Iлля СІЛЬЧУКОЎ дзесяць гадоў на вялікай сцэне, але пра яго вядома няшмат

Жыццё пасля «Вялікай оперы»

Iлля СІЛЬЧУКОЎ дзесяць гадоў на вялікай сцэне, але пра яго вядома няшмат. Калі б ён быў эстрадным спеваком, прыхільнікі даўно абмяркоўвалі б колер фіранак у яго спальні ці фасон новых чаравікаў. Але не, ён не імкнецца на сумніўныя пляцоўкі, не мае аніякага жадання станавіцца героем свецкай хронікі. Яго сцэна — Вялікі тэатр, яго прыхільнікі — у тым ліку і гледачы «Культуры». Менавіта гэты тэлеканал дзякуючы праекту «Вялікая опера» адкрыў Сільчукова шырокаму колу. Напярэдадні Новага года мы гаворым з Іллёй не столькі пра оперу (музыку лепш слухаць), колькі пра жыццё, знаёмімся з яго сям’ёй.



— Ілля, гэты год быў для вас удалым?

— Больш правільна сказаць — цікавым. Складваўся ён неадна-значна. Пачатак выдаўся складаным: удзельнічаў у некалькіх міжнародных конкурсах, дзе не трапiў у лік прызёраў, але пасля гэтага ўдала прайшоў кастынг «Вялікай оперы», трапіў у тройку.

— Ваша жонка таксама оперная спявачка. Чаму не ўзялі яе з сабой у «Вялікую оперу»?

— Таццяна цяпер у дэкрэтным адпачынку і, скажам так, не ў лепшай музычнай форме. Ды і ўдваіх у сям’і выступаць вельмі цяжка. Жонка мяне падтрымлівала, дарэчы, была ініцыятарам майго ўдзелу. У мяне пасля некалькіх няўдач адсутнічала матывацыя, але Таня настаяла, натхніла.

— Ілля, прызнацца, мы чакалі ад вас перамогі. Пасля слоў Алены Абразцовай: «Калі б у мяне быў свой тэатр, Ілля Сільчукоў абавязкова працаваў бы там» — мала хто ў гэтым сумняваўся. Вы засмучаныя вынікам?

— Трэцяе месца — поспех. Па-трапіць у дзясятку — гэта ўжо цуд, бо было пададзена каля двухсот заявак. Я радаваўся, што пасля першага эфіру ў мяне будзе добрая карцінка, якую можна ў далейшым выкарыстоўваць, выкласці ў You Tube. Калі выйшаў у другі этап, быў бязмерна шчаслівы. Пра фінал многія толькі мараць, а я апынуўся там. Ды і як можна быць не задаволеным вынікам, калі я там пазнаёміўся з маэстра Уладзімірам Федасеевым, кіраўніком Санкт-Пецярбургскага «Мюзік-Хола» Фабіа Мастранжэлам? У мяне ўжо запланавана некалькі канцэртаў з імі.

— Вы ўдзельнічалі ў дваццаці пяці міжнародных конкурсах, у большасці з іх былі лаўрэатам або дыпламантам. Галоўная мэта — паказаць сябе?

— Кожны сцэнічны вопыт узбагачае спевака, дае новыя магчымасці расці як музыканту.  У любога дырыжора можна чамусьці навучыцца, штосьці пакласці сабе ў скарбонку. Кантактаў ніколі не бывае шмат.

— Раскажыце пра сваю сям’ю.

— З Таццянай мы разам заканчвалі музычнае вучылішча ў Адама Асманавіча Мурзіча, цяпер яна асістэнт рэжысёра ў нашым тэатры, да таго ж і спявае. Таня, дарэчы, таксама ўдзельнічала ў Калядным конкурсе вакалістаў. Сыну Луку сем гадоў, ён ходзіць у першы клас агульнаадукацыйнай школы і ў падрыхтоўчую групу ліцэя на харавое аддзяленне. Туды ж, куды і я хадзіў у свой час. Дачцэ Алівіі год і дзесяць месяцаў.

— Адкуль такія незвычайныя дзіцячыя імёны?

— Мы давалі імёны з сэнсам. Лука — гэта той, хто нясе святло. Шмат цікавых людзей з такім імем, напрыклад, Лучана Павароці. Алівія — грэчаскае імя, якое азначае «Нясе мір». Хочацца больш светлага, чыстага, адсюль і імёны такія. У мяне глыбокія хрысціянскія перакананні, я вырас у рэлігійнай сям’і, мама з татам спявалі ў царкоўным хоры. Яны і мяне ў музыку аддавалі з той жа мэтай. Імкнуся годна выхоўваць дзяцей.

— Вы выглядаеце вельмі правільным чалавекам, што не ўласціва нашым зоркам...

— У артыстаў шмат спакус. Не магу сказаць, што ў мяне іх няма. Гонар, пыха і далей па спісе — мы з гэтым усяляк змагаемся. Але ж хочам, каб нас усе любілі, звярталі ўвагу, і дабівацца такога можам і не зусім правільнымі шляхамі, не задумваючыся аб тых, хто побач. Я гэтага асцерагаюся і баюся. 

— Вы шмат працуеце, часта гастралюеце. А як наконт вольнага часу?

— Не магу сказаць, што опера —гэта ўсё маё жыццё. Больш правільна будзе так: маё жыццё цесна знітавана з операй. Мне падабаецца спяваць, я люблю свой тэатр, але жыццё шырэй, чым тое месца, дзе мы працуем. Мне здаецца, чалавек няшчасны, калі сэнс яго жыцця толькі ў працы. Тое, у што ты свята верыш, можа аказацца не тым, дзеля чаго ты жыў. Можна пакласці жыццё на алтар служэння і не ўбачыць выніку, не быць ацэненым. Мне даводзілася мець зносіны з майстрамі сцэны, якія ўжо развіталіся з ёй і засталіся расчараванымі. Жыццё больш і шырэй, у мяне ёсць мая сям’я, сябры. Стапрацэнтна ёсць Ілля Сільчукоў і па-за операй.

— Нечакана гэта пачуць. Ужо і запасны аэрадром падрыхтаваны?

— Не. Пакуль пра гэта не задумваўся.

— Можа, узяць прыклад з Мікалая Баскава? Абывацелі яго кар’еру лічаць вяршыняй поспеху. Што з гэтай нагоды думаюць оперныя артысты?

— Пайсці ў эстраду, займацца агрэсіўным піярам і г.д. у нашым асяродку лічыцца маветонам. Хоць гэты вобраз Баскава, мне здаецца, моцна дапрацавалі. Каб мець маральнае права яго крытыкаваць, трэба спачатку паспрабаваць дасягнуць такіх вынікаў. Але ў любога чалавека можна чамусьці навучыцца, і сёе-тое я б хацеў запазычыць у Мікалая. Да эстрады я не стаўлюся прадузята. Для мяне гэта таксама від мастацтва, якім, прызнаюся, хацеў бы валодаць. Для опернага спевака яно нясе сваю небяспеку, як кажуць нашы педагогі, можна «спецца» ў мікрафон (праца з ўзмацняльнікамі шкодзіць голасу). Разам з тым трэба мець пэўнае майстэрства кіраваць так сваім голасам, каб ён мог гучаць і ў мікрафон. Многія оперныя спевакі не могуць падысці да мікрафона. Я хацеў бы выйсці на эстраду, не пакідаючы класічнай музыкі. Прызванне сваё бачу перш за ўсё ў оперы.

— У мінулым годзе ваша калега па тэатры Алена Сіняўская ўдзельнічала ў нацыянальным адборы да «Еўрабачання». Гэта таксама маветон?

—  Лена малайчына. Я паважаю яе ўчынак. Водгукі былі станоўчымі. Магчыма, я таксама паспрабую зрабіць нешта падобнае. Любы вопыт цікавы.

— Напярэдадні Новага года не магу не спытаць, як яго адзначаюць у вашай сям’і?

— У нас у сям’і заўсёды адзначалі Каляды. Новы год мы таксама святкуем, але не так шырока, як у іншых сем’ях. Сын верыць у Дзеда Мароза, бо пра гэта ў садку і ў школе распавядаюць. Мы не маем нічога супраць. Але лісты яму ён не піша. Мы ходзім у царкву, там на Каляды дзеці ставяць спектаклі, Лука, дарэчы, таксама ў іх ўдзельнічае. 

— Чаго чакаеце ад 2015-га?

— Чагосьці новага і пазітыўнага. Як і ўсе людзі, марым пра здароўе, шчасце, фінансавы дабрабыт. Веру, што глядач будзе хадзіць на спектаклі і ў оперы па-ранейшаму будуць аншлагі. А самае галоўнае, каб усе блізкія людзі былі побач.

Наталля СЦЯПУРА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter