Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

Жыць у міры і згодзе

Напярэдадні Першамая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу
Напярэдадні Першамая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. У Пасланні акрэслены актуальныя праблемы, якія краіне трэба вырашаць сёлета. Прыводзім тую частку выступлення Прэзідэнта, дзе гаворыцца пра шматвектарную знешнюю палітыку Беларусі.





 Наша краіна займае паслядоўную міратворчую пазіцыю, менавіта таму яна стала найбольш прыдатнай пляцоўкай для апошніх перагавораў.

Актыўнасць у адносінах да мірнага ўрэгулявання ва Украіне садзейнічае далейшаму ўмацаванню міжнародных пазіцый Беларусі. Але самае галоўнае, што і амерыканцы, і еўрапейцы, еўрасаюзаўцы прызналі(з імі вельмі шмат сустракаўся я, наш міністр замежных спраў), што Беларусь сёння адыгрывае адну з найважнейшых функцый у рэгіёне па забеспячэнні бяспекі. І гэта праўда, гэта справядліва.
Нам прынцыпова важна ўмацоўваць у нашых партнёраў усведамленне таго, што прадказальная і стабільная Беларусь — гэта каштоўнасць для ўсяго свету.

Мы выступаем за адмену ўсялякіх санкцый і абмежаванняў у міжнародным супрацоўніцтве. Наадварот, са свайго боку мы заўсёды гатовыя падставіць плячо суседу ў цяжкую для яго хвіліну. І ад нашых партнёраў чакаем паважлівага стаўлення, пазбаўленага прававога нігілізму і санкцыйнага націску.

Беларусь — гэта надзейнае звяно, якое звязвае Усход і Захад. Пра гэта сведчыць шматвектарнасць знешнепалітычнага курсу Беларусі, накіраванага на развіццё ўзаемавыгадных адносінаў з рознымі краінамі свету.

Стратэгічная мэта беларускай знешняй палітыкі зразумелая — стварэнне аптымальнага балансу нашых інтарэсаў паміж рознымі цэнтрамі сілы, выбудоўванне раўнапраўнага ўзаемадзеяння з усімі вядучымі гульцамі на міжнароднай арэне.

Асабліва важна, што развіццё кожнага з вектараў нашай знешняй палітыкі адбываецца не на шкоду, а ў дадатак да адносінаў з іншымі ключавымі партнёрамі.

Мы зыходзім з таго, што рэгіянальная эканамічная інтэграцыя з’яўляецца адным з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальнай эканомікі ва ўмовах нестабільнасці сусветнай эканамічнай сістэмы.

Менавіта ў такім ключы і выбудоўваем сваю дзейнасць у Еўразійскім эканамічным саюзе.
Нашы апаненты палохаюць нас тым, што, увайшоўшы ў гэтае інтэграцыйнае аб’яднанне, Беларусь страціць сваю незалежнасць.

Такія сцвярджэнні цалкам беспадстаўныя. Вы гэта бачыце. Нельга забываць, што ўдзел Беларусі ў еўразійскіх інтэграцыйных працэсах у якасці краіны-заснавальніцы дае нам вялікія перавагі. Мы атрымалі эканамічныя дывідэнды, я не буду іх пералічваць.

Безумоўна, атрыманне пераваг у рамках ЕўрАзЭС спалучана і з непазбежным узмацненнем канкурэнцыі для нашых прадпрыемстваў, неабходнасцю іх адаптацыі да ўмоў больш адкрытай эканомікі.

Калі падпісваўся Дагавор, мы адзначалі, што беларускі бок будзе ўважліва сачыць за ходам рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў, за дынамікай ухілення выключэнняў у рамках пераходных перыядаў. Час паказаў правільнасць такога падыходу.

Зняцце бар’ераў ва ўзаемным гандлі, адмова ад абмежаванняў у руху тавараў і паслуг, натуральна, з’яўляецца найбольш хвалюючым працэсам для любой дзяржавы. Пытанні па энерганосьбітах, транспартных, фінансавых паслугах і шэрагу іншых пазіцый ва ўсіх вядомых сёння інтэграцыйных аб’яднаннях, уключаючы Еўрапейскі саюз, заўсёды вырашаліся з асаблівым напружаннем. Але калі мы заявілі пра безальтэрнатыўнасць інтэграцыйнага развіцця, то такі рух павінен ажыццяўляцца на раўнапраўнай аснове.

Заснаванне паўнацэннай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю, адкрывае для нас перспектывы прынцыпова новага ўзроўню ўзаемадзеяння з сусветнымі эканамічнымі аб’яднаннямі. Наша агульная задача — пазбегнуць новых раздзяляльных ліній у Еўропе, выкарыстоўваць патэнцыял канструктыўнага ўзаемадзеяння на карысць нашых народаў.

Нягледзячы на цяперашняе абвастрэнне геапалітычнай абстаноўкі, лічу, што наша ідэя “інтэграцыі інтэграцый” па-ранейшаму актуальная і перспектыўная. У рэшце рэшт мы прыйдзем да рэальнага збліжэння Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, да пабудовы “Вялікай Еўропы” ад Атлантычнага да Ціхага акіяна. Ажыццяўленню гэтай ідэі садзейнічае старшынства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Расія як была, так і застаецца галоўным нашым стратэгічным партнёрам. Супрацоўніцтва з ёю развіваецца паступальна і дынамічна. Беларуска-расійскія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы знаходзяцца сёння на якасна высокім узроўні, на тым узроўні, якога мы не дасягнулі ні ў якім іншым інтэграцыйным аб’яднанні.

Стварэнне сумеснай канкурэнтаздольнай прадукцыі за кошт аб’яднання прамысловага, фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў умацуе нашы пазіцыі на міжнародных рынках і дасць магчымасць годна канкурыраваць з трэцімі краінамі. Расія да гэтага гатова.

Неад’емнай часткай дадзенай стратэгіі з’яўляюцца далейшае нарошчванне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, умацаванне і прымнажэнне напрацаваных сувязяў з імі. Вы гэта бачыце ў апошні час. Рэальна зрабіць гэтае супрацоўніцтва яшчэ больш паспяховым праз рэалізацыю сумесных праектаў па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцяў і пашырэнне кааперацыі ў прамысловасці, транспарце, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы.

Хачу падкрэсліць, што мы з Расіяй не чужыя адзін аднаму. Нас звязваюць шматвяковая гісторыя, агульныя духоўныя каштоўнасці і народная ментальнасць. Мы разам абаранялі родную зямлю ад фашысцкага прыгнёту і заваявалі Вялікую Перамогу. І сваю будучыню будуем сумеснымі намаганнямі, супрацоўнічаючы і ўмацоўваючы нашы суверэнныя дзяржавы.

Мы высока цэнім гэтую культуру. У адрозненне ад многіх былых рэспублік рускія людзі ў Беларусі — паўнапраўныя грамадзяне, якіх ніхто не крыўдзіць, не прыціскае ні па нацыянальнай, ні па рэлігійнай прыкмеце.

І вось я ўжо сказаў, што “рускія людзі ў Беларусі”. Гэта таксама няправільна, таму што мы іх наогул не бачым, таму што яны такія, як нашы — беларусы, а мы такія, як яны.

Я ўпэўнены, у працэнтаў шасцідзесяці ў парламентарыяў, якія сядзяць у гэтай зале, — руская кроў, перамяшаная з беларускай, польскай, яўрэйскай і гэтак далей.

Мы ніколі на гэта не звярталі і ніколі не будзем звяртаць увагі! Нам людзей не хапае ў краіне (Апладысменты.) Галоўная наша мэта — людзі. Нам трэба мінімум 20 мільёнаў насельніцтва. Чаго ж мы будзем праводзіць дзікую палітыку нацыяналістычную? Для таго каб выгнаць з беларускай зямлі людзей, якія тут нарадзіліся або бацькі іх нарадзіліся? Гэта глупства несусветнае!

Я гэта гавару для таго, каб падысці да галоўнага пытання, якое дзесьці блукае ў розумах ужо не проста нейкіх там лібералаў у Расіі, але і ў часткі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. “Ну вы ведаеце, вось тут вось... Ну добра, закрыем вочы — прэзідэнцкія выбары. Але Беларусь нейкі крэн узяла на За­хад...” Слухайце, можа, нехта з глузду з’ехаў і ўзяў нейкі крэн, але пакуль жа я Прэзідэнт і хіліцца мне няма куды. Прынамсі, я на Захадзе неўязны. І мне сёння гаварыць пра тое, што я, пра­жыўшы 20 з нечым гадоў Прэзідэнтам у гэтай краіне, кудысьці нахіліўся?! Ну глупства несусветнае!

Выкіньце гэта з галавы, паважаныя расіяне і кіраўніцтва Расіі! Мы — вашы браты, мы заўсёды былі разам і будзем разам. Але дазвольце нам мець свой пункт гледжання, свае ўражанні пра свет. Мы не заўсёды іх публічна выказваем. І нават вельмі рэдка. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі пра непублічнасць нашых адносінаў. І мы строга прытрымліваемся гэтага курсу. Калі ў яго ёсць заўвагі — ён, як мужык, мне пра гэта гаворыць. Вы ведаеце, як бывае. Гэтак жа і я яму пра гэта гавару. Мы проста па-сяброўску абмяркоўваем праблемы, якія ўзнікаюць.

У нас можа быць свая пазіцыя і свой пункт гледжання.

Ну якая наша роля ва ўкраінскай вайне? Чым яна дрэнная? Калі б я рабіў так, як мне рэкамендавалі пасля далучэння Крыма, была б тут пляцоўка для перагавораў? Ніколі!

Але я ўсім заходнікам... І скажу гэта прама. І Еўрасаюз, і Злучаныя Штаты мяне разумеюць, калі я ім гавару, што, мужыкі, вы павінны ведаць, і мы вам сумленна гаворым: “Калі, не дай бог, што здарыцца, мы будзем плячо ў плячо з Расіяй! Гэта наш саюзнік”. І прыводжу прыклад: вы помніце, як у Іраку бамбілі, ламалі, нібыта знайшлі ядзерную зброю, і павесілі Садама Хусейна? Помніце? Увесь свет ведаў, што гэта несправядліва, няправільна робяць Злучаныя Штаты Амерыкі. Але ўся Еўропа, натаўскія краіны выстраіліся адна за адной і падтрымлівалі Амерыку. Чаму? Таму што яны саюзнікі. Вядома, не дай бог нам трапіць у такую сітуацыю, калі трэба насуперак усяму падтрымліваць нашых партнёраў! Але ўсе павінны разумець: мы былі з Расіяй разам, і мы будзем заўсёды!

І вось гэтыя пустыя размовы пра крэн, пра павароты ды іншае — іх не павінна быць у Беларусі. Мы такім чынам не павінны разважаць. Зразумейце адну рэч: у Расіі ёсць сілы (і не толькі ў апазіцыі лібералаў), якія вельмі хочуць абмежаваць уплыў беларускай мадэлі развіцця, Лукашэнкі таго ж, на пра­цэсы, якія адбываюцца ў Расіі. Такіх нямала людзей. І яны па­чынаюць нас “квасіць”, яны пачынаюць нас ціснуць па ўсіх напрамках.

Не звяртайце на гэта ўвагі. І гэта пройдзе. Апошнія, паглядзіце, выказванні. Вось Лукашэнка 9 Мая не будзе на парадзе. Вось ён нібыта, каб дагадзіць Захаду, так зробіць з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары. Якое глупства! З кіраўніцтвам Расіі мы выразна дамовіліся: у свеце засталіся дзве краіны, якія свята шануюць Вялікую Перамогу як здабытак нашага народа. І калі Расія, успомніце, дзесьці яшчэ вагалася ў 90-я гады, вы ж гэта помніце, ніхто парады не праводзіў. Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам. Гэта Вялікая Перамога. Мы яе абаранялі, мы перамаглі, мы страцілі шмат людзей. Мы дамовіліся: у нас свой парад, у нас свае такія ж мерапрыемствы, як і ў Маскве, у Расійскай Федэрацыі. Нават шырэй, па ўсёй краіне. Не для паказухі. І таму Прэзідэнт павінен быць 9 Мая на месцы, у краіне, са сваім народам. Тут. Другога ж Прэзідэнта няма, і замяніць яго ў гэтым ніхто не можа. Мы маем і будзем мець сваю пазіцыю, свой пункт гледжання. І трэба разумець: мы суверэнная, незалежная дзяржава. Мы вельмі цесна звязаны з Расіяй і з рускім народам. Гэта наш народ, а мы іх народ. Мы — браты. Але мы хочам жыць у сваёй кватэры, у шматпавярховым доме. У вас вялікая кватэра, пентхаус там, ці як яна называецца, а ў нас невялікая ў адным доме, але свая кватэра. Нават самыя блізкія сябры, браты, сёстры ды іншыя — яны хочуць жыць не ў цешчы, не ў свекрыві. Яны хочуць свой куток, як у Беларусi кажуць. І калі нехта лічыць, не толькі ў Расіі, але і ў іншых месцах, што нас гэтага можна пазбавіць — ніколі! Ніколі! Мы суверэнная, незалежная дзяржава, якая нікому не стварае праблем. І ніколі іх не створым, хто б тут ні быў Прэзідэнтам. Таму што ствараць праблемы сабе даражэй, сабе на шкоду. Вы прабачце, што мне даводзіцца сёння пра гэта гаварыць і на гэта рэагаваць. З’явіліся недзе дзеячы, якія нас сёння папракаюць: на дарогах з’явіліся надпiсы на беларускай мове. Слухайце, з савецкіх часоў на дарогах Беларусі абазначэнні населеных пунктаў ды іншае было на беларускай мове. Дзе на рускай, дзе на беларускай. Слухайце, я нават увагі гэтаму не надаваў. Не, нас сёння пачалі ў гэтым папракаць. Але, дазвольце, у нас ёсць і родная беларуская мова. І нічога страшнага, калі побач будуць нашы дзве родныя мовы — руская і беларуская. Мы і так, і так пішам. Або там георгіеўскія стужкі забаранілі. Ды нічога мы не забаранялі. Малайцы нашы камсамольцы. Яны ўнеслі цікавы варыянт, прытым не настойваючы, што гэта будзе выключна адзіны. Мне вельмі спадабаўся. Колеры нашых сімвалаў і яблыневая кветка. Маладосць і мір. Вось што гэта сімвалізуе. Але ёсць і георгіеўская стужка, як я яе разумею, гэта нашы традыцыі, гэта наша баявая агульнасць. Мы нікому не забараняем. Можа, нешта прыдумаем новае. Але толькі не трэба нас у тым папракаць, што мы нібыта гэтаму ворагі. Ні ў якім разе. Таму я хачу, каб усё было сумленна і адкрыта. Мы суверэнная, незалежная дзяржава.

Мы, дарэчы, знешнюю палітыку самым цесным чынам каардынуем з Расіяй. Мы прымаем сумесныя планы аб каардынацыі дзеянняў у знешняй палітыцы. І зацвярджаем на вышэйшым узроўні ў нашым Вышэйшым Дзяржаўным Савеце Саюзнай дзяржавы, дзе сядзяць побач два прэзідэнты і ўсе начальнікі той і гэтай краіны. І мы свята прытрымліваемся гэтых падыходаў. Але трэба разумець, што так, учора не было такой краіны, як Беларусь, сёння яна ёсць. Дык давайце будзем сумленныя перад усімі. Мы гэтага захацелі? Мы развалілі тую вялікую краіну, якая перамагла ў гэтай страшнай вайне? Ды не мы. Адкуль прыйшла ініцыятыва? Пытанне відавочнае. І хто першым зрабіў крок, таксама нам зразумела. На няшчасце, скончана гэта было на нашай зямлі. На няшчасце. Але ні адзін з прысутных, і я ў тым ліку, у гэтым не вінаваты.

З задавальненнем адзначу, што наша краіна выйшла на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Нас звязваюць шматгадовыя даверныя адносіны. У двухбаковым супрацоўніцтве мы перайшлі ад гандлю да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў.

Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк стане плацдармам для высокатэхналагічных вытворчасцяў. У маі гэтага года паміж нашымі краінамі будуць адкрыты прамыя авіязносіны.

Упэўнены, што візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь надасць новы імпульс нашаму ўсебаковаму ўзаема­дзеянню. Пры гэтым я хачу сказаць у які раз: мы ганарымся тым, што ў нас выдатныя адносіны з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, Індыя. Наладжваюцца адносіны і з Еўрасаюзам.

Мы зацікаўленыя ў актывізацыі і вывядзенні на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.
Бо нават на фоне няпростых палітычных адносінаў Еўрасаюз застаецца адным з асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі, крыніцай крэдытных рэсурсаў і інвестыцый. Мы ж з’яўляемся своеасаблівымі варотамі на шляху да вялікага і перспектыўнага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Нягледзячы на існуючыя рознагалоссі, мы ніколі не стваралі перашкод еўрапейскаму бізнесу.

І потым. Усё, што адбываецца сёння на поўдні Украіны, робіць для Расіі, Еўрапейскага саюза і Кітая на Усходзе яшчэ больш важнай, яшчэ больш каштоўнай нашу тэрыторыю, таму што гэта застаецца (прыкладна ў 1.000 кіламетраў калідор прамы з поўдня на ўсход, з усходу на захад, з поўдня на поўнач) спакойным рэгіёнам, дзе можна свабодна перамяшчацца любым транспартам. Што трэба яшчэ? Трэба, каб у Беларусі былі мір і спакой. Таму мы вядзём інтэнсіўны дыялог з Еўрапейскім саюзам у гэтым плане.

Мэтанакіраваная работа па пошуку пунктаў судакранання са Злучанымі Штатамі праз рэалізацыю праектаў у сферы эканомікі ўжо пачала прыносіць першыя адчувальныя вынікі. Мы намецілі далейшыя канкрэтныя крокі, прызначаныя павысіць узровень даверу ў двухбаковых адносінах.

Шлях да нармалізацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі Амерыкі ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва. І я рад, што нарэшце ў Амерыцы гэта зразумелі.

Мы спадзяёмся, што амерыканскі бок таксама зыходзіць з гэтага і праявіць большую рашучасць і палітычную волю, каб зняць існуючыя праблемы.

Развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, выбудоўванне “далёкай дугі” беларускай знешняй палітыкі — прынцыпова важны для нас напрамак. Узаемадзеянне з краінамі гэтых рэгіёнаў дасць магчымасць знаходзіць дадатковыя пункты апоры, якія павышаюць устойлівасць нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных пазіцый.

Рэгіёны Паўднёвай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі маюць асаблівую значнасць для Беларусі. У першую чаргу як ёмістыя і хутка растучыя рынкі для айчынных тавараў і паслуг, як перспектыўныя інвестары ў нашу эканоміку.

У сувязі з гэтым ключавым беларускім прадпрыемствам неабходна выразная стратэгія замацавання на азіяцкім рынку, якая прадугледжвае ў якасці адной з прыярытэтных задач стварэнне сумесных вытворчасцяў у такіх дзяржавах рэгіёна, як В’етнам, Інданезія, Індыя.

Мы працягваем супрацоўнічаць з Венесуэлай і Кубай, добры патэнцыял для развіцця адносінаў з Балівіяй, Эквадорам, Нікарагуа. У гэтых краінах беларуская прадукцыя запатрабаваная і карыстаецца попытам.

Нягледзячы на ўсю складанасць і працаёмкасць наладжвання кааперацыйных сувязяў з рэгіёнам Лацінскай Амерыкі, пашырэнне беларускіх эканамічных інтарэсаў у Заходнім паўшар’і мае вельмі вялікае значэнне для нашай краіны.

Надышоў час рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў з дзяржавамі Аравійскага паўвострава. Для гэтага створана максімальна спрыяльная атмасфера. Адпаведныя дамоўленасці дасягнуты з кіраўніцтвам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Гатовы да актывізацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва ды інвестуе ў Беларусь Кaтар. Перспектыўнымі партнёрамі з’яўляюцца Аман і Саудаўская Аравія, з якой мы ў апошні час знайшлі кантакты.

Не менш важны напрамак — умацаванне сувязяў і раўнапраўнага супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, рэгіянальнымі аб’яднаннямі, саюзамі і асобнымі дзяржавамі. Акцэнт неабходна зрабіць на прыцягненні крэдытаў, пазык, тэхнічнай ды іншых відаў дапамогі для вырашэння актуальных праблем эканамічнага развіцця.

Напрыканцы асабліва хачу падкрэсліць, што нараўне з нашай адкрытай, шматвектарнай, міралюбівай палітыкай мы не забываем і пра сваю бяспеку. Трэба заўсёды быць пільнымі. І ў гэтых умовах адказнасць сілавога блока, праваахоўных структур па забеспячэнні стабільнасці і правапарадку ў грамадстве шматразова ўзрастае. Міжнародная абстаноўка абавязвае нас умацоўваць абараназдольнасць Беларусі.

Вы павінны быць спакойныя. Мы сёння маем планы ў выпадку абвастрэння сітуацыі падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў. І гэта дастатковая сіла для таго, каб супрацьстаяць любым задумам (нават не спробам!) агрэсіўнасці супраць Беларусі.

Дарагія суайчыннікі, паважаныя сябры!

Найважнейшай знакавай падзеяй гэтага года з’яўляецца сямідзесяцігоддзе Вялікай Перамогі, нашай агульнай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Неаспрэчнае яе лёсавызначальнае значэнне для беларускага народа. Менавіта тады былі заваяваныя мір, незалежнасць і закладзены фундамент для развіцця нашай дзяржавы.

Неўміручая слава герояў-пераможцаў, гордасць за іх з’яўляюцца непахіснымі апорамі нашай нацыянальнай самасвядомасці. Сёння памяць пра Перамогу стала той духоўнай сілай, якая аб’ядноўвае нас у адданай любові да Радзімы.

Давайце будзем усе разам берагчы яе, каб перадаць дзецям і ўнукам мірную, свабодную, квітнеючую краіну. Захаваем адзінства, спакой і згоду ў нашым агульным доме. Іншага ў нас няма і не будзе.

Упэўнены, мы зробім усё, каб забяспечыць для Беларусі мір, незалежнасць і дынамічнае развіццё!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter