Жыццё, прысвечанае слову

Мовазнаўца Аркадзь Наркевіч быў сапраўдным рупліўцам роднай мовыЗнаёмства з Аркадзем Іосіфавічам прыносіла ўдачу маладым вучоным, дысертацыі якіх ён апаніраваў, студэнтам — бацькоўскую, крыху паблажлівую апёку. Не адзін раз даводзілася чуць пра легендарныя наркевічаўскія сшыткі. Пра іх і сёння гавораць журналісты. На адным з юбілейных выпускаў прафесар дастаў запісы і зрабіў пераклічку студэнтаў, якія закончылі журфак... трыццаць гадоў таму. Трэба было бачыць твары былых выпястоўцаў, што рынулі да спісу, каб упэўніцца: няўжо гэта той самы, першага курса? У Аркадзя Іосіфавіча захоўвалася ўсё, што было звязана з універсітэтам. Захоўвалася і свята аберагалася, як самы дарагі ўспамін.

У адной з апошніх прац Аркадзь Іосіфавіч напісаў: “Здымаюцца “белыя плямы” з нашай гісторыі, звужаецца кола “закрытых тэм”, “ведамасных сакрэтаў” і “тайнаў”. Дэмакратызм, адкрытасць трывала ўваходзяць у наш побыт, становяцца рэаліямі нашых дзён, эпохі”. Прадчуваючы неабходнасць змен у мове СМІ, вучоны выступіў з крытыкай неабдуманага і нічым неапраўданага выкарыстання запазычанняў. З жалем канстатаваў: бярэ моду “свайго роду бум, які ахапіў нашу прэсу, лексічны выбух, што праяўляецца звычайна, калі прасачыць перадгісторыю развіцця моў, у пераломныя, пераходныя перыяды гісторыі народа, грамадства”. Навучаў, папярэджваў і рабіў парады аб “разумнай неабходнасці ў запазычанні слоў, іх мэтазгоднасці, абумоўленай пераважна прычынамі адсутнасці ў лексічным запасе роднай мовы пэўнага слова для абазначэння таго або іншага паняцця, прадмета”. Тэма надзвычай актуальная і сёння, калі ўзнікаюць рознага тыпу саміты, электараты, рэйтынгі...
Беларускі мовазнаўца Аркадзь Іосіфавіч Наркевіч нарадзіўся 10 сакавіка 1929 года ў вёсцы Вараноўшчына Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Родныя мясціны і бацькі шчодра надзялілі талентам свайго сына. Аркадзь Іосіфавіч стаў дбайным знаўцам і руплівым абаронцам мовы. Просты і шчыры ў адносінах, зладзіўшы сваё жыццё з мовазнаўствам, прафесар Наркевіч пакінуў добрую памяць пра сябе і пра свае справы.
Служэнню Слову прафесар Наркевіч прысвяціў сваё жыццё, з вялікай сілай аберагальнасці ставіўся да журналісцкага таленту. У прафесара быў свой стыль — строгі і акадэмічны. Адно толькі часцей за ўсё гучала з яго вуснаў — “даражэнькая, міленькая, браток”. Так ён звяртаўся да сваіх калег. У гэтым праглядала сутнасць добрага чалавека, лагоднага і добразычлівага. Як быццам яго вочы, вусны гаварылі: “Будзь спагадлівым, ніколі не рабі зла”. Якія простыя і якія мудрыя словы!
Думаю, калі хоць невялікая частка яго вучняў зрабіла гэтыя словы сваімі, то ён ужо здзейсніў задуманае, а калі гэтыя словы паўтараюць калегі, то ён памножыў гэтую мудрасць у сотню разоў...
Навуковыя цікавасці доктара філалагічных навук прафесара Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча асноўным чынам былі звязаны з падмуркам беларускага мовазнаўства — марфалогіяй і сінтаксісам роднай мовы, а пазней культурай маўлення журналіста.
Фундаментальная мана-графія А.I.Наркевіча “Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы” з’явілася працягам навуковых разважанняў вучонага пра сістэмнае ўладкаванне роднай мовы, прыярытэтам якіх стала вылучэнне назоўніка ў якасці выключна прадуктыўнага і разнастайнага ў семантычных і структурных адносінах лексіка-граматычнага разраду знамянальных слоў. У даследчым зроку апынулася шматстайнасць праяў назоўніка, ярка выражаная адметнасць уласцівых яму агульных катэгарыяльных і семантычных адзнак, граматычных значэнняў і сінтаксічных функцый у сказе.
А.I.Наркевіч паказаў здольнасць беларускага назоўніка выступаць у якасці свое-асаблівага моўнага сродку апрадмечвання разнастайных паняццяў і ўяўленняў рэчаіснасці. “У назоўніку — гаварыў вучоны, — як у фокусе, сыходзяцца, аб’ядноўваюцца, цесна пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць шматлікія катэгорыі ўласна-марфалагічнага, лексіка-семантычнага і функцыянальнага плану”. Менавіта з гэтым і звязвалася ідэя вучонага пра цэнтрычнасць назоўніка ў беларускім публіцыстычным маўленні.
Плён працы Аркадзя Іосіфавіча прарос добрым зернем: сваім спадчыннікам ён пакінуў амаль чатырыста прац. Яны знітоўваюцца ў адну вялікую кнігу, што паўстае перад пакаленнямі велічным гмахам вучонасці, навуковай руплівасці і дбайнасці, але зайсці ў які наканавана не кожнаму. Толькі таму, хто мае ўлюбёнасць у слова, дасягнуў адчування сваёй Айчыны, мовы, раскрыецца гэтая скарбніца Наркевічавых думак і памкненняў. А значыць, ён працаваў на сёння і на будучае.
Амаль сорак гадоў аддаў Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту прафесар Наркевіч. Дзесяцігадовая навуковая дзейнасць у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, дзе ён выступіў сааўтарам акадэмічных прац, стала добрай глебай для вызначэння спецыфікі мовы і стылю сродкаў масавай інфармацыі. Граматыст, ён не мог не адчуваць патрэбу ў даследаванні слова ў функцыянальным дзеянні. Гэта, дарэчы, і стала прычынай пераходу Аркадзя Іосіфавіча на факультэт журналістыкі. Хацелася дасягнуць, можа, і недасягальнага  — выпрацаваць адмысловы моўны густ у сваіх выпястоўцах, спалучыць у кожным журналісце моўную інтуіцыю з творчым запалам.
Аркадзь Іосіфавіч заўсёды падкрэсліваў асаблівасць журналісцкай працы — аператыўнасць, пры якой павінна захавацца тонкае адчуванне слова, яго ўплывовая сіла, загартаваная моц. Аберагаў журналісцкае слова, пеставаў у ім асобу таго, хто тварыў і жыў сваёй прафесіяй. Бо лічыў журналіста чалавекам адораным ад прыроды. І давяраў журналісту. Пераконваў, што тэкст, створаны журналістам, дынамічна зменлівы, прадвеснічае ўзнікненню пэўных маўленчых тэндэнцый, замацавання заканамернасцей развіцця мовы.
Таму і не асабліва любіў крытыканства ў бок пішучых журналістаў. А калі ўшчуваў сам, то рабіў гэта з добрай усмешкай і вясёлай задорынкай у вачах — маўляў, паглядзі, да чаго дапісаўся. І рабілася ніякавата, сорамна нават самаму задзірліваму.
Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча заўсёды вылучала трывалая грамадзянская пазіцыя, у якой выразна адчувалася аберагальнае стаўленне да моўнай скарбніцы беларускага народа, яго традыцый, звычаяў багатай культуры. Шчыры беларус, ён з душэўнай шчодрасцю адгукаўся на найбольш трапнае, новае ў мовазнаўстве. Таму з’яўляўся надзвычай актыўным у апаніраванні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, экспертаванні навуковых прац. Доўгі час ён уваходзіў у склад саветаў па абароне дысертацый, экспертныя саветы ВАКа.
Сёння ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ў гонар юбілею доктара філалагічных навук, прафесара, члена Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Аркадзя Iосіфавіча Наркевіча праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Слова ў кантэксце часу”, якая ўшаноўвае памяць пра вучонага, сімвалічна акрэслівае набыткі беларускага мовазнаўства, журналісцкай школы, методыкі выкладання ў ВНУ.
Навуковая спадчына Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча яскрава засведчвае: створанае вучоным павінна мець працяг. Бо кнігі, артыкулы ў адрозненне ад людзей не паміраюць, а становяцца ўсё больш і больш запатрабаванымі наступным пакаленнем. Ды і часу яны не падуладныя...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter