Жыццё ў краіне ліліпутаў... працягваецца

Праблема людзей з нестандартнымі размерамі адзення і абутку пасля публікацыі ў “НГ” разгледжана ў БеллегпрамеЧалавеку з двухметровым ростам, абуткам 48-га і большага размеру знайсці на сябе прыстойны гарнітур і туфлі, не кажучы пра куртку ды боты, практычна немагчыма (гл. артыкул “Жыццё ў краіне ліліпутаў”, надрукаваны 12 сакавіка). Тое, што сітуацыя сапраўды крытычная і патрабуе тэрміновага вырашэння, пацвердзіў у лісце ў рэдакцыю Эдуард Нарышкін, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вырабу і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці. За афіцыйны водгук на публікацыю ў нашай газеце выказваем шчырую падзяку кіраўніку канцэрна. Значыць, ёсць надзея, што праблема, якая налічвае многа дзесяцігоддзяў і закранае, прынамсі, дзвесце тысяч грамадзян, мае шанц на вырашэнне.

Тым часам, як паведаміў Э.М.Нарышкін, прадпрыемствы, што ўваходзяць у структуру Беллегпрама, вырабляюць сёння адзенне і абутак паводле стандартаў, прынятых яшчэ ў савецкі час:
мужчынскае адзенне — рост ад 158 да 188—194 см, абхват грудзей — ад 88 да 140 см,
жаночае адзенне — рост ад 146 да 176 см, абхват грудзей — ад 82 да 140 см,
мужчынскі абутак — да 48-га размеру,
жаночы абутак — да 42-га размеру.
“Гэтымі стандартамі ўстаноўлена, — канстатуе Э.М.Нарышкін, — што выраб прадукцыі іншых размераў, у тым ліку вялікіх, праводзіцца па заказу гандлёвых арганізацый. Апрача таго, ААТ “Эліз” прымае заказы ў фірменных магазінах на вытворчасць вырабаў нестандартных размераў (рост 200 см і большы). Штогод заказ складае пад 2000 адзінак сарочак”.
Дадам, што не раз звяртаўся ў фірменную краму “Эліз”, але з таго асартыменту тканін, якія прапаноўваліся на індывідуальны пашыў кашулі, мне асабіста мала што пасавала. Для кашуль звычайнага размеру прапаноўваўся нашмат большы выбар тканін. Гэта сведчыць увогуле пра наяўнасць выбару, а ў прыватнасці, аб яго абмежаванасці для людзей “нестандартнага размеру”.
Натуральна, што чалавеку, які мае рост большы за два метры, мужчынскі касцюм ААТ “Камінтэрн” на рост да 194 см не падыдзе. Нічога іншага Беллегпрам прапанаваць пакуль што не можа. Іначай кажучы, на высокіх людзей нешта шыецца, але не “дацягвае” да ўсіх “волатаў”.
Між тым выпуск адзення і абутку на веліканаў складае ўсяго “каля трох працэнтаў ад агульнага аб’ёму вытворчасці”. У крамы прадукцыя крайніх размераў і ростаў паступае “ў адпаведнасці з іх заказам”. Выходзіць, што калі магазін не заказаў нестандартных кашуль і туфляў, то ў продажы іх не будзе...
У Беллегпраме з жалем прызнаюць, што “пытанні забеспячэння насельніцтва абуткам асабліва вялікіх размераў, не прадугледжаных дзеючымі размернымі шкаламі (г.зн. большага за 42-і размер у жанчын і 48-ы — у мужчын. — В.К.), у цяперашні час вырашаны не ў поўнай меры”. Чаму? Гэта звязана найперш з адсутнасцю спецыяльнага абсталявання для вырабу “эксклюзіўнай” прадукцыі, якое набываецца на нашы прадпрыемствы “пераважна ў еўрапейскіх краінах за валютныя сродкі”.
Аднак часткова ўсё ж сітуацыя “разрульваецца”. Беллегпрам назваў прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць “выраб і пастаўку на ўнутраны рынак рэспублікі мужчынскага вялікаразмернага абутку рознага асартыменту і сезоннага прызначэння па заказу гандлю”:
ААТ “Чырвоны Кастрычнік”, СП “Отыка” — да 47-га размеру;
ЗАТ “Сівельга”, СТАА “Белвест”, СТАА “Марка” — да 48-га размеру;
ААТ “Гродзенская абутковая фабрыка “Нёман” — да 49-га размеру;
ААТ “Лідская абутковая фабрыка”, ЗАТ СП “Белкельме” — да 50-га размеру.
Э.М.Нарышкін падказвае ў сваім лісце, што прадукцыя названых прадпрыемстваў пастаўляецца ў мінскія магазіны “Богатырь” і “Луч”, а таксама ў іншыя “фірменныя магазіны і секцыі”.
І ўсё ж нават у “Богатыре” заўважаюць, што вялікаразмерны абутак карыстаецца невялікім попытам — але не столькі таму, што няма людзей, якія маюць патрэбу ў такім тавары. Прычына іншая: фасон беларускага абутку не заўсёды адпавядае найноўшым модным тэндэнцыям. А гэта істотна: кожная рэч павінна быць не толькі зручнай, але і прыгожай.
У Беллегпраме бачаць выхад з цяперашняга тупіка ў пераглядзе “размернай тыпалогіі”, падрыхтаванай у 80-я гады мінулага стагоддзя на падставе антрапалагічных даследаванняў, праведзеных па спецыяльнай дзяржпраграме СССР. Але сёння перамяраць дарослых і дзяцей краіны нанава — справа “дарагая і доўгая”.
Таму пытанне, калі ж беларускія веліканы дый ліліпуты нарэшце змогуць у крамах набываць у свабодным продажы адзенне і абутак сваіх размераў, а не толькі па “спецзаказу”, з боку Беллегпрама пакуль засталося без адказу. Адно суцяшае: “ажыццяўляецца мэтанакіраваная работа па ўдасканаленні і расшырэнні асартыменту тавараў вялікіх размераў і ростаў”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter