Гутарка з намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолем Калініным

Жыццё не стаіць на месцы

Гутарка з намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолем Калініным

Гутарка з намеснікам Прэм`ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатолем Калініным



— Анатоль Мікалаевіч, ёсць усе падставы сказаць: нашы адносіны з Туркменістанам развіваюцца актыўна, дынамічна. І вы як сустаршыня Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве найбольш часта з беларускіх чыноўнікаў высокага рангу на пастаяннай аснове ажыццяўляеце візіты ў Туркменістан. За апошнія тры гады — каля 10 разоў... Якія пытанні за гэты час вырашаліся? Што ўдалося зрабіць?


— Беларусь разглядае Туркменістан у якасці аднаго са сваіх важнейшых партнёраў у Цэнтральнай Азіі, таму цалкам заканамерны шчыльны графік беларуска-туркменскіх кантактаў. Пазітыўны тон і дынаміку ўзаемадзеянню, безумоўна, задаюць кіраўнікі нашых дзяржаў — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Гурбангулы Мелікгулыевіч Бердымухамедаў. З 2009 года яны штогод абменьваюцца візітамі, іх дамоўленасці ствараюць добрую аснову для сумеснай працы, нацэльваюць дзелавыя колы на актыўнае ўзаема­дзеянне, стымулююць міністэрствы і ведамствы дзвюх краін на пошук новых напрамкаў супрацоўніцтва і адказнае выкананне даручэнняў, дадзеных на вышэйшым узроўні.

Беларуская і туркменская эканомікі гарманічна дапаўняюць адна адну, гэта забяспечвае дынамічны рост двухбаковага гандлю. Рэкордным стаў 2013 год, калі аб`ём двухбаковага гандлю таварамі і паслугамі дасягнуў 450 мільёнаў долараў. Для параўнання: у 2008 годзе ўзаемны таваразварот складаў каля 50 мільёнаў долараў.

Традыцыйным напрамкам нашага эканамічнага ўзаемадзеяння з`яўляюцца пастаўкі ў Туркменістан беларускай тэхнікі. Нязменна добрым попытам карыстаюцца ў Туркменістане адаптаваныя да ўмоў спякотнага клімату беларускія трактары, грузавыя аўтамабілі, дарожна-будаўнічая тэхніка. У цяперашні час у Туркменістане працуюць больш за пяць тысяч трактароў МТЗ і пяць тысяч аўтамабіляў беларускай вытворчасці (МАЗ, “Амкадор”, МЗКЦ). Безумоўна, для захавання нашай прысутнасці на туркменскім рынку неабходна пашыраць і абнаўляць лінейку прапануемай тэхнікі. Цяпер у Туркменістане праходзяць выпрабаванні розныя камбайны, іншая сельскагаспадарчая тэхніка, пасажырскія аўтобусы. На туркменскім рынку ёсць попыт на збожжаўбо­рачныя камбайны. ААТ “Гомсельмаш” вырабіла і паставіла на выпрабаванне дзве такія машыны. Таксама вядуцца перагаворы аб запуску і пастаўцы 500 збожжаўборачных камбайнаў у 2016 годзе.

Беларускі бок паслядоўна вядзе работу па аптымізацыі сэрвіснага суправаджэння тэхнікі, якая пастаўляецца ў Туркменістан. У Ашгабаце заканчваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні беларускай тэхнікі. Пашыраецца і ўдасканальваецца рэгіянальная сетка станцый тэхнічнага абслугоўвання, якія аснашчаюцца сучасным абсталяваннем. Пачынаючы з 2010 года, больш за 400 студэнтаў туркменскіх сельскагаспадарчых ВНУ прайшлі вытворчую практыку на Мінскім трактарным заводзе.

Нам удалося значна пашырыць спектр пастаўляемай прадукцыі. На туркменскім рынку запатрабаваныя беларускія веласіпеды, шыны, лекавыя прэпараты, такая прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, як мэбля, пліты ДСП і папера. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца беларускія прадукты харчавання: мясныя і каўбасныя вырабы, кандытарскія вырабы, малочныя прадукты.

У 2011 годзе ў Ашгабаце і ў Мінску створаны гандлёвыя дамы, якія прызначаны стаць своеасаблівай вітрынай беларускіх і туркменскіх спажывецкіх тавараў у Туркменістане і Беларусі адпаведна.

Значны прагрэс дасягнуты ў сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і сферы адукацыі.

— Відаць, будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната ў пасёлку Гарлык можна сёння лічыць знакавым для нашага эканамічнага супрацоўніцтва. Якія лічбы, факты могуць яго ярка, аб`ёмна характарызаваць?

— Кошт будаўніцтва Гарлыкскага ГАК складае 1 мільярд долараў ЗША, у сувязі з чым падпісаны з туркменскім бокам кантракт з`яўляецца буйнейшай беларускай экспартнай здзелкай у сферы прамысловага будаўніцтва.

Камбінат уяўляе сабой два комплексы будынкаў і збудаванняў (138 аб`ектаў па генеральным плане): паверхневы комплекс (перш за ўсё абагачальная фабрыка) і падземны комплекс (руднік), які ўключае шахтныя збудаванні глыбінёй больш за 300 метраў.

У будаўніцтве Гарлыкскага ГАК задзейнічаны 16 беларускіх і 10 туркменскіх будаўнічых арганізацый. Агульная колькасць працуючых на будаўнічай пляцоўцы складае больш за 1800 чалавек, з іх каля 500 — беларускія спецыялісты.

У жніўні 2015 года выяўлены асноўны прадукцыйны каліяносны пласт. Са здабытай у Туркменістане сільвінітавай руды на доследна-пілотнай устаноўцы ААТ “Белгорхімпрам” атрыманы калійны канцэнтрат. 120 кілаграмаў калійных удабрэнняў у якасці ўзораў перададзена туркменскаму боку.

Будаўніцтва Гарлыкскага ГАК у пэўнай меры садзейнічала ўваходжанню на адпаведныя рынкі Туркменістана беларускіх вытворцаў тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў, іншай прадукцыі, а таксама будпадрадных арганізацый, што дае значны эканамічны эфект.

— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб нашы народы, краіны, эканомікі сталі яшчэ бліжэйшымі?

— Беларусь і Туркменістан ужо сёння задзейнічаюць шырокі інструментарый для ўзаемнага збліжэння: візіты на розных узроўнях, сумесныя праекты, работа сумесных гандлёвых дамоў, правядзенне, як ужо згадвалася, на ўзаемнай аснове выстаў-кірмашоў. Вялікі патэнцыял маюць гуманітарныя кантакты, якія актыўна нарошчваюцца. Добрай традыцыяй стала правядзенне дзён культуры, удзел прадстаўнікоў нашых краін у канферэнцыях, семінарах, прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах, якія праводзяцца ў Беларусі і Туркменістане.

Безумоўна, трэба шукаць новыя напрамкі супрацоўніцтва. Перспектыўным нам уяўляецца ўзаемадзеянне ў сферы аховы здароўя. Цікавасць для туркменскага боку ўяўляе беларускі вопыт у галіне транспланталогіі, і мы гатовы ім падзяліцца.

Новым вектарам гандлёва-эканамічнага партнёрства можа стаць супрацоўніцтва ў чыгуначнай галіне, у тым ліку ў абнаўленні рухомага саставу, праектаванні новых і мадэрнізацыі існуючых аб`ектаў чыгуначнай інфраструктуры на тэрыторыі Туркменістана. У гэтай сферы ў Беларусі назапашаны вялікі вопыт, ёсць сур`ёзны прамысловы патэнцыял.

У нас ёсць што прапанаваць і туркменскаму нафтагазаваму комплексу. Ёсць пазітыўны вопыт узаемадзеяння беларускага прадпрыемства “Фідмаш” па пастаўках калцюбінгавага абсталявання, абсталявання для павышэння нафтааддачы пластоў і накіраванага свідравання.

— Што чакаеце ад Нацыянальнай выставы-кірмашу?

— У снежні 2014 года Рэспубліка Беларусь паспяхова правяла Нацыянальную выставу-кірмаш беларускіх тавараў у гандлёвым доме “Чандыбіль” у Ашгабаце. Раней, у кастрычніку 2014 года, у мінскім шматфункцыянальным культурна-спартыўным і забаўляльным комплексе “Чыжоўка-Арэна” адбылася выстава-кірмаш прадукцыі Туркменістана, якую наведаў Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Вынікі гэтых мерапрыемстваў сведчаць пра высокую запатрабаванасць беларускіх тавараў на туркменскім рынку і туркменскіх — на беларускім. З улікам інтэнсіўнай дынамікі беларуска-туркменскага эканамічнага супрацоўніцтва заканамерна, што і сёлета наша краіна будзе прадстаўлена маштабнай выставай-кірмашом у сталіцы Туркменістана.

Беларуская экспазіцыя, а таксама кірмаш-продаж беларускіх тавараў размесцяцца ў выставачным палацы “Сергі Кошгі” Ашгабата 11-13 снежня. Пры гэтым агульная плошча выставы-кірмашу складзе амаль 3 тысячы квадратных метраў, а ў складзе экспазіцыі будуць шырока прадстаўлены лідары беларускага машынабудавання, хімічнай, харчовай, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, сувязі, вытворцы будматэрыялаў і медпрэпаратаў, прадпрыемствы сферы паслуг — ад сувязі да турызму. Таксама запланавана калектыўная экспазіцыя навуковых дасягненняў Беларусі і адукацыйных паслуг, якія аказваюцца нашымі ВНУ. У рамках кірмашу-продажу жыхарам Ашгабата будзе прапанавана прадукцыя беларускіх вытворцаў, у тым ліку рэалізуемая Беларуска-туркменскім гандлёвым домам і туркменскімі дылерамі прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь. Праграмай выставы-кірмашу плануецца рэалізацыя шэрагу дзелавых і культурных мерапрыемстваў. Так, у палацы “Сергі Кошгі” пройдуць выступленні вядучых беларускіх творчых калектываў і выканаўцаў, майстар-класы таленавітых народных майстроў.

Перакананы, што выстава-кірмаш, якая праводзіцца нашай краінай у Ашгабаце, створыць новыя магчымасці для ўстанаўлення дзелавых кантактаў паміж прадпрыемствамі Беларусі і Туркменістана, прыцягне ўвагу да навінак беларускіх вытворцаў, будзе садзейнічаць дасягненню дамоўленасцей аб нарошчванні паставак беларускай прадукцыі на туркменскі рынак.

— Нацыянальная выстава-кірмаш, напэўна, дасць магчымасць вызначыць і вектары далейшага супрацоўніцтва?

— Будаўніцтва пасольства ў Мінску і Ашгабаце сведчыць аб выбудоўванні доўгатэрміновых адносін паміж нашымі краінамі. Што датычыцца глабальных мэт нашай выставы-кірмашу, то яны — розныя. Палітычныя закліканы прадэманстраваць прыхільнасць Рэспублікі Беларусь да падтрымання і ўмацавання двухбаковых адносін з Туркменістанам, а таксама стварэння перадумовы для паглыблення і далейшага развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін. Ёсць мэты эканамічныя — мы прадстаўляем гандлёва-эканамічны патэнцыял Рэспублікі Беларусь, магчымасці для ўстанаўлення дзелавых кантактаў, прыцягваем ўвагу да навінак, што выпускаюцца беларускімі прадпрыемствамі, садзейнічаем дасягненню дамоўленасцей аб пастаўках беларускай прадукцыі. Працуем і на іміджавыя мэты: умацоўваем рэпутацыю нашай краіны як вытворцы якасных тавараў і паслуг, павышаем узровень пазнавальнасці брэнда “Зроблена ў Беларусі”, дэманструем магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Гуманітарна-навуковыя мэты выставы — гэта стварэнне перадумоў для пашырэння беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак на рынак Туркменістана, а таксама дэманстрацыя дасягненняў культуры Беларусі.

Напрыканцы дадам: жыццё не стаіць на месцы — у Беларусі і Туркменістане з`яўляюцца новыя тавары, ідэі, навуковыя распрацоўкі, культурныя дасягненні. Упэўнены, што ў хуткім часе будуць і іншыя праекты, якія ўзбагацяць нашы адносіны новымі прыкладамі плённага супрацоўніцтва.

Галоўнае, што ў нас ёсць моцная аснова — правераныя часам дружалюбныя адносіны паміж беларускім і туркменскім народамі, якія дазваляюць нам з аптымізмам глядзець у будучыню.

Іван і Валянціна Ждановічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter