сад, стане больш самастойнай і часу на адпачынак будзе крыху больш.

Irina_mendeleva@mail.ru

Фота Аляксандра Плаксіцкага
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter