“Моднік і аптыміст”. Мастаку Леаніду Шчамялёву спаўняецца 95 гадоў

Жыццё ў белым колеры

Той, хто асабіста знаёмы з Леанідам Шчамялёвым, пацвердзіць яго адкрытасць, добразычлівасць, абаяльнасць. Той, хто бачыў яго работы, не ўзгадае ніводнай змрочнай, дэпрэсіўнай, прыгнечанай. Яркія, сакавітыя, сонечныя фарбы на палотнах і нязменная ўсмешка на твары. Пятага лютага Леаніду Дзмітрыевічу Шчамялёву спаўняецца 95 гадоў. Гэта добрая падстава, каб даведацца пра сакрэты яго даўгалецця, духоўнай моцы і душэўнага святла.

Леанід ШЧАМЯЛЁЎ: «Мне падабаецца, што краіна, у якой я нарадзіўся і жыву, завецца Беларусь — Белая Русь, значыць, светлая, добрая».

Яму ніколі нельга было даць яго гадоў. Шчамялёў па жыцці нёс і нясе пэўную ваенную выпраўку і ў той жа час джэнтльменскую галантнасць, звычкі гэткага дэндзі. Падцягнуты і элегантны. 

«Ён заўсёды быў моднікам. Ніколі не любіў паўтоны, нешта такое шэранькае, бэжавенькае. Як на палатне, так і ў адзенні ён аддае перавагу нечаму выразнаму, каб заўсёды прысутнічаў нейкі элемент захаплення, — расказвае жонка мастака Святлана. — У маладосці нават нямала цярпеў ад крытыкаў за сваё прыроднае імкненне быць эфектным. Напрыклад, вельмі даставалася яму ў часы, калі была мода на вузкія штаны. Ён тэндэнцый стараўся прытрымлівацца, але заўсёды ўсё падбіраў з густам, умеў спалучыць моду і элегантнасць. Па сённяшні дзень — прыкметны, не пасуе перад лічбай гадоў. Галоўнае, каб здароўя яшчэ».

У яго насычаная каляровая гама і ў жыцці, і на палатне. Але самая любімая і загадкавая фарба для мастака — белая. У палітры Шчамялёва бель — не чыстая і халодная. Майстар насычае, узбагачае беласнежны, і здаецца, што ён умее ўзяць ад гэтага на першы погляд абмежаванага колеру сотні адценняў: 

— Белы колер — самы прыгожы. Ён самы ясны, адкрыты. Усё, што ў белым ці на фоне белага, глядзіцца свежа, радасна, зараджае на пазітыў. Мне падабаецца, што краіна, у якой я нарадзіўся і жыву, завецца Беларусь — Белая Русь, значыць, светлая, добрая. І людзі тут адпаведна такія ж. Я люблю белы ў жыцці. Мне падабаюцца белыя рамы. Адзін час хацелася ўсе работы ў іх «апрануць». Але белы ў мяне фірменны, я раблю колер доўга, у некалькі падыходаў: наношу фарбу адзін раз, потым, як яна высахне, пакладу яшчэ слой, і так далей, да трох-чатырох разоў. Толькі ў такім выпадку белы грае, не здаецца пустым, нясе нейкую эфемернасць, блакіт і нават аддае сінню.

Калегі і вучні (як выкладчык, Шчамялёў выхаваў не адно пакаленне выдатных мастакоў, працаваў у мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, спецыялізаванай школе-інтэрнаце імя І. Ахрэмчыка) называюць Шчамялёва рамантыкам і не перастаюць здзіўляцца, як магчыма было захаваць пэўную чалавечую радаснасць, тонкі душэўны парыў пры такіх няпростых старонках жыцця.

Перш-наперш — вайна. Фронт. Сутыкненні і баі з нямецкімі акупантамі. Жах і пакуты. Тэму выпрабаванняў, якія выпалі на лёс яго народа, Шчамялёў, канечне ж, не мог не адлюстраваць, але заўсёды падаваў яе не батальна, не надрыўна, як рабілі большасць з яго калег-рэалістаў, дзяцей вайны. У Леаніда Дзмітрыевіча аповед пра ліхалецце нібыта з акцэнтам: «Жыццё ж працягваецца!». 

«Маё нараджэнне».

Адна з самых знакавых карцін майстра — «Маё нараджэнне»: навокал вайна, зіма, холад, а на адкрытым паветры жанчына нарадзіла дзіця — немаўля падхапіла і захутвае іншая жанчына, каля галавы парадзіхі — яе муж. У гэтым сюжэце Шчамялёў заклаў велізарную філасофію — жыццё непераможнае.

У той жа час ён сімвалічна расказаў пра нараджэнне свайго пакалення — мастакоў, увогуле творцаў, якіх фарміравалі ваенныя гады. Скончылася вайна, і Шчамялёў прыйшоў у мастацтва:

— У 1947-м толькі-толькі пачаў вучыцца пісаць. У 50-я скончыў мінскую Глебаўку, а пасля тэатральна-мастацкі інстытут. З 1958-га стаў паказвацца на выставах. Было шмат крытыкі. Яна загартоўвала. Дапамагала расці і разумець, што людзям падабаецца, а што не. Шмат дзе ездзіў — пабачыў увесь былы Саюз, адкрыў для сябе Сярэднюю Азію, наведваў нават востраў на Паўночным Ледавітым акіяне. Потым — далёкае замежжа. Я вольна ездзіў, дзе хацеў: Амерыка, Еўропа, там шмат засталося маіх работ. З усімі мог знаходзіць паразуменне, хаця мовамі не валодаў. Мне там спрыялі. 

Але з землякамі ў маладога мастага былі зусім іншыя адносіны. Усё пачалося з першай работы. «Вяселле» — яго дыплом, пісаў цэлы год, грунтоўная праца, памеры палатна 4 на 17. Прыязджалі карціну глядзець нават з Масквы, далі цікавую ацэнку, асабліва масквіч Леанід Астаф’еў. А ў Мінску мастак аддаў твор музею, а потым… знайшоў яго выкінутым ледзь не на сметнік. Праўда, карціна вярнулася зноў у музей, але вось такі быў непрыглядны выпадак. Нешта падобнае адбывалася з палатном «Мацярынства» — у нас яно не мела ніякага поспеху, але ў Маскве і нават у Англіі на яго глядзелі з цікавасцю. А ў Мінску Шчамялёва часта крытыкавалі і за тое, што шмат жонку сваю піша, занадта ў жывапісе «захапляецца» сям’ёй, а не «савецкімі працаўнікамі».

— Напэўна, дрэнным па ўсеагульным меркаванні было і тое, што я ніколі не пісаў таго, хто мне не падабаўся. Нават калі аб партрэце прасілі ўплывовыя наменклатуршчыкі. Але я ніколі занадта не абураўся. Уратоўвалi праца і звычайны чалавечы вопыт, які з гадамі назапашваўся ўсё больш і больш. Я шмат ездзіў, пабываў у іншых краінах, розных кампаніях і зразумеў: можна паказаць геніяльную працу, а яе ніхто не заўважыць. І наадварот, можна нікчэмнае палатно падаць так, што вакол яго будзе шум і гам. Усё залежыць ад таго, у якім асяроддзі знаходзіцца твор.

А што майстар думае пра новае пакаленне мастакоў?

— Я бачу шмат маладых людзей з нерэальным бачаннем прадметаў, са складаным колераадчуваннем, але мне здаецца, для мастацтва гэтых адгалінаванняў недастаткова. Ёсць рэальнае жыццё. І які б ты новы ход ні прыдумаў, абавязаны перадаць суіснаванне чалавека і свету зразумела, даступна. На мой погляд, няма паняцця «выказваецца мастак з гэткім ці з іншым ухілам». Важна, каб рэальны свет быў увасоблены ім цікава, грунтоўна і натуральна. Рэалізм — гэта не проста скапіраваць з натуры. Рэалізм дае магчымасць рэальна паглядзець на свет як на факт. І не трэба саромецца быць несучасным толькі таму, што ты рэалістычны. Будзь сабой, рабі, як ты разумееш, і ўсё будзе добра. Я ўвогуле па жыцці заўсёды адкрыта ставіўся да ўсялякай навізны, але далёка не ўсё прымаў. Так і сёння. Не зусім спрыяльна стаўлюся, напрыклад, да інтэрнэту. Велізарная, магутная інтэлектуальная сетка павінна быць унутры чалавека. Калі камп’ютар замяшчае жывыя адносіны, жывую працу ўласнай галавы, жывую фантазію — гэта сумна.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter