Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пажылыя і цяжкахворыя людзі ў Беларусі не застаюцца без увагі з боку грамадства

Жыццё па законах дабрыні

Супрацоўнікі рэгіянальных тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага забеспячэння насельніцтва цяпер маюць магчымасць прайсці ў Мінску комплексную падрыхтоўку ды павучыцца, як прафесійна даглядаць пажылых і цяжкахворых людзей. Першымі слухачамі курсаў былі сацработнікі з Брэста, Віцебска, Рэчыцы, Кобрына, Баранавіч, Іўя, Наваполацка і Паставаў. Супрацоўнікі цэнтраў, інтэрнатаў атрымалі адпаведныя веды, навыкі на базе Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра ў Мінску. Курсы адбыліся дзякуючы малому гранту праекта “Польская дапамога”, ініцыятарамі добрай справы сталі Сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Цэнтр актыўнага даўгалецця” і новая Школа прафесійнага догляду “Азбука клопату” — яна створана энтузіястамі толькі весенню 2016 года.

Аказваць дапамогу трэба ўмеючы

Кіраўніца школы Алена Марыгероўская нагадвае: цяпер у свеце фіксуецца рост працягласці жыцця, а значыць і так званае старэнне насельніцтва. Большае й захворванняў, якія патрабуюць працяглай рэабілітацыі. Многія людзі маюць патрэбу ў штодзённым доглядзе. Новая праграма й скіраваная на тое, каб даць прафесійныя інструменты пачаткоўцам-спецыялістам па доглядзе, павысіць кваліфікацыю тых, хто ўжо працуе. Першыя лекцыі для супрацоўнікаў рэгіянальных цэнтраў прайшлі на бязвыплатнай для іх аснове. Алена Марыгероўская пераканана: трэнінгі пашыраюць магчымасці ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі й камерцыйнымі арганізацыямі, даюць выдатную перспектыву для далейшага супрацоўніцтва. 

Курсанты асвойвалі практыку догляду, вучыліся аказваць даўрачэбную дапамогу, працаваць са спецабсталяваннем. Яны атрымалі веды пра этыку і псіхалогію пабудовы паспяховых камунікацый з асаблівым чалавекам, яго сваякамі. Праграму выкладалі эксперты-спецыялісты з багатым досведам: псіхолагі, фізіятэрапеўты, спецыялісты па рэабілітацыі ды геранталогіі, неўролагі. 

Наступныя падобныя курсы пройдуць напрыканцы лістапада, і паўдзельнічаць у іх змогуць усе ахвочыя. Школа прафесійнага догляду “Азбука клопату” плануе навучаць спецыялістаў з сферы суправаджэння, людзей, якія жадаюць атрымаць новую спецыяльнасць, сваякоў цяжкахворых і пажылых людзей на платнай аснове. Алена Марыгероўская ўдакладніла, што галоўныя мэты школы — павышэнне якасці паслуг па патранажным доглядзе, дапамога людзям у рэабілітацыі пасля цяжкіх хвароб і траўмаў. Яшчэ адна гуманная мэта — прадаўжэнне й паляпшэнне якасці жыцця цяжкахворых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стварэнне “жывой” супольнасці прафесіяналаў, якія аказваюць догляд. Такім чынам у Беларусі фарміруецца высокая культура догляду асаблівых людзей.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter