Жыццё ў краіне ліліпутаў

Сярэдні рост беларуса — 175 сантыметраў. 180-сантыметровы мужчына ўжо лічыцца высокім, а двухметровы — сапраўдным веліканам. Мужчынам з такімі “нестандартнымі” габарытамі вельмі цяжка знайсці на сябе адзенне і абутак. Для іх айчынныя фабрыкі амаль нічога не вырабляюць. А дастаць нешта з-за мяжы складана і дорага. Дорага пашыць і ў атэлье. Праблема існуе гадамі, але ніхто яе не вырашае.Віктар КОРБУТ, “НГ” ад 12.03.2009 г.

Вольга, г.Пінск:
— Пытанне паднята вельмі своечасова. Калі ў Мінску яшчэ можна знайсці хаця б нешта для высокіх мужчын, то пра жанчын, асабліва ў правінцыі, няма чаго казаць. Я працую настаўніцай, але апрануцца ды абуцца стыльна не магу. Максімум, што прапануецца ў нашых магазінах — адзенне для жанчын ростам 170 сантыметраў. Маючы рост 176 сантыметраў і 42-гі размер абутку, знайсці нешта айчыннай вытворчасці нерэальна, а купляць у фірменных крамах замежных вытворцаў не дазваляе заробак. Чамусьці расійскі, кітайскі, польскі хатні халат або летняе паліто на рост 176 сантыметраў мне могуць прывезці па невялікай цане, а прыгожыя мадэлі “Пінскага трыкатажу” бываюць толькі на жанчын ростам 170 сантыметраў максімум. Калі ж рэч гэтай фабрыкі разлічана на рост большы за 176 сантыметраў, то размер чамусьці не большы за 46-ы. Узнікае заканамернае пытанне: хіба ў нас жанчыны з
48-ым размерам і большым не могуць быць ростам вышэй за 170 сантыметраў? Ратуе расійскі шырспажыў з мясцовага рынку. Са школьнай формай для дачкі таксама праблемы. Яна цяпер ужо 170 сантыметраў ростам і мае 39-ы размер абутку, а дзяўчынцы ўсяго 14 год! Так што лозунг “Купляйце беларускае!” — не для нашай сям’і. На жаль...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter