Чаму гравюры трэба разглядаць у адзіноце

Жыццё ў колерах

Напрыканцы мая ў Брэсцкім абласным акадэмічным тэатры драмы адбылася цікавая інтэрактыўная імпрэза — мерапрыемства з удзелам работ вучняў дзіцячай школы выяўленчых мастацтваў Брэста імя Аляксандра Алонцава. Гэта было шостае вялікае мастацкае мерапрыемства, якое арганізавалі ў гэтым годзе школа, яе дырэктар Святлана Вяль разам з мужам Генадзем Вялем, які кіруе эстампнай майстэрняй пры школе і вядомы далёка за межамі Беларусі як аўтар шматлікіх гравюр .

Фота Аляксея Ганчука

У  юбілейны для Брэста год — 2019-ы, калі горад будзе адзначаць тысячагоддзе, творчая сям’я надумала здзівіць гараджан і гасцей горада графічным фестывалем. 

Мастацкія дынастыі як мінулага, так і сучаснасці — гэта перапляценні лёсаў, характараў і творчых поглядаў. Пытаюся, як сям’ю захавалі? Генадзь Вяль кажа, что Святлана Віктараўна — яго муза. А жонка не саромеецца сказаць, што лідар — менавіта яна:

— Генадзь Ігаравіч больш мяккі. 

На нядаўнім вернісажы, дзе Генадзь Ігаравіч разам з вучнямі выставіў гравюры, а Святлана Віктараўна — габелены, яна ўсім прысутным сказала, што галоўная падзея — не 60-годдзе кожнага з іх, а амаль 40-год-дзе сумеснага жыцця, калі і мірапогляды, і быт, і творчасць — усё асэнсоўваецца і фарміруецца вочы ў вочы.

На юбілейнай выставе адчуваліся тыя нябачаныя вышыні, якіх дасягнуў у творчасці графік Генадзь Вяль, і таму адбылося яго міжнароднае прызнанне, удзел у прэстыжных выставах, перамогі на конкурсах, заказы на экслібрысы па ўсім свеце. 

А Святлана кажа, што яе габелены — гэта толькі дапаўненне, спроба каляровым разбавіць вытанчаную графіку. 

Пасля мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага універсітэта ў 1980 годзе яны прыехалі ў Брэст, на радзіму Святланы Віктараўны. Да 2002 года працавалі ў сярэдняй школе № 10 з архітэктурна-мастацкім ухілам. Цяпер Святлана Вяль кіруе школай выяўленчых мастацтваў, Генадзь Вяль там выкладае ў эстампнай майстэрні. Графік, дарэчы, нарадзіўся ў невялікім пасёлку Хоўхлава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта ў гэтым мястэчку ў XVI стагоддзі ў мясцовай друкарні друкаваў свае кнігі Сымон Будны.

— Графіка ў адрозненне ад жывапісу і скульптуры ўзнікла як камунікатыўнае мастацтва. Можна сказаць, што яна прамаці сродкаў масавай інфармацыі. Бо сваім з’яўленнем абавязана ўзнікненню друкаванай кнігі, — кажа Генадзь Вяль.

У мінулым годзе, калі мы святкавалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, на выставе ў сталічным Доме дружбы Генадзь Вяль прадставіў афорт “Біблія Руска”, а таксама дзве графічныя работы — “Радзівілаўская (Брэсцкая) Біблія” і “Катэхізіс” Сымона Буднага”, якія з прысвячэннем Францыску Скарыне складаюць трыпціх.

“Біблія Руска”, дарэчы, зараз ва ўніверсітэце у італьянскай Падуі — там некалі Скарына экстэрнам здаваў іспыты. Гэта падарунак ад міжнароднага праекта “Шляхамі Скарыны”, удзельнікам якога быў Вяль. Мастак кажа, што сёння патрабаванні да гравюры такія ж, як і стагоддзі таму:

— Тэхналогіі захоўваюцца. Але, натуральна, ва ўсе часы ў майстроў былі свае сакрэты. Паралельна кнігадрукаванню гравюра на дрэве развівалася як самастойны від выяўленчага мастацтва, як сродак творчага самавыяўлення. З’явіліся такія разнавіднасці гравюры, як разцовая гравюра на метале, сухая іголка, афорт (тручэнне малюнка на метале азотнай кіслатой), гравюра на лінолеуме.

— Калі браць жывапіс, дык на першы план выходзіць эмацыянальнае ўздзеянне малюнка. А як у графіцы? — пытаюся.

— У сучасным мастацтве мяжа паміж жывапісам і графікай сціраецца, размываецца. Ёсць нейкі выклік, эпатаж. Класічная ж гравюра параднёная з кнігай. Гравюры нават захоўваюцца як кнігі — на паліцах. Калекцыянеры цэняць мініяцюры, у якіх высокае значэнне надаецца прапрацоўцы дэталяў. Каб можна было ўзяць лупу і доўга і ўважліва разглядаць іх, паступова апускаючыся ў прыдуманы мастаком свет. Гравюра ўвесь час быць у цэнтры ўвагі не можа. Яна носіць інтымны характар. Як і кнігу чытаць, разглядаць гравюру лепш у адзіноце. І, магчыма, звяртацца да адной ілюстрацыі не аднойчы, каб спасцігнуць усе нюансы.


Святлана Вяль дадае:

— Шкада, што ў нейкай ступені страчана здзіўленне ад графікі. Людзей прывучылі да таго, што ўсё павінна быць вялікае, яркае. У нас, напрыклад, не вітаецца афармленне офісаў графікай. А калі выехаць за мяжу, можна заўважыць, што ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі графіка ўсюды. Там пастаянна праводзяцца міжнародныя выставы-конкурсы графікі.

Цікаўлюся, а ці змяняюцца дзеці? Муж і жонка настаўнічаюць у тандэме больш за тры дзясяткі гадоў. 

Святлана Віктараўна уздыхае:

— І дзеці змяняюцца, і мы самі. Аднымі з першых нашых вучняў былі Юрый Ярашук, Мікалай Кузьміцкі, Васіль Бурдзін, Наргіза Усманава — таленавітыя, цяпер вядомыя і паспяховыя людзі. Прыемна, што мы сябруем, сустракаемся, супрацоўнічаем.

— Натуральна, ёсць “хворыя мастацтвам”, але такіх самаадданых, як раней, ужо не сустрэнеш. Ім лягчэй запазычыць ідэю кампазіцыі ў інтэрнэце, чым думаць сваёй галавой. Даходзіць да таго, што дзіця, прыходзячы на ўрок, малюе не з натуры, а з фатаграфіі, зробленай камерай тэлефона. Няпроста растлумачыць вучню розніцу паміж аб’ёмным зрокам чалавека і маленькім плоскім малюнкам на экране, — дапаўняе Генадзь Вяль.

Святлана і Генадзь Вяль аптымістычна глядзяць у будучыню. Дачка Аліна пайшла па іх шляху. Святлана Віктараўна марыць, што некалі Брэст стане сталіцай дзіцячай графікі: “Магчыма, мы на будучыню зробім такі задзел”.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter