Жыць. Працаваць. Вучыцца

Такія бываюць інжынеры-праграмісты, што вачэй не адарваць!

Ужо шэсць гадоў запар пад першым нумарам у спісе вясновых спраў Дар’і Якавенка, вядучага інжынера-праграміста Мінскага аблспажыўсаюза, значыцца: набыць білеты дадому на 8 Сакавіка.

— Для мяне і маіх бацькоў гэтае свята сямейнае, таму напярэдадні я заўсёды імкнуся трапіць у родны Магілёў, дзе мяне чакаюць маці і тата, — расказвае Дар’я. — Для падстрахоўкі нават квіткі купляю за тыдзень да адпраўлення.

У гэтым сакавіку свой першы вясновы білет дадому дзяўчына набыла таксама загадзя. Праўда, напісана на ім не Гомель—Магілёў, як гэта было раней, а Мінск—Магілёў.

— У тым годзе я на «выдатна» скончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі і пасля размеркавання трапіла ў Мінскі аблспажыўсаюз, — працягвае субяседніца. — З месцам працы мне пашанцавала: тут цудоўны калектыў, ёсць чаму навучыцца. Да таго ж нядаўна арганізацыя пачала распрацоўваць новую версію свайго сайта, і тое, што я вучыла ў тэорыі, зараз можна смела прымяняць на практыцы.

Ну а пасля работы дзяўчына з радасцю пераносіцца з віртуальнага свету ў рэальны. Тут у яе заняткі ў магістратуры і танцы.

— Як і ў час вучобы, зараз таксама прыходзіцца шмат чытаць, пісаць навуковыя артыкулы, але ж я працую на сваю будучыню, — гаворыць Дар’я. — А вось на танцах, наадварот, адпачываю. Неяк убачыла відэа, дзе людзі танчаць іспанскае фламенка. І вырашыла, што хачу гэтак жа ўмець. Пакуль, канешне, не ўсё атрымліваецца, але ж я займаюся толькі два месяцы.

Пра мары на будучыню малады спецыяліст не гаворыць — баіцца сурочыць. Ды і што гаварыць, калі трэба проста жыць, працаваць, вучыцца. І ўсё абавязкова атрымаецца, на тое ж яны і мары, каб здзяйсняцца.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter