В проекте "Сильная женщина" руководитель фольклорных коллективов Раковского центра народного творчества Воложинского района Елизавета Петровская

Жыццё шчаслівае тым, чым яно напоўнена

Мастак, рэжысёр, спявачка, кіраўнік фальклорных гуртоў і хору пры касцёле, маці чацвярых дзяцей. Сустракайце, у нашым праекце «Моцная жанчына» Елізавета Пятроўская



Больш за дзесяць гадоў яна выкладала ў школах Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў, апошнія дваццаць гадоў кіруе фальклорнымі калектывамі Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Валожынскага раёна, а гэта больш за паўсотні чалавек. За сваю дзейнасць у 2011-м яна стала «Жанчынай года» — перамагла ў намінацыі «За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства». Калі гераіня праекта аналізуе сваё жыццё, дзякуе ў першую чаргу бацькам і малой радзіме — Ракаву. Тут яна знайшла сябе і сваё прызванне. Адсюль моц яе не толькі як жанчыны, кіраўніка, але і як асобы. Заўважаю, што, нягледзячы на розныя выпрабаванні ў жыцці, Елізавета Станіславаўна шчаслівая. Па-сапраўднаму.

Пра бацькоў


— Я, можна сказаць, дзяўчына пушчы: нарадзілася ў вёсцы Пілюжына Валожынскага раёна. Побач — налібоцкія лясы. Наша вёсачка больш падобна на хутары — хаты далёка адна ад адной. Тата родам з Сівіцы, мама — з Люціна. Праца ў яе была сезонная — у нарыхтоўчым пункце. Помню, варыла грыбы — такі пах стаяў. Бацька і будаўніком быў, і на кароўніку нейкі час рабіў, потым лесніком. Без лесу, наогул, не ўяўляў сабе жыцця. Для яго Мінск быў вялікім горадам, а для нас, дзяцей (у сям’і было шасцёра), Івянец здаваўся Амерыкай. Выбрацца ў гарадскі пасёлак — сапраўдная падзея: зборы, як за мяжу.

Вырасла ў каталіцкай сям’і: маці па магчымасці стралася вазіць нас у касцёл. З дзяцінства чытала малітвы. Памятаю, калі вучылася ў Валожынскай школе-інтэрнаце, дык усе кладуцца спаць, а я пад коўдрай прагаворваю малітвы. Такое выхаванне. Тата ў нас быў вельмі справядлівы і музыкальны. Першая якасць, дарэчы, не заўсёды ішла на карысць. А яшчэ вельмі любіў пчол. Зараз, як толькі пачую пах мёду, адразу вяртаюся ў тыя часы.

Добра запомніўся момант з дзяцінства. Аднойчы разам з малодшай сястрой Хрысцінай вярталіся з дзялак. Вырашылі пайсці іншым шляхам. Бачым: на полі яшчэ нейкія дзялачкі, а там прозвішча і імя нашай маці — Лямбовіч Стася. Мы і давай яе палоць. Якая для нас была асалода — прыйсці дадому і сказаць маме, што выканалі яе работу. Яна яшчэ не ўспела папрасіць, а мы ўжо ўсё зрабілі. Як ацэньвала такія ўчынкі? Вядома, дзякавала. Старалася прыгатаваць нешта смачнае — сухарыкі ці бісквіт — мёднік. Маму і тату мы называлі на «вы». Гэта была праява вялікай пашаны да бацькоў.

Пра дзіцячыя ўспаміны


Яны абрывачныя, але вельмі яркія. Падчас майго дзяцінства ўсе нашы школы і вёскі былі беларускамоўнымі. І вось заўсёды мяне здзіўляла тое, што, калі прыязджала з горада цётка, мама пачынала гаварыць з ёй па-руску. Гэта мяне злавала. Тады мне было пяць гадоў. Ведаеце, было складана ўспрымаць «іншую» мову. Калі пачула песню «В траве сидел кузнечик», выраз «он ел одну лишь травку» выклікаў здзіўленне. Не разумела, хто такі «лиштравка».

Вялікі ўплыў аказала і старэйшая сястра, з якой у нас адзінаццаць гадоў розніцы. Для мяне яна была кумірам: усё, што апранала, было самым прыгожым. Усё, што мела, здавалася нечым таемным і сакральным. З Людвікай любая работа была ў радасць. Да яе заўсёды цягнулася.

Падзея, якая найбольш узрушыла мяне, таксама з дзяцінства — меліярацыя. Памятаю, як выйшла за сад, а метраў за сто ад яго цякла рэчка. Гляджу, а там працуе бульдозер, рве з зямлі дрэвы. Для мяне яны заўсёды былі быццам жывыя... Сяджу побач і плачу. І па-дзіцячы не разумею: як так можна, чапаць рэчку? Яна ж звілістая, прыгожая, а з яе робяць звычайны прамюткі канал…

Пра любоў да творчасці


Скончыла чатыры школы: хадзіла ў Вуглы, потым у Сівіцу. Шмат хварэла — «дохлая» была: прапускала заняткі, стала кепска вучыцца. Таму мяне ўладкавалі ў Валожынскую школу-інтэрнат, каб менш хадзіла па марозе. Дзявяты клас скончыла ўжо ў Ракаве. Паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава. Рашэнне было асэнсаваным і чаканым. Усё дзяцінства думала, што буду мастаком. Акрамя дзіцячых гульняў, працы па гаспадарцы, вельмі любіла маляваць. Маё фарміраванне як чалавека, напэўна, і пачалося з дзяцінства. Мабыць, так адбываецца ва ўсіх людзей. Але зараз, працуючы ў творчай сферы, яшчэ больш упэўнілася ў важнасці таго, з якімі вобразамі звязана дзяцінства. З калыскі матуля пела мне калыханку, потым распавядала казкі. Гэта добра, бо дзіця само малюе вобразы, тым самым развіваецца. Памятаю, як старэйшая сястра купляла і прывозіла ў вёску кнігі. Усе яны былі ілюстраваныя. Глядзела на малюнкі, як на дзіва. Потым сама стала рабіць ілюстрацыі да казак. Лепш за ўсё ў мяне атрымліваліся людзі: разумела прапорцыі, нават анатамічны склад. Першы малюнак зрабіла ў тры гады. Памятаю, што чалавек быў з вялізнай галавой, аднак сукенку аздобіла добра — прыгожымі ўзорамі. А ў сёмым класе прачытала «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Тады яшчэ не ведала, чым буду займацца, але зразумела, для чаго буду жыць.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Гасцінец».

Пра цяжкія моманты


У 2005 годзе ў нас згарэла хата. На той момант для сям’і гэта быў вялікі стрэс. Аднак з цягам часу, паступова, стала прыходзіць асэнсаванне: самае галоўнае, што ніхто не пацярпеў — дзяцей дома не было. Якраз перад гэтым, можа, за паўгода, стала на расшырэнне. А пасля пажару мне як пацярпеўшай першачаргова сталі рыхтаваць дакументы на атрыманне крэдыту на пабудову жылля. Дзяржава большую частку ўзяла на сябе. Дапамагалі мясцовыя жыхары і арганізацыі — маральна і матэрыяльна. Гэта заўсёды памятаю. Талакой — сёстры і сваякі — на тым самым месцы і адбудаваліся. Ведаеце, маці мяне некалі вучыла: знайшоў — не радуйся, страціў — не шкадуй. Матэрыяльныя рэчы, канечне, важныя. Але грошы мы павінны зарабляць не дзеля іх саміх, а для таго, каб дзякуючы ім спасцігаць нешта новае. Бо самадастатковы ты не таму, што багаты, а таму, што пры дапамозе гэтых сродкаў можаш реалізавацца, адукавацца, некуды з’ездзіць.

Пра дзяцей


Іх чацвёра — трое сыноў і дачка, усе ў Ракаве. І ўсе на радасць маці творчыя асобы. Яны заўсёды былі пад бокам, зараз — удзельнікі нашых калектываў. Мабыць, калі б працавала не ў культуры, дзеці мяне б не бачылі. Увогуле выхаванне і дагляд — справа няпростая. Малых летам вазіла на ровары, зімой на санках. Гэта было фізічна складана. Аднак маладзейшая і здаравейшая з усім спраўлялася. Тады не думала пра цяжкасці. У чалавека шчаслівае жыццё тым, чым яно напоўнена. Калі ўспрымаеш абавязкі не як пакуту, а як місію, усё перажываецца па-іншаму. Заўсёды лічыла, што ў выхаванні трэба захоўваць стабільнасць у плане паслядоўнасці: калі сёння сказаў, што нешта рабіць нельга, гэтага трэба прытрымлівацца і заўтра. Лепшы прыклад для дзяцей — жыццё іх бацькоў. І яго соль у тым, каб, меўшы праблемы, навучыцца годна іх вырашаць.

Пра  любімую  справу  


Сястра працавала дырэктарам Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Калі вызвалілася месца, прапанавала стаць кіраўніком творчых гуртоў. У студэнцтве была ўдзельніцай фальклорнага калектыву «Дзянніца». У Мінску наведвала касцёл Святога Роха. Там з намі працавалі настаўнікі і студэнты кансерваторыі. Пераехаўшы жыць у Ракаў, стварыла хор пры мясцовым касцёле Святога Дамініка, якім кірую  па сённяшні дзень. Калі прыехаў начальнік, каб прыняць мяне на працу, трэба было нешта выканаць. «Забамбіла» яму «Авэ Марыя» пад гітару. Зацвердзіў без лішніх слоў. Дарэчы, і зараз кірую хорам у касцёле. Бывае, сяду, задумаюся: як усё паспяваю — і ў касцёле, і з калектывамі, яшчэ чацвёра дзяцей выгадавала, гаспадарку трымаю? Мабыць, дапамагае Бог, месца, людзі, з якімі працую, і тое асяроддзе, у якім жыву.

Стараюся кожны дзень пазнаваць нешта новае. Люблю гісторыю і лічу, што яна дапамагае ў рабоце і жыцці. Ведаючы мінулае, прасцей пабудаваць будучае. Быць кіраўніком і разбірацца толькі ў музыцы мала. Асабліва, калі працуеш з фальклорам. Трэба ведаць традыцыі краю, усёй краіны, а таксама арыентавацца ў культурнай прасторы суседніх краін у розныя гістарычныя перыяды. Кожнай асобе, лічу, трэба скончыць мастацкую ўстанову, якія-небудзь курсы па псіхалогіі. Першае — для развіцця густу, другое — для ўмення паводзіць сябе з людзьмі.

Быць кіраўніком фальклорнага калектыву — вельмі цікавая праца для мяне. Патрэбен і навуковы падыход, і творчы ў залежнасці ад задачы канкрэтнай працы. Ці гэта сцэнічна-пастановачны нумар, альбо майстар-клас падчас правядзення семінару і шмат іншага. У працы з калектывам дыпламатычны чалавек. Дазваляю свабоду дзеянняў. Можа, трэба паводзіць сябе больш статусна: я — кіраўнік. Але мне гэта не трэба. Штучна сябе не злепіш: які ёсць, такі ёсць. Аднак працаваць над сабой трэба кожны дзень, кажную гадзіну. Кожную хвіліну.

Р. S.

Паважаныя чытачы, чакаем вашага актыўнага ўдзелу ў праекце. Паведамляйце нам аб аднасяльчанках, якія жывуць побач з вамі і вартыя таго, каб пра іх даведалася ўся краіна. Разумніцы, прыгажуні, працаголікі, валявыя ўпраўленцы… Менавіта іх шукаем у вёсках і аграгарадках. У канцы года, як і абяцалі, на сайце sb.by абвясцім галасаванне, каб вызначыць, якая з іх сваім лёсам і адносінамі да жыцця найбольш уразіла і вартая ганаровага звання «Моцная жанчына» і сувеніра ад рэдакцыі.

bizyk@sb.by

Фота аўтара з архіва калектыва
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter