Жыць самім і даваць жыць іншым

Наказ святара і мудры савет бабулі зрабілі шчаслівымі Таццяну і Мікалая Густыроў з Пружаншчыны

Наказ святара і мудры савет бабулі зрабілі шчаслівымі Таццяну і Мікалая Густыроў з Пружаншчыны

Прыгожую пружанскую вёску Паўлава, што за ваколіцай старажытных Ружан падступае да сапегаўскага палаца, абкружаюць палеткі лёну, кукурузы і ячменю. Яшчэ некалькі дзён таму лёгкі летні ветрык тут хвалямі гойдаў тугія каласы ячменю, сонечныя промні купаліся ў золкавых росах. За палову дня механізатары ААТ «Ружаны-Агра» на магутных камбайнах убралі збажыну. Амаль па пяцьдзясят цэнтнераў на круг атрымалі. Збожжавы клін тут адзін з найбольшых у Пружанскім раёне — сем тысяч гектараў. Пры фарміраванні экіпажаў галоўны інжынер Святаслаў Роўгач улічваў пажаданні механізатараў. Тысячны рубеж па намалотах пераадолела ўжо большасць экіпажаў, а лідзіруюць у спаборніцтве камбайнер Леанід Хлебнік і памочнік Мікалай Давыдзенка. У ліку лепшых і браты Аляксандр і Мікалай ГУСТЫРЫ, якія першы год працуюць разам на жніве. А Мікалай увогуле дэбютуе ў ролі памочніка камбайнера.


Сям’я Мікалая Васільевіча толькі абжываецца. Прысядзібны ўчастак рыхтуюцца агарадзіць, збудаваць навес для набытага ў сваю гаспадарку трактара «МТЗ-80», які пакуль стаіць пад адкрытым небам. А яшчэ, безумоўна, будуць расходы на падрыхтоўку дзетак да школы. Сёлета акрамя дзесяцігадовай Дзіяны, якая ўжо ў трэцім класе, і меншы Дзяніска стане вучнем Ружанскай сярэдняй школы. Бацькі загадзя рыхтуюцца да навучальнага года. А пакуль Мікалай Васільевіч зарабляе грошы для сямейнага бюджэту. На золку, калі дзеткі яшчэ моцна спяць, Таццяна Валянцінаўна праводзіць яго ў поле, а вяртаецца ён дамоў па новай вясковай вуліцы пад святло электрычных ліхтароў. Пачыналі жніво ў ружанскай гаспадарцы з уборкі ячменю, жыта. Ужо некалькі дзён абмалочваюць пшаніцу. Магутныя аўтапаязды толькі паспяваюць перавозіць яе ад камбайнаў на збожжаток. Сухое сонечнае надвор’е спрыяе. У поле механізатарам дастаўляюць гарачыя абеды. Побач з камбайнамі дзяжурыць рамонтная брыгада. Усё прадумана, каб максімальна выкарыстоўваць працоўны дзень.

Спакойны Мікалай за сям’ю. Жонка Таццяна Валянцінаўна, якая ўзначальвае жывёлагадоўчую селекцыйную службу ААТ «Ружаны-Агра» Пружанскага раёна, узяла водпуск на гэты напружаны час. Разам з дзеткамі ўпраўляецца па гаспадарцы. Выбралі часнок і цыбулю на прысядзібным участку, спякотнымі днямі паліваюць агарод і кветкі. Спраў хапае. Дзесяцігадовую Дзіяну трэба некалькі разоў на тыдзень у танцавальны гурток звазіць у Ружаны. Дапытлівы Дзяніска просіцца да бацькі на поле. На ўсё гэта патрэбен час, які ў Таццяны Валянцінаўны запоўнены хатнімі справамі.

Нарадзілася і вырасла яна ў маляўнічым заходнепалескім кутку, каля Днепра-Бугскага канала, у ціхай вёсачцы Малінаўка Драгічынскага раёна. Марыла стаць мастаком. Пасля заканчэння Белінскай сярэдняй школы падалася з вясковымі дзяўчатамі на заатэхнічнае аддзяленне Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума, які закончыла і атрымала дыплом заатэхніка-селекцыянера. Размеркавалі Таццяну Крывецкую падлікоўцам на жывёлагадоўчую ферму «Варанілавічы» пружанскага калгаса «1 Мая». Жывёлавод Вера Ахраменя прыняла дзяўчыну да сябе на кватэру і жартам заўважыла, што звычайна кватаранткі ў яе доме доўга не затрымліваюцца, выходзяць замуж.

Так і сталася. Таццяну ўпадабаў мясцовы механізатар Мікалай Густыр, які на трактары падвозіў фураж на ферму. Пасля службы ў ракетных войсках Мікалай вярнуўся ў родныя мясціны. Механізатарамі ў калгасе працавалі і два яго старэйшыя браты — Аляксандр і Уладзімір. Яны рана асірацелі. Коля быў у чацвёртым класе, калі памёр бацька. Маці даіла калгасных кароў і сама выхоўвала трох сыноў і дачку Тамару. Дзеці і выраслі на ферме, заўжды дапамагалі маці. Радаснай навіной было для яе паведамленне, што малодшы Мікалай прапанаваў замуж маладой падлікоўцы фермы. Спяклі каравай і глыбокай восенню паехалі сватацца ў Малінаўку, дзе ў доме Крывецкіх былі на выданні пяць нявест. Будучае сваёй сям’і жаніх бачыў чамусьці ў горадзе, а нявеста без вёскі сябе не ўяўляла і пераканала ў гэтым і Мікалая. На хрышчэнскія маразы маладыя вянчаліся ў царкве суседняй вёскі Асавец. Старэнькі бацюшка, даўні прыяцель нявесцінага дзядулі Рыгора, пасля вянчання ад сябе асабіста блаславіў маладажонаў і мудра пажадаў ім жыць і даваць жыць іншым.

Пасля вянчання вярнуліся на Пружаншчыну. Кіраўніцтва калгаса «Зара», у якім Таццяна і Мікалай працавалі, выкупіла для іх сялянскую хату. Яны яе падбялілі, падладзілі і сталі там жыць. З Малінаўкі ў Варанілавічы перавезлі карову, якую бацькі нявесты далі ў пасаг. Завялі свінаматку. Таццяна паступіла на завочнае аддзяленне Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута і паспяхова закончыла яго. Ёй даверылі ў гаспадарцы жывёлагадоўчую селекцыйную службу. Мікалай працаваў механізатарам на палявых работах, зімою даглядаў жывёлу на ферме ў Варанілавічах. Часы для сельскай гаспадаркі былі цяжкія. Бывала, што па паўгода не выплачвалі калгаснікам зарплату, і Мікалай разам з іншымі вяскоўцамі ездзіў летам на заробкі ў Расію.

ДОМ маладых заўжды адчынены для родных, сяброў. Пляменніцы і пляменнікі, блізкая і далёкая радня жаданыя для Густыроў, якім запомніўся запавет бацюшкі — жыць і даваць жыць іншым. Па начах Таццяне Валянцінаўне сніліся галасы дзяцей. Падзялілася гэтым са сваёй бабуляй Нінай Мікалаеўнай, якая выслухала ўсхваляваную ўнучку і мудра патлумачыла, што дзеткі просяцца ў іх дом. Гаспадар Мікалай ідэю ўсынаўлення прыняў з умовай узяць адразу дваіх дзяцей. Звярнуліся ў Брэсцкую абласную службу па ўсынаўленні, і так склалася, што якраз у той момант, калі яны праходзілі сумоўе з псіхолагам, прынеслі тэлефанаграму, што ў Салігорску двое маленькіх дзетак утрымліваюцца ў бальніцы.

— Раніцай наступнага дня мы з мужам ужо імчалі на сваёй аўтамашыне ў Салігорск, — з хваляваннем узгадвае Таццяна Густыр. — Баяліся спазніцца, каб хто нас не апярэдзіў. Для дзяўчынкі купілі ляльку, а паўтарамесячнаму немаўляці бразготкі. У бальніцы паведамілі, што дзве сям’і перад намі прыязджалі ўжо, але адмовіліся. У маленькага Дзяніскі былі праблемы з сэрцам, і хлопчык вельмі аслаблены. Калі зірнула на паўтарамесячнае худзенькае немаўля, ён раптам усміхнуўся. Гэта мне запала ў душу назаўсёды. Медсястра, што стаяла побач, сказала, што раней хлопчык ні на каго не рэагаваў. Кальнула ў сэрцы ад пачуццяў. Дзіянку і яе браціка Дзяніску нам Гасподзь паслаў. Як толькі вярнуліся дамоў з імі, пасыпаліся званкі ад родных і сяброў з віншаваннямі. Везлі падарункі, нас віталі. Дырэктар КУСП «Ружанскае» Мікалай Сабко, як даведаўся пра нашы планы, адразу выдзяліў участак зямлі і прасторны катэдж, у якім раней жыла сям’я спецыялістаў. Там мы зараз з дзецьмі і жывём.

— Адразу двое дзетак у дом — справа выключная і даволі рызыкоўная.

— Гэта мы потым адчулі, калі з дзецьмі прыехалі ў свой дом. Першыя ночы амаль не спалі. Пачаргова з Мікалаем на руках насілі Дзяніску, пакуль ён не сцішыцца і засне. Дзіянка, якой было тры гады, спужана на нас пазірала. Дзеці перанеслі вялікі псіхалагічны стрэс, і трэба было іх з гэтага стану выводзіць. Мае сёстры кінуліся дапамагаць. Людміла з Мінска прывезла сваіх дачушак чатырох і шасці гадкоў, каб дапамаглі асвоіцца Дзіянцы. Дзяўчынкі хутка пасябравалі. Цяжэй было з кволым Дзяніскам, які першыя сорак начэй нерваваўся, выбіваўся са сну. Слаба набіраў вагу. Мы абое хваляваліся, што не справімся. А раніцай Мікалаю трэба было на працу ісці, а мне па дому ўпраўляцца. Звярнуліся да мясцовага айца Уладзіміра, і ён параіў пахрысціць дзяцей. Радня ў нас вялікая, многія хацелі быць хроснымі бацькамі. Пасля хрышчэння ўсё стала на свае месцы. Дзеткі радавалі нас кожны дзень нечым новым. Жыццё ў доме ажыло, закіпела. Шчасце і радасць прыйшлі ў нашу сям’ю.

— Як хутка загучалі словы «мама» і «тата»?

— Дзіянка не адразу нас стала так называць. А Дзяніска іншых бацькоў і не ўяўляе. Калі першы раз прамовіў «мама», плакала ад шчасця. Мы яго вынасілі на руках, выпесцілі. У годзік стаў на ножкі. Я спецыяльна да трох гадоў была ў дэкрэтным. Коля з працы ляціць хутчэй дамоў, каб пашугаць маленькага балаўніка. Яны, між іншым, вельмі падобныя.

— А Дзіянка знешне вельмі падобна на вас.

— Ёсць падабенства. Напэўна, ад Бога яно падорана разам з дзеткамі. Мы душу ў іх укладваем. Неяк прыбягаюць вельмі ўсхваляваныя яны з вуліцы, і Дзіянка расказвае, што суседскія дзяўчынкі іх абазвалі дзятдомаўскімі. Я спачатку заспакоіла іх, а потым расказала пра ўсынаўленне, каб пра сябе яны лепш ад нас ведалі, чым з вуліцы. І калі ў наступны раз іх папракалі, што мы не родныя бацькі, у адказ чулі праўду, і больш іх ніхто не цкуе.

— Выхоўваць дваіх прыёмных дзетак і складана і адказна.

— З Дзіянкай і Дзяніскам езджу ў сваю Малінаўку да мамы, дзе іх заўжды чакаюць і любяць. Мая бабуля Ніна Мікалаеўна, што некалі той сон прадказвала, як самых родных чакае іх. Калі збіраемся ў госці, дзеці рыхтуюць падарункі нашым родным. На восьмае сакавіка абавязкова Дзяніска вязе маёй маме кветкі. Так было і сёлета. Дружна з гасцямі адзначаем святы, дні нараджэння. Разам з дзеткамі вясною садзім і даглядаем агарод, нашы кветнікі, убіраем ураджай. Прывучаем іх быць вясковымі гаспадарамі. Дзяніску больш вабіць тэхніка, цікавіцца трактарамі, камбайнамі, а Дзіянка — рамантычная дзяўчынка. Яна захапляецца музыкай, спевамі, танцамі.

— Як імкняцеся выхоўваць дзяцей — ласкай, ці часам даводзіцца і голас павышаць?

— Як у любой сям’і, усяляк бывае. Але ніколі голасу не павышаем, тым больш руку не падымаем на іх. Мікалай увогуле занадта мяккі. Я імкнуся больш сур’ёзна да іх ставіцца, але бываюць моманты, што не ўтрымліваюся ад пачуццяў і прыгортваю да сябе. Млею ад шчасця, што яны ў нас ёсць. Неяк паехалі на возера купацца, і я нешта Дзіянцы не дазволіла, то яна мне адказала, што родная мама гэта ёй дазволіла б. Балюча было такое пачуць, але мы потым з ёю спакойна ўсё вырашылі. У кожнага чалавека свой характар.

Таццяна і Мікалай усё цяпло душы аддаюць прыёмным дзеткам, ствараюць усе ўмовы, каб развіць здольнасці іх. Па чарзе возяць Дзіянку на музычныя заняткі і ў танцавальны гурток у Ружаны. Знойдзе свой занятак і маленькі Дзяніска, які перад школай навучыўся чытаць і лічыць. У вольны час у любую пару года іх дома не застаць. Зімою ходзяць у лыжныя паходы, катаюцца на санках, а ў цёплыя летнія дні вандруюць па наваколлі. Ужо не аднойчы бывалі ў Косаўскім замку, у мясцінах, дзе нарадзіўся легендарны Тадэвуш Касцюшка, ведаюць кожны куточак сапегаўскага палаца ў Ружанах. У дзіцячым пакоі сям’і Густыроў цесна ад цацак. Гаспадыня дома паспявае ўправіцца не толькі на працы, дзе ў яе клопатаў шмат, але і знайсці час для заняткаў з дзецьмі.

ЯК ВЯДУЧЫ заатэхнік-селекцыянер яна адказвае ў гаспадарцы, дзе восем буйных жывёлагадоўчых комплексаў, за фарміраванне статка. У яе падпарадкаванні чатырнаццаць працаўнікоў. Хвалюе Таццяну Валянцінаўну, што не хапае жывёлаводаў, часам няма каму даіць кароў, даглядаць цялят. Востра стаіць праблема з даяркамі, што адмоўна ўплывае на вытворчасць прадукцыі, зніжаюцца надоі, падаюць прывагі. На жывёлагадоўчай ферме «Далкі» за ліпень сярэдні ўдой малака ад каровы склаў 17 кілаграмаў, а магчымасці не толькі на гэтай лепшай ферме, але і на ўсіх — значна большыя. За мінулы год у гаспадарцы надаілі па пяць з паловай тон малака ад каровы, але патэнцыял тут яшчэ ёсць. У гэтым пераканана вядучы заатэхнік-селекцыянер Таццяна Густыр. Сёлета запланавана павысіць валавы надой. Спрыяльныя ўмовы для нарыхтоўкі кармоў дазволілі назапасіць з першага ўкосу якаснае сена і сянаж. Папоўніць фуражны запас для грамадскага статка кукурузны сілас. Пад гэтую культуру адведзены значныя плошчы. Пасля ўборкі збожжавых браты Аляксандр і Мікалай Густыры разам з іншымі механізатарамі будуць сеяць азімыя, працягваць нарыхтоўку кармоў.

А калі выпадзе больш вольнага часу, Мікалая Васільевіча чакае на падворку разабраны трактар «Беларус», які ён плануе адрамантаваць да восені і апрацоўваць агароды вяскоўцам. Марыць і маленькага Дзяніску навучыць кіраваць тэхнікай. Схільнасці ў хлапчука ёсць. А ў гаспадыні дома, Таццяны Валянцінаўны, самая запаветная мара — папоўніць   сваю  шчаслівую сям’ю яшчэ адным маленькім чалавекам. Мікалай Васільевіч падтрымаў гэту ідэю.

— Бог любіць троіцу, — усміхаецца Таццяна Валянцінаўна. — Я ўжо і дзетак да гэтага рыхтую, і сама чакаю сустрэчы з немаўляткам, якое гатова ўсім сэрцам прыняць.

Фота аўтара
Уладзімір Субат

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter