«Жыццё, напоўненае святлом»

У «Нацыяналцы» адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 70-годдзя Уладзiмiра Лiпскага

Пад такой назвай ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 70-годдзя Уладзiмiра Лiпскага — вядомага пiсьменнiка, старшынi праўлення Беларускага дзiцячага фонду, галоўнага рэдактара часопiса «Вясёлка».

Усе матэрыялы сiстэматызаваны ў чатырох раздзелах. Першы — «Героi жывуць побач» — адлюстроўвае характэрную асаблiвасць творчасцi Лiпскага — яе дакументальнасць, уключае кнiгi «Райкомаўскiя буднi», «Дзень за днём», «Знайдзi сябе» i iнш. Шмат твораў прысвечана жыццю i творчасцi знакамiтых людзей рэспублiкi. У iх лiку Зiнаiда Тусналобава-Марчанка, сапраўдная гераiня, якая вярнулася з вайны без рук i ног, акадэмiкi Васiль Купрэвiч i Васiль Парфёнаў, народныя артысты Беларусi Iгар Лучанок i Марыя Захарэвiч, дэпутат парламента Анатоль Нятылькiн.

Працягвае экспазiцыю раздзел «Прыродны талент любiць дзяцей», у якiм прадстаўлена лiтаратура для нашых маленькiх чытачоў. У трэцiм раздзеле «Клопаты, трывогi i надзеi» — творы, надрукаваныя ў часопiсах i калектыўных зборнiках, а таксама кнiгi, складзеныя, адрэдагаваныя i перакладзеныя аўтарам. А пра жыццё i творчасць пiсьменнiка раскажуць публiкацыi апошняга раздзела «Жыцця цудоўныя iмгненнi», змешчаныя ў энцыклапедычных выданнях, часопiсах i зборнiках. Выстаўка багата iлюстравана фотаздымкамi. Яна працягнецца да 31 мая.

Ад «Р»: Сёння, 6 мая, шматлiкiя чытачы i сябры Уладзiмiра Лiпскага будуць вiншаваць яго з 70-годдзем. Зычым шаноўнаму юбiляру новых творчых набыткаў i, як кажуць героi яго кнiг аўцюкоўцы, здароўя — у кожны орган, грошай — у кожную кiшэню, а шчасця — у кожны кут!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter