Замест вясковай крамы магазін на колах, дошкі для плота па самым танным кошце, маршрут аўтобуса будзе адноўлены, школа працуе. Дык што не так? Прыехалі ў Мікалаеўшчынскі сельсавет і наведалі вёскі, пра якія ідзе гаворка ў звароце

Жыццё бяжыць не толькі ў горадзе

Мінчанін Яўген Хвалей звярнуўся ў рэдакцыю выдавецкага дома «Беларусь сегодня» з лістом, дзе пералічае недахопы інфраструктуры ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце Стаўбцоўскага раёна. Ён незадаволены закрыццём вясковых магазінаў, абмежаваннем транспартнага маршруту і лічыць, што падтрымка вяскоўцаў з боку мясцовай гаспадаркі магла б быць большай. Каб разабрацца ў сутнасці скаргі, карэспандэнт «Сельской газеты» прыехала ў Мікалаеўшчынскі сельсавет і наведала вёскі, пра якія ідзе гаворка ў звароце.


«Калі ў самой Мікалаеўшчыне ўсё ёсць для жыццядзейнасці людзей: два магазіны, паштовае аддзяленне, сярэдняя школа, царква, ходзіць маршрутка, то ў пяці занёманскіх вёсках — Кнотаўшчыне, Белькаўшчыне, Шахноўшчыне, Масёнкаўшчыне, Грабёнаўшчыне — нічога гэтага няма. Два гады запар тут не працуюць нават магазіны. Стаяць пустыя каробкі-будынкі, як у Кнотаўшчыне, так і ў Грабёнаўшчыне. Памерлі магазіншчыцы, а замены ім Стаўбцоўскі райспажыўсаюз ніяк не можа знайсці. Прысылае аўтамагазін. Але што той магазін на колах, калі на яго накідваюцца людзі з пяці вёсак… І то патрэбна гадзінамі чакаць, пакуль ён пад’едзе ў тую ці іншую вёску. А гэта ў сцюжу, мароз зімой. Вясной, летам, восенню бывае ў дождж. Апошнім пакупнікам, здараецца, і хлеба не дастаецца. Ці не прасцей было б лю­дзям у любую хвіліну пайсці ў стацыянарны магазін, як гэта было некалькі гадоў назад», — піша Яўген Хвалей.


У Мікалаеўшчынскім сельсавеце 13 населеных пунктаў і 1600 жыхароў, 460 з іх на заслужаным адпачынку. Па 500 чалавек жыве ў аграгарадках Мікалаеўшчына і Любкаўшчына, 102 у доме-інтэрнаце, які таксама размешчаны на тэрыторыі сельсавета. У пяці занёманскіх вёсках, названых у звароце, у агульнай колькасці зарэгістравана 225 жыхароў у 119 домаўладаннях, таксама 206 дачнікаў, якія прыязджаюць у сельскую мясцовасць звычайна ў цёплую часіну года адпачываць, але для пастаяннага пражывання выбралі іншыя пенаты.

— Калі прыязджаюць дачнікі і становіцца больш людзей, час ад часу паступаюць звароты, каб адчыніліся стацыянарныя гандлёвыя кропкі. Вядома, зручней, калі крама побач і доўга працуе. Для гэтага трэба, каб яна была запатрабаваная круглы год, але, як паказвала практыка, выручкі такіх магазінаў былі невялікімі. Таму, пакуль былі мясцовыя прадаўцы, стацыянарны гандаль спажыўтаварыства не зачыняла. Калі ж працаваць не стала каму, гутарка пра пошук новых не вялася. У згаданыя вёскі тройчы на тыдзень — у аўторак, чацвер і суботу — прыязджае аўтамагазін, — тлумачыць намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Жанна Лысая.

Намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Жанна Лысая. Старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Карнічэнка.
Гадзінамі чакаць, як піша аўтар, аўталаўку не прыходзіцца. Прыбывае яна, незалежна дождж ці сонца, па графіку, расстаўляе кропкі над «і» старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Карнічэнка:

— Не толькі дакладна ў час, але і прыпыняецца ў вызначаных пунктах, адведзеных для гандлю. Вяскоўцы добра ведаюць прадаўца, а таксама яго тэлефон, і калі хтосьці з пажылых не ў стане дабрацца да аўталаўкі, па просьбе яна пад’едзе акурат да хаты. Да таго ж нямоглых абслугоўваюць прадстаўнікі сацыяльнай службы, якія таксама дастаўляюць прадукты. Раптам у асартыменце аўталаўкі няма патрэбнага тавару, на яго можна зрабіць заяўку. Заязджаюць у вёскі і прыватныя прадпрымальнікі, аднак перш за ўсё разлічваем на свае сілы і мяркуем, што аўтамагазін на колах — добрае вырашэнне надзённай патрэбы. У Грабёнаўшчыне крама зачынілася пяць гадоў таму, у 2019-м яе не стала ў Кнотаўшчыне. Выручка была невялікай, асноўная яе пазіцыя — алкаголь.

Маладая матуля выбірае ласункі для дзяцей у аўталаўцы ў Кнотаўшчыне.
Па дарозе праз Кнотаўшчыну якраз бачым аўталаўку, каля яе не больш за 15 чалавек. Мікалай Тамашэвіч прыйшоў за свежым хлебам і макаронай, тут яны розных відаў. Яшчэ б не забыцца прыхапіць гарчыцу. Маладая матуля выбірае ласункі для дзяцей, у яе тры хлопчыкі. У спакойнай вёсцы набылі дачу, трэці год штолета тут адпачываюць.

«Не адзін год рэгулярна курсіраваў аўтобус Стоўбцы — Ахрэмавічы з адыходам з райцэнтра ў 13:00. Нядаўна яго адмянілі. А многія, асабліва хто ехаў з Мінска ці Баранавіч, на яго разлічвалі…» — піша аўтар.

Сапраўды, абедзенны маршрут на пэўны час прыпынены, але не трэба забывацца, што засталіся ранішні і вячэрні. Такім чынам, дабрацца ў райцэнтр з пяці названых вёсак і вярнуцца назад можна штодзень. Апроч гэтага, тройчы на дзень ез­дзяць маршруткі ў Любкаўшчыну праз цэнтр сельсавета Мікалаеўшчыну, прыпыняюцца на скрыжаванні дарог, куды з гэтых пяці вёсак дабірацца аднолькава зручна, максімальная адлегласць ад любой хаты да прыпынку прыблізна кіламетр. Да бліжэйшага аграгарадка ад гэтых вёсак каля васьмі кіламетраў, таксама свет недалёкі. А наконт абедзеннага маршруту ў Стоўбцы засмучацца не варта, прыпынены ён часова як адзін з малазагружаных, пакуль супрацоўнікі мясцовага аўтапарка перажывалі хвалю каронавіруса. У бліжэйшы час будзе адноўлены па заведзеным рэжыме.

Аўтар звароту выказвае думку, што яго малая радзіма стала падобнай да бязлюднага вострава, між тым з гэтых мясцін выйшаў у свет зорны сын беларускай літаратуры Якуб Колас. Калісьці ў школе, якую ён будаваў, толькі ў адным гуртку «Маладыя каласкі» было больш выхаванцаў, чым цяпер ва ўсёй установе, разважае Яўген Хвалей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас у лісце свайму сябру Ігнацію Міцкевічу, які потым стаў першым дырэктарам гэтай навучальнай установы, пісаў: «Як толькі прыеду на Беларусь, зай­муся мікалаеўшчынскімі справамі. Школу трэба паставіць. Зрабіць яе на зайздрасць людзям». І зрабіў, і паставіў — школа з калонамі ў стылі неакласіцызму пабудаваная па эскізах класіка і дырэктара. Якуб Колас тады якраз працаваў у Вярхоўным Савеце БССР і ў розных інстанцыях стараўся здабыць будматэрыялы, што пасля вайны было складана. Школа ўзведзена мазолістымі рукамі тутэйшых жыхароў і паўстала ў 1948-м, велічная і прыгожая.

— У 2011 годзе ў ёй вучылася 65 дзяцей, і ў сувязі са змяншэннем іх колькасці вырашана рэарганізаваць навучальную ўстанову ў дзіцячы сад — сярэднюю школу. З вышэй пералічаных вёсак падвозяць 13 падапечных з Масёнкаўшчыны і Грабёнаўшчыны, — тлумачыць Жанна Лысая.

Нягледзячы на сапраўды невялікую колькасць вучняў (разам з дзетсадаўцамі каля 70 чалавек), школа па-ранейшаму працуе, застаецца адной з лепшых у раёне і праслаўляе імя класіка. Так заведзена амаль з пары адкрыцця, што большасць тутэйшых выпускнікоў становяцца настаўнікамі. Шмат філолагаў, матэматыкаў, спартсменаў. Дырэктар Лілія Кротава сярод вядомых называе доктара філалагічных навук Валянціну Мароз, доктара гістарычных навук Лідзію Кулажанку, доктара педагагічных навук Мікалая Міцкевіча. А таксама ад школьнага парога пайшлі 33 нашчадкі па пісьменніцкай лініі.

У тым, што колькасць жыхароў і дзяцей змяншаецца, у цэлым вінавата ўрбанізацыя. У канкрэтна ўзятых пяці занёманскіх вёсках, у тым ліку Масёнкаўшчыне, інфраструктура пабяднела з-за таго, што цэнтр гаспадаркі перабазіраваўся ў іншы населены пункт, тлумачыць Аляксандр Карнічэнка:

— Напачатку на тэрыторыі сельсавета былі дзве гаспадаркі — «Перамога» з цэнтрам у Любкаўшчыне і «Радзіма Якуба Коласа» ў Масёнкаўшчыне. У 1982 годзе гэтыя сельгаспрадпрыемствы аб’ядналіся ў Любкаўшчыне, і, вядома, калі цэнтр калгаса з вёскі сыходзіць, яна пакрысе заціхае. Так сталася і з Масёнкаўшчынай. А Любкаўшчына ў 2006-м стала аграгарадком з амбулаторыяй, Домам культуры, школай, іншай сацыяльнай інфраструктурай, вакол якой згуртавалася пяць згаданых вёсак. Такім чынам гэты аграгарадок, а таксама Мікалаеўшчына, тэрытарыяльна блізкая да Стоўбцаў, і сталі двума буйнымі населенымі пунктамі сельсавета.

Аналізуем далей зварот: «Сельскі Савет ды праўленне гаспадаркі «Радзіма Якуба Коласа» слаба клапоцяцца аб сваіх жыхарах. Неадрамантаваныя платы каля шашы, не абгароджаныя як след могілкі, паводкай затапляюцца падворкі і нават хаты, няма дапамогі пенсіянерам у набыцці паліва», — піша аўтар.

Даўжэзны сучасны плот вакол могілак у вёсцы Белькаўшчына.

Праязджаем праз вёску Белькаўшчына. І выпадкова заўважаю даўжэзны сучасны плот вакол могілак, спецыяльна прыпыняем машыну, каб зафіксаваць на фотаапарат. Знаёмлюся з жыхарамі, сядзіба якіх размясцілася акурат каля вясковых могілак. Дзякуючы таму самаму магутнаму плоту яны з падворка амаль незаўважныя, так што няма чаго баяцца. Тым больш асцерагацца трэба жывых, а не памерлых, пацвярджаюць маю думку гаспадары тутэйшай сядзібы Вячаслаў Лёсік і Аксана Ротнава.

У сельсавеце 15 могільнікаў. Можа, не ўсе так прыгожа абгароджаны, як у Белькаўшчыне, тым не менш штыкету нідзе не засталося, толькі бетонныя платы і сетка. Кнотаўшчына, Пагарэлае, Любкаўшчына… Клапачуся не толькі я і іншыя супрацоўнікі сельвыканкама, гэтым грунтоўна займаўся мой папярэднік на пасадзе старшыні. Так што агароджа могілак прыведзена ў парадак даўно, на адных знялі штыкет і збіраемся паставіць сетку. Да таго ж спілены ўсе аварыйныя дрэвы, — удакладняе старшыня сельвыканкама.

Наконт таго, што паводкай затапляюцца падворкі і нават хаты, Аляксандр Карнічэнка таксама праліў святло на сітуацыю. Размова пра сядзібу на вуліцы, якая па прыродным ландшафце ніжэй за суседнюю. Пасля ападкаў вада шукае шлях па схілах і трапляе ў двор. Прычым сядзіба ў гаспадыні бацькоўская, такі прыродны нюанс існаваў цягам многіх гадоў. Каб вырашыць праблему, трэба побач з падворкам устанавіць невысокі бардзюр, і вада сыдзе па дарозе. Аднак заняцца гэтым належыць самім гаспадарам, а не сельвыканкаму, лічыць Аляксандр Карнічэнка.

Падобная сітуацыя і з «неадрамантаванымі платамі каля шашы», перш за ўсё размова пра плот побач з канкрэтнай хатай. Некалі сапраўды па згодзе з гаспадаром ён быў пастаўлены за дзяржаўныя сродкі, каб акультурыць вуліцу, дзе ладзілася свята вёскі. Аднак за пэўны час страціў прэзентабельны выгляд, і паклапаціцца пра аднаўленне самы час гаспадару, але ён хоча, каб гэтым занялася гаспадарка.

Плот, які трэба замяніць.

А вось пра тое, што ААТ «Радзіма Якуба Коласа» слаба турбуецца пра вяскоўцаў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Валянцін Ажгірэвіч гатовы паспрачацца:

— Сельгаспрадпрыемства стала спонсарам вялікага рамонту мясцовай школы, спартыўнай залы, дзіцячага садка. А скажыце, ці ёсць яшчэ дзе такі прыклад, каб за кошт гаспадаркі дзеці працаўнікоў харчаваліся бясплатна? А мы на гэта выдзяляем грошы. Дырэктар Юрый Тарасевіч стараецца паспрыяць былым калегам і цяперашнім — за палавіну кошту прывозім дровы і брыкет, саджаем бульбу, апрацоўваем зямлю, забяспечваем грубымі і канцэнтраванымі кармамі хатнюю жывёлу, дапамагаем з рамонтам. Жанчыне, якая знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы і ў якой адабралі дзяцей, пераклалі печ, хоць кватэра была не службовая. У выніку малых вярнулі.

Усе гэтыя прэферэнцыі не залежаць ад таго, чалавек адзінокі ці не. Напрыклад, адной бабульцы, хоць дзеці буйныя бізнесмены, сельвыканкам не адмаўляе ў транспарце, каб з мясцовай піларамы бясплатна даставіць абрэзкі. І не толькі яна, многія вяскоўцы такой паслугай карыстаюцца і атрымліваюць чатыры пакеты бясплатных абрэзкаў у год. Але ізноў жа гэта ветэраны гаспадаркі.

Вернемся да нашага плота. Гаспадар сядзібы працаваў усё жыццё ў Свержані на лесазаводзе, які гатовы выдзеліць свайму ветэрану будаўнічыя матэрыялы па самым танным кошце. А пойдзе ці не на ўступкі сельгаспрадпрыемства і ці паставіць гэты плот — справа для іх абсалютна дабравольная. Мужчына не інвалід, мае блізкага родзіча, атрымлівае пенсію, не ветэран калгаса, хаця некаторы час там працаваў. З аднаго боку, паставіць бы ды пазбыцца праблемы і наступных скаргаў у многія інстанцыі, а з іншага — тады кожны вясковец можа сказаць: «А чым я горшы? Зрабіце плот і мне».

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter