«Жыццё — не тыя днi, што прайшлi, а тыя, што ты памятаеш»

Уладзiмiр Федасеенка не шкадуе аб сваёй ваеннай маладосцi

Пiсьменнiк Уладзiмiр Федасеенка не шкадуе аб сваёй ваеннай маладосцi

У ягоных добра вядомых чытачам раманах «Дубовая Града», «Вiхуры на скрыжаваннях», «Пасля смерчу», «Мутныя росы», п’есе «У нашы семнаццаць», большасць з якiх былi напiсаны i ўбачылi свет у 50–80-я гады мiнулага стагоддзя, — шырокi свет, гучны ад галасоў i пякельны ад гора, поў-ны пошукаў i перамог, напоўнены людзьмi, чые подзвiгi, думкi i iмкненнi былi падказаны самiм жыццём i лёсам самога празаiка.

22 красавiка вядомы беларускi пiсьменнiк, удзельнiк вайны, ганаровы грамадзянiн горада Жлобiна Уладзiмiр Федасеенка, якi ўзнагароджаны ордэнамi Айчыннай вайны I ступенi, Чырвонай Зоркi, медалямi «Партызану Айчыннай вайны» першай i другой ступеняў, Францыска Скарыны i iншымi, сустракае свае 85 гадоў.

Ён не шкадуе нi аб адным днi сваёй ваеннай маладосцi. Ён быў i застаецца самым звычайным салдатам шматмiльённай армii сваiх суайчыннiкаў. Пасля вайны радуецца адваяванаму багаццю – цiшынi. Але застаецца там, на Жлобiншчыне, назаўсёды, у акупiраванай немцамi вёсцы Мормаль, у партызанскiх блiндажах, у складзе дыверсiйнай групы, у незваротным мiнулым – у думках i творах. Паколькi для салдат i партызанаў, у якiх бы бiтвах яны нi прымалi ўдзел, вайна не заканчваецца нават пасля перамогi. Асаблiва для пiсьменнiка.

Для Уладзiмiра Канстанцiнавiча Вялiкая Айчынная вайна – гэта яго юнацтва, яго цяжкi час, яго сумленне. Вось чаму ён абураецца, калi чытае iншы раз у некаторых «дэмакратычных» выданнях артыкулы, дзе аўтары спрабуюць прынiзiць кошт Вялiкай Перамогi, малююць бяспрыкладны подзвiг народа бруднымi фарбамi.

Як i многiя героi яго твораў, Уладзiмiр Федасеенка не бачыць сябе ў ролi прапаведнiка, але вельмi цэнiць у чалавеку добра-прыстойнасць. «На вялiкi жаль, – кажа Уладзiмiр Канстанцiнавiч, – гэта якасць паступова становiцца рэдкай з’явай. Я не кажу аб першароднай прыгажосцi – дабрынi, мужнасцi, добразычлiвасцi, якiя былi сiмвалiчным адлюстраваннем жыцця многiх нашых пакаленняў, у тым лiку ваеннага i пасляваеннага. Я толькi аб тым, што неабходна захоўваць у жыццi штогадзiнна, штодзённа, – аб добрапрыстойнасцi. Гэта азначае ўмець быць стрыманым, умець слухаць субяседнiка, не пераступаць рамкi гневу, а менавiта ўмець валодаць сабой, не спазнiцца адгукнуцца на клiч аб дапамозе ў чужой бядзе, умець быць удзячным – пачуццё, якое сёння амаль згубiлася».

У творах Уладзiмiра Федасеенкi праз прызму характараў галоўных персанажаў тонка перадаецца сацыяльная i бытавая повязь колiшняга грамадства, эмацыянальны каларыт часу. Старонку за старонкай ён паступова пракладвае ў сваiх раманах тыя масткi, што злучаюць берагi нядаўняга мiнулага з днём сённяшнiм.

З маленства ўлюбёны ў прыроду роднага краю, пiсьменнiк не забывае напоўнiць змест раманаў i каларытнымi фарбамi мясцiн, дзе адбываюцца тыя цi iншыя падзеi. Рэальныя, а не ўяўныя карцiны прыроды, поўныя паэтычнай узнёсласцi, прысутнiчаюць ва ўсiх творах мастака слова, на працягу ўсяго жыццёвага шляху яго герояў – ад станцыi Мормаль, вёсачак Дубовая Града, Восава Буда, дзе жыла некалi ягоная сям’я, дзе будучы пiсьменнiк вучыўся ў пачатковай, а пасля сярэдняй школе, да Новой Кармы – вёсачкi, дзе яго бацька Канстанцiн Васiльевiч пасля вайны будаваў новы дом (хата ў Дубовай Градзе была знiшчана палiцаямi).

Адзiн з герояў рамана Уладзiмiра Федасеенкi «Мутныя росы» трапна сказаў: «Жыццё – не тыя днi, што прайшлi, а тыя, што ты памятаеш». Думаецца, што гэтыя шчырыя словы спаўна адлюстроўваюць жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка-юбiляра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter