Жыццё ў краіне ліліпутаў

Як і дзе апрануцца ды абуцца двухметроваму волатуЛюбіў я ў дзяцінстве цёртую моркву з цукрам смакаваць. Таму, мабыць, і вырас да двух метраў і двух сантыметраў. Што цяпер рабіць — не магу даць рады. У метро рэклама: скідкі на абутак, адзенне. Але пакуль усе шукаюць, дзе танней, я з абыякавасцю гляджу на вітрыны. Кашуля на рост вышэй за 188 сантыметраў, абутак 48,5 маркіроўкі, нагавіцы 38-й даўжыні — маіх размераў — у крамах амаль не бывае. А такіх, як я, у нашай краіне прыкладна дзвесце тысяч чалавек. Не так ужо і мала!

Кітайская грамата
Шукаць рэчы сваіх размераў у крамах — усё адно, што іголку ў стозе сена. Але час ад часу выпраўляюся на “паляванне”. Вось фірменны магазін вядомай спартыўнай маркі. На паліцах выстаўлены добры абутак, аднак максімум — 46-га размеру. Загадчыца крамы кажа, што большага “не бывае ў прыродзе”. Толькі я ведаю, што гэта не так. У “прыродзе” ёсць і мой 48,5, нават 50-ты, і менавіта гэтай маркі. У мяне дома стаіць запасная пара такіх красовак. Набыў калісьці, абсалютна выпадкова... у аддзеле канфіскату. У модным маркеце, дзе багаты выбар туфляў, чаравікаў, ботаў, найбольшы размер увогуле толькі 45-ты.
Вырашаю “паляванне” перанесці з галоўных вуліц сталіцы на прыгарадны рынак “Ждановічы”. Тут тая ж карціна — адказ адзін: “Нічога вашага няма”. Стаміўшыся гадзінамі хадзіць ды называць свае памеры, пытаюся ў сто дваццаць пятага гандляра: “Ці маеце туфлі большыя за 46-ю маркіроўку?” Той трохі ўсцешвае: “Так. Якія хочаце — усё прывязу пад заказ”. Сапраўды, гэты пан можа “дастаць” абутак 46-га, 47-га і нават 48-га размеру, цана — ад 100 да 130 у.а. Толькі мая велічыня — 48,5, а значыць, улічваючы кітайскае паходжанне прывазнога абутку, я моцна рызыкую. Калі майстры з-пад Шанхая “намалююць” адну маркіроўку, а ў рэальнасці будзе другая? Прымяраць жа давядзецца фактычна пасля аплаты заказу. І што — пасля ставіць чаравікі на паліцу як музейны экспанат?
Чужая бацькаўшчына
Спытаецеся, як жа я апранаюся, у чым выходжу на двор? У рыззі, лапцях? Не. Я апранаюся даволі прыстойна, але ад выпадку да выпадку. Раз у год-два. Як пашанцуе. Дзесьці ўхаплю польскія джынсы, недзе — нямецкія чаравікі, у трэцім месцы — канадскую куртку. Усё гэта будзе каштаваць нятанна. Апошнія свае чаравікі купіў колькі год таму ў Вільні. Ад няма чаго рабіць зазірнуў у абутковую краму, там аказаўся мой “нерэальны” размер, цана кусалася (у пераводзе на нашы сённяшнія грошы больш за паўмільёна рублёў), але пры сабе была акурат патрэбная сума — і шанц абуцца ў нешта людскае нельга было абмінуць.
Як ні дзіўна, але ёсць заходнія брэндавыя фірмы, сярод прадукцыі якіх часам адшукваецца нешта, што пасуе і паводле стылю, і паводле размеру. Цяпер у Мінску адкрылася крама адной такой іспанскай “мануфактуры”. Наведаў буцік. Да мяне падышла ветлівая супрацоўніца і, скеміўшы, што мне трэба, паабяцала, што праз некалькі тыдняў з’явяцца рэчы размеру XXXL: “Вам варта завітаць да нас і памераць”. Дагэтуль мне здавалася, што больш за XXL не бывае. А тут — калі ласка! І гэта яшчэ не ўсё. У адрозненне ад тых крам, дзе на мяне глядзелі як на нестандартнага (у сэнсе ненармальнага), тут сімпатычная адміністратарка прапанавала без лішніх падтэкстаў: “Я магу запісаць нумар вашага мабільнага тэлефона і эсэмэскай паведаміць пра паступленне новага тавару”.
Адзіная беларуская фабрычная рэч у маім гардэробе — майка “Світанак”. Яе вартасць — нестандартны дызайн і смешная цана — дзесяць тысяч рублёў (у дадэвальвацыйныя часы). Лозунг “Купляйце беларускае!” для мяне неактуальны — няма з чаго набываць. Айчынны вытворца не гатовы прапанаваць штосьці вартае, стылёвае тутэйшаму спажыўцу нестандартных “габарытаў”.
Любы капрыз за вашы грошы
Правіла не можа быць без выняткаў. Знайшліся фірмы, дзе думаюць пра чалавека, а не толькі пра грашовыя абароты. У дзяржынскай кампаніі “Эліз”, мабыць, зразумелі: “Існуём не першы год на рынку, шыем сарочкі для ўсёй краіны, а значыць, мусім выконваць патрабаванні любога кліента”. Калі я прыйшоў у фірменную краму на праспекце Незалежнасці з запытам наконт свайго размеру кашулі, мне адказалі: “Ёсць такія! Можаце памераць, а калі нешта не пасуе, напрыклад, каўнер завузкі, тады наш майстар падправіць. А мо жадаеце асаблівы фасон? Выбірайце ў нас тканіну і ваш заказ на працягу месяца выканаюць на фабрыцы”. Кошт індывідуальнай паслугі — выраб адной кашулі на рост 194—200 сантыметраў — 50 тысяч рублёў.
Магчымасць замовіць сабе адзенне ў краме — незвычайная паслуга. Шкада толькі, што касцюмаў на заказ тут не шыюць. Касцюмаў на людзей вышэйшых за 188 сантыметраў у продажы не бывае ўвогуле. Гарнітур заказваў сабе ў атэлье.

У майстэрні Дома быту на Камароўцы шыю боты. Праўда, нашу іх толькі таму, што іншых няма. Дызайнерскім абутак не назавеш нават з нацяжкай. Апраўданне, чаму боты нецікава глядзяцца, простае. “У нас адна калодка вашага размеру і разагнацца на ёй няма куды”, — закрываюць тэму ў шавецкай лаўцы.
Нядаўна мне падказалі майстэрню, дзе спецыялізуюцца на індывідуальным пашыве з дарагіх замежных матэрыялаў. Пазваніў, даведаўся, што тут могуць вырабіць абутак нават 51-га размеру. На італьянскай калодцы, з натуральнай скуры. Але... цана! У доларавым экві-валенце выглядае нібыта і не такой ужо страшнай: туфлі — ад 130 умоўных адзінак, чаравікі — ад 230, боты — ад 330. А цяпер перавядзём гэтыя лічбы ў рублі — тую валюту, у якой мы атрымліваем зарплату. Мільён рублёў за боты — я яшчэ зразумеў бы, калі б гэта былі “Dolce & Gabbana”. Да таго ж, на кожны размер у фірме прызапашана толькі адна калодка. Дык няўжо цэлы месяц трэба рабіць толькі на адны боты?
Пратэзы ці галёшы?
Заставалася ісці ў “Богатырь”. Спецкрама для веліканаў мяне ўжо неаднойчы расчароўвала. Убоства асартыменту забівае. Галёшы або тапкі фасону 70-х гадоў ХХ стагоддзя — хто іх будзе насіць?
Са мной пагадзілася Алена Зайцава, таваравед “Богатыря”. Працуе яна ў магазіне ўжо 23 гады і як ніхто ведае, адчувае праблемы “волатаў” у краіне “ліліпутаў”, спрабуе вырашаць іх.
— Абутак вялікіх размераў мы маем заўсёды — да 50-га, — пачынае за здароўе Алена Віктараўна. — Босым вы ад нас не пойдзеце. Але не кожны будзе здаволены дызайнам рэчаў. Увесь час я пішу пісьмы на фабрыкі, прашу вытворцаў павялічваць асартымент, удасканаліць мадэлі, але нам рэдка ідуць насустрач. Зрухі адбываюцца на працягу гадоў, дзесяцігоддзяў — вельмі нязначныя і вельмі павольна.
— Чаму так?
— Прадпрыемства закупляе матрыцы і лье з іх падэшвы. Асартымент мяняюць рэдка — “ліць” адно і тое ж прасцей. Дарэчы, калі гартаеш каталогі айчынных абутковых фабрык, бачыш многа “новых мадэлей”. Углядаюся ў навінкі і дзіўлюся: што ж там новага? А справа ў тым, што дастаткова змяніць у чаравіку строчку — і гэта ўжо нібыта новая мадэль. Хаця чалавеку з вялікім размерам нагі ў рэчаіснасці прапануецца малы выбар.
— Ваша крама — адзіная спецыялізаваная ў краіне. Няўжо немагчыма сабраць тут усе магчымыя віды вялікаразмернага абутку і нават адзення, стварыць сапраўдны магазін для “вялікіх” людзей?
— За кожную партыю тавару мы мусім плаціць наперад. Аднак, на жаль, вялікай чаргі па вялікія размеры абутку няма. Адсутнасць масавага попыту на такую прадукцыю — адна з прычын, чаму ў асартыменце фабрык, іншых крам няма прыстойнага выбару. Некаторыя віды вялікаразмернага абутку мне ўвогуле нагадваюць вырабы пратэзнага завода...
Зачараванае кола... У савецкі час і для звычайных людзей немагчыма было “дастаць” якасны абутак, а ў нашу рыначную эпоху, калі ўсё матывуецца і апраўдваецца толькі эканамічным зыскам, няма чаго спадзявацца, што нехта стане вазіць з-за мяжы або, што яшчэ менш верагодна, вырабляць на нашых прадпрыемствах “эксклюзіўныя” абутак, адзенне. Выходзіць, так?
Два працэнты хібнасці
Спробы развязаць праблему забеспячэння “нестандартных” людзей адзеннем і абуткам ужо рабіліся. З навуковым падыходам.
— Пятнаццаць год таму з боку дзяржструктур, адказных за сферу лёгкай прамысловасці, да нас, антраполагаў, звярталіся з прапановай правесці комплексныя даследаванні па размеркаванні тыпаў фігур сярод беларусаў, — расказвае Інэса Салівон, доктар біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі НАН. — Пры фарміраванні асартыменту адзення спецыялісты кіруюцца частатой сустракальнасці тыповых фігур людзей. На жаль, планы па грунтоўным вывучэнні праблемы не спраўдзіліся — праект спыніўся з-за фінансавых прычын. Магу толькі сказаць, што паводле прыкладных разлікаў, мужчын ростам больш як 190 сантыметраў — усяго 2 працэнты ад насельніцтва Беларусі.
— Які тады сярэдні рост беларуса?
— Так казаць нельга — іначай гэта будзе гучаць, як “сярэдняя тэмпература па бальніцы”. Але для мужчыны найбольш “часты” рост 170—175 сантыметраў. 180-сантыметровы чалавек ужо лічыцца высокім.
Суцяшаю сябе, што належу да унікальнага тыпу гома сапіенса. Аднак спадзяюся, што калі-небудзь мой “від” стане больш пашыраным, нас, “белых варон”, выключаць з Чырвонай кнігі грамадства і пачнуць улічваць пры стварэнні адзення, абутку, вызначэння вышыні столяў у кватэрах ды дзвярэй у цягніках метро. Пакуль жа двухметровая меншасць застаецца амаль непрыкметнымі, неістотнымі двума працэнтамі “хібнасці” на фоне сярэднестатыстычнай большасці.

“НГ” спытала Ці цяжка вам набыць адзенне свайго памеру?

Аляксандр КУЛЬ, баскетбаліст (рост — 213 сантыметраў):
— Ніколі не хаджу па адзенне ў нашы магазіны, бо ведаю — нешта знайсці не атрымаецца. Напрыклад, у “Богатыре” не быў з 1993 года, калі канчаткова расчараваўся ў асартыменце. Таму для мяне існуюць толькі два варыянты: або шыць адзенне ў прыватных краўцоў, або заказваць яго ў ЗША. За акіянам вялікія людзі не маюць праблем з рэчамі. Як заказваю? Праз Інтэрнэт. Там можна і памер падабраць, і колер. Хаця існуюць пэўныя мытныя цяжкасці пры атрыманні пасылак. Яшчэ сяброўка маёй жонкі займаецца пашывам адзення. Заказваю ў яе штаны, кашулі.
Цяжкасці з адзеннем пачаліся, як толькі пайшоў у школу, бо ўжо тады быў намнога вышэйшы за астатніх. У першым класе яшчэ неяк знайшлі на мяне школьную форму, а вось пасля... Сёння на іншых людзях часта бачу прыгожыя рэчы, якія таксама хацеў бы мець у сваім гардэробе. Але даўно прызвычаіўся да таго, што майго памеру няма, а таму не звяртаю на гэта асаблівай увагі. Дый я, шчыра кажучы, зусім “няшмотачны” хлопец.
Святлана ГАПОНАВА, трэнер (187 сантыметраў):
— Высокай жанчыне падабраць добрае адзенне немагчыма. Штосьці мне шыюць пад заказ, штосьці купляю за мяжой, штосьці вяжу сама. Нават падбіраю сабе мужчынскія рэчы — курткі, джынсы. Прычым штаны — толькі мужчынскія, бо жаночых нідзе няма. Скаладана і з абуткам. 42-га жаночага памеру ў нас амаль не бывае.
Знаходзіш прыгожы джэмпер, а ў яго — кароткія рукавы. Так амаль заўжды. Калі сустракаю рэч патрэбнага памеру, адразу яе купляю, хаця магу і не мець у ёй вялікай патрэбы. Я ведаю, што наступнага разу можа і не быць.
Уладзіслаў ДЗЕГЦЯРОЎ, намеснік дырэктара мінскага спартклуба ФПБ (202 сантыметры):
— Высокаму чалавеку цяжка выглядаць стыльна. Проста так адзенне не пойдзеш і не купіш.
У мяне туфлі 48-га памеру. Беларускія фабрыкі такіх амаль не шыюць. Часам нешта з’яўляецца ў замежных салонах. Калі нешта знаходжу, адразу купляю. Нават калі абутак састарэлы, нямодны і нават крыху цісне. Выбіраць няма з чаго. Яшчэ заказваю  ў Германіі. Праўда, апошні раз заказаў, але так нічога і не атрымаў — пасылка згубілася ў дарозе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter