Жыровіцы: час велікодных званоў і ўсходаў ярыны

ДРУГУЮ палову тысячагоддзя адлічвае слонімскае мястэчка Жыровіцы, дзе вякамі захоўваецца шануемы хрысціянамі цудадзейны вобраз Жыровіцкай Божай Маці. Згодна паданню, першымі ўбачылі яго на грушы-дзічцы пастушкі і паведамілі свайму гаспадару Аляксандру Солтану. На святым месцы ён збудаваў драўляную царкву, якую захопнікі спалілі. Уцалеў сярод папялішча маленькі, як далонь чалавека, абразок, дзякуючы цудадзейнай сіле якога мястэчка стала вядомым “па ўсёй Русі вялікай” і далёка за яе межамі. Побач паўсталі мужчынскі манастыр, Богаяўленская, Крыжаўзвіжанская і Свята-Георгіеўская цэрквы. Высока ў неба ўзнесліся крыжы сабора ў гонар Успення Багародзіцы, пабудаванага на сродкі магнатаў Вялікага Княства Літоўскага Івана Мялешкі і Льва Сапегі. Першапачаткова ён належаў базіліянскім манахам, быў уніяцкім. Цяпер — праваслаўны.


Вакол святыні забудоўваліся сялянскія сядзібы. Мястэчка вырасла ў буйны гандлёвы цэнтр, займела герб, набыло статус горада і атрымала Магдэбургскае права. У мужчынскім манастыры створана вядомае Жыровіцкае Евангелле.

Пакланіцца вобразу Жыровіцкай Маці Божай прыязджалі польскі кароль Ян Казімір, вяльможныя асобы Вялікага Княства Літоўскага. Копія цудадзейнага вобраза захоўваецца ў рымскім базіліянскім манастыры.

Галоўны аграном сортавыпрабавальнай станцыі Іван ГРЭЦКІ.

Тры стылі архітэктуры, увасобленыя ў мясцовыя храмы — ракако, барока і класіцызм, характарызуюць аднолькавую святасць мясціны для праваслаўных і каталікоў. Нават у савецкія часы апантанага атэізму не спыняліся богаслужэнні ў велічным праваслаўным Успенскім саборы.

Пасля прыняцця ў 1596 годзе Брэсцкай царкоўнай уніі ў жыровіцкіх культавых будынках размяшчаліся рэзідэнцыя епіскапа, а пазней літоўскай уніяцкай і літоўскай праваслаўнай епархій.

Загадчык аддзялення каледжа Іосіф СЯРКЕВІЧ.

Пры панскай Польшчы Жыровіцы мелі статус гміны, з савецкіх часоў — цэнтр сельсавета, цяпер — аграгарадок, у якім дзейнічаюць дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, сортавыпрабавальная і раённыя племянная і ветэрынарная станцыі, лясніцтва, бальніца, школа.

На пакатым схіле, што падступае да перапоўненай вясновымі водамі ракі Шчары, узвышаюцца будынкі Свята-Успенскага стаўрапігійнага мужчынскага манастыра, Мінскай духоўнай семінарыі, рэгенцкага вучылішча.

Гаспадыня сувенірнай лаўкі.

ПЭЎНА, для многіх, як  і некалі для мяне, шмат было невядома пра самабытныя Жыровіцы, што ў некалькіх кіламетрах ад багатага на цікавую гісторыю Слоніма. Кожная вандроўка ў беларускую святыню пашырала ўяўленне пра яе. Некалькі гадоў таму былая вёска атрымала статус аграгарадка, куды мяне прывяла чарговая вандроўка. Як і раней, пад’язджаючы да знаёмай мясціны, міжволі адчуў незвычайную ўзрушанасць.

Кранаюць сэрца велічныя беласценныя муры, купалы векавых храмаў, узведзеныя адмысловымі дойлідамі мінулых стагоддзяў. Над сялянскімі сядзібамі кволай зелянінай красуюць сады. На высокім пагорку ў цэнтры аграгарадка прыгожа ўпісаўся ансамбль сучасных будынкаў дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, сельсавета, сортавыпрабавальнай станцыі, пошты і магазінаў.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце семінарыі Віктар ВАСІЛЕВІЧ.

Галінкі-косы палошчуць ніцыя вербы ў блакітнай вадзе сажалкі, якая ўпрыгожвае плошчу. Нумары аўтамашын на стаянцы адлюстроўваюць прыналежнасць іх не толькі да беларускіх рэгіёнаў, але і да замежжа. Сюды едуць адусюль.

Шматлюдна і ціха ва ўтульным дворыку манастыра, уздоўж якога выцягнулася гандлёвая лаўка з мноствам сувеніраў. Першыя вясновыя кветкі на клумбах, акуратна дагледжаныя кусты, бэз, шаты дрэў у блакіце чыстых нябёс. Аніякай мітусні. Пануе супакаенне. Прыемна прысесці на лавачцы, паразважаць, пагрэцца пад вясновымі промнямі. Дзверы Успенскага сабора адчынены з раніцы да прыцемкаў.

Магістрант Мінскай духоўнай семінарыі Арцём КІРКО і семінарыст Сяргей ПІНЧУК.

Паўтысячы гадоў таму тут шумеў густы лес, у які зайшлі пастушкі. Спыніліся каля грушы-дзічкі, сярод галін якой убачылі ззянне, што зыходзіла ад маленькага вобраза. Знялі яго з дрэва і прынеслі гаспадару, які не паверыў пра цудадзейнасць знаходкі і паклаў яе ў куфар. Увечары, прымаючы гасцей, узгадаў пра незвычайную падзею і вырашыў паказаць абразок. Але ў куфэрку яго не аказалася. Раніцай загадаў пастушкам ісці на тое месца ў лес. Сярод галінак дзічкі промнямі ззяў абразок. Хлопчыкі зноў знялі яго і прынеслі гаспадару, які з глыбокай пашанай прыняў і даў абяцанне збудаваць царкву на чароўным месцы.

ПРАЗ войны і пажары мінулых стагоддзяў вобраз захаваўся. У Велікодныя дні ўсталяваны перад алтаром жыровіцкага храма. Старанна прыбранае мястэчка сустракае вялікае свята. Вясновымі клопатамі напоўнены будні жыхароў яго.

Навучэнцы каледжа Аляксандр ЛАГВІНОВІЧ і Святлана ШАХ.

Раней звычайнага абудзіліся палі і сенажаці. Ажыўлена на доследных участках сортавыпрабавальнай станцыі. 35 сартоў рознай селекцыі соі, сланечніку, ільну, шматгадовых траў, бабовых, рапсу, зерневых культур выпрабоўваюцца на дзесяці гектарах. Спецыяльная малагабарытная тэхніка працуе тут. Лепшыя сарты сельгаскультур, што эксперыментальна вырошчваюцца на доследных участках, рэкамендуюцца для раяніравання.

Семінарысты Дзмітрый ВАБІШЧЭВІЧ, Піліп ЮНАШАЎ і повар Святлана ГАНЧАРЫК у сталоўцы.

Агранамічную службу станцыі год назад узначаліў вопытны хлебароб Іван Грэцкі, які дыплом атрымаў амаль сорак гадоў таму ў Навагрудскім сельгастэхнікуме. Завочна закончыў агранамічны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута і трыццаць шэсць гадоў кіраваў адной з лепшых на Слонімшчыне гаспадарак — “Пераможцам”:

— Акрамя абслугоўвання доследных участкаў, спраўляемся і з вырошчваннем на 250 гектарах збожжавых і насення шматгадовых траў. Тэхнічных сродкаў хапае. З восені заправілі палі арганікай, падрыхтавалі глебу. Веснавую сяўбу правялі хутка. Дружна ўзышла ярына.

Пятнаццаты Вялікдзень Наталлі ШУНДРЫК.

Аператыўна правялі сяўбу і ў вучэбнай гаспадарцы Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. На пасяўных агрэгатах працавалі навучэнцы пад кіраўніцтвам майстроў. Упершыню сёлета сеяў яравую пшаніцу будучы механік Андрэй Манюшкін. Побач у кабіне дапамагаў кіраваць магутным МТЗ-1221 майстар вытворчага навучання Уладзімір Шыла. Трынаццаць трактараў у вучэбнай гаспадарцы каледжа. Навучэнцы засвойваюць азы працы механізатараў. У канцы мая трэцякурснікам трэба здаць экзамен на кіраванне сельгастэхнікай і потым іх чакае вытворчая практыка ў гаспадарках. Выпускнікі разам з дыпломам атрымліваюць пасведчанні трактарыстаў-машыністаў. За сем дзесяцігоддзяў тут падрыхтавана звыш 23 тысяч спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Сёння на аддзяленнях тэхнічнага і энергетычнага забеспячэння працэсаў сельгасвытворчасці стацыянарна займаюцца 650 навучэнцаў і 320 завочна. Штогод, як правіла, трэцяя частка выпускнікоў працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.

Майстар вытворчага навучання каледжа Уладзімір ШЫЛА, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Аляксандр ЖДАНКО і навучэнец Андрэй МАНЮШКІН на полі.

Добрасуседскія адносіны ў навучэнцаў каледжа са студэнтамі Мінскай духоўнай семінарыі. Разам трэніруюцца ў спартыўнай зале, спаборнічаюць па футболе, валейболе, баскетболе. Разам святкуюць.

— Мая сям’я звычайна двойчы адзначае хрысціянскія святы, — гаворыць загадчык аддзялення каледжа Іосіф Сяркевіч. — Жонка Ніна Іванаўна праваслаўная, а я каталік. Пасля вучобы ў сталічных інстытутах вярнуліся на Слонімшчыну. Амаль паўстагоддзя працуем. Сын Сяргей, як і я, стаў інжынерам-энергетыкам. З сям’ёю жыве ў Слоніме. Дачка Таццяна атрымала дыплом інжынера-мікраэлектроншчыка і засталася ў сталіцы. Падрастаюць унук і дзве ўнучкі-выдатніцы. Сёлетні Вялікдзень у двух хрысціянскіх канфесій супаў. У нашым аграгарадку моцна перапляліся хрысціянскія веры. У храмах можна ўбачыць, як побач моляцца каталікі і праваслаўныя, таму што касцёла ў Жыровіцах няма, толькі ў Слоніме. У дзяцінстве бацькі на святы дабіраліся на набажэнствы ў Ружанскі касцёл. Маці да свята загадзя рыхтавала прысмакі. Цяпер у крамах багаты выбар.

Лідзія РАМАНЮК і яе 94-гадовы бацька Пётр Варфаламеевіч.

ДЗЕВЯНОСТА чацвёрты Вялікдзень сустракае Пётр Раманюк, які ўсё жыццё працуе на зямлі. Дваццаць прысядзібных сотак з дачкою Лідай, што вярнулася з горада да аўдавелага бацькі, апрацоўваюць. Летась мелі кабылку і шаснаццаць авечак. Цяжкавата стала Пятру Варфаламеевічу на дзясятым дзясятку нарыхтоўваць сена для жывёлы. Засталіся толькі куры ды восем вулляў пчол.

У прасторны бацькоўскі дом, што вокнамі глядзіць на лугавіну ракі Шчары, збяруцца святкаваць дзеці і ўнукі.

Не толькі перад святам кожны жыровіцкі падворак ззяе чысцінёю і ўбраннем. Такі тут парадак. На Вялікдзень мястэчка чакае гасцей. Дзеці, унукі збіраюцца ў родных — едуць да бацькоў, дзядуль і бабуль. Святочнае ўсяночнае набажэнства па традыцыі пройдзе ў велічным Успенскім саборы.

— Важна, каб свята заставалася ў нашых душах заўжды, — адзначае прарэктар Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Віктар Васілевіч. — Вялікі праваслаўны святы Серафім Сароўскі пранікнёна і шчыра служыў Госпаду і пастаянна трымаў у сэрцы Велікодную радасць. Вітаўся словамі: “Радуйся, дзіця! Хрыстос уваскрос!”


Прападобны Саламон гаварыў, што рознай рэчы свой момант пад сонцам. Ёсць час смяяцца і смуткаваць. Завяршаецца Вялікі пост, калі праз пакаянне і ачышчэнне прыходзіць набліжэнне да Бога. Час радасці немагчымы без пакаяння. Радасць трэба заслужыць працай, добрымі справамі.

Ёсць старажытны царкоўны помнік “Дзідахі”, што з грэчаскай мовы перакладаецца як “вучэнне”. У ім адзначаецца, што асвячаемы на літургіі хлеб цудадзейна становіцца целам Госпада, а крывёю — часцінкі вінаграднай лазы. Хлебаробы і вінаградары працуюць на зямлі, вырошчваюць і збіраюць ураджай, які трапляе ў храм для еўхарыстыіі. Усё пачынаецца з поля, дзе вырошчваецца збожжа — дар ад Бога.

ТРЭЦІ год сельсавет узначальвае Дзмітрый Нагула, які пасля заканчэння з адзнакай Жыровіцкага саўгаса-тэхнікума атрымаў вышэйшую адукацыю ў сталіцы і вярнуўся ў родныя мясціны. З дзяцінства памятае мелодыю Велікодных царкоўных званоў.

— Святочная раніца ў Жыровіцах пачынаецца з перазвону, што абуджае ўсё навокал, — дзеліцца пачуццямі Дзмітрый Віктаравіч. — Гэтую мелодыю чулі продкі, радуюцца ёй жонка Вольга і нашы дзеці Паўлік і Паўлінка. У аграгарадку шмат моладзі. Частыя вяселлі. Маладыя сем’і будуюць дамы. Новы мікрараён з’явіўся за некалькі гадоў. Клапоцімся, каб парадак быў на вуліцах і падворках. Сёлета плануем пакласці новы асфальт па Саборнай вуліцы. Хутка прыме наведвальнікаў сучасна абсталяваная трапезная для паломнікаў. На тэрыторыі сельсавета мінчане і жыхары іншых рэгіёнаў купляюць сядзібы. Некалькі ўчасткаў набылі грамадзяне Малдовы, Ірака. Да нас едуць адпачываць турысты з Расіі, Прыбалтыкі, Германіі і іншых краін. Імкнёмся максімальна эстэтычна ўпрыгожыць незвычайны аграгарадок. Старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі падтрымлівае ініцыятывы і фінансава дапамагае пераўтварыць Жыровіцы ў сапраўдную жамчужыну Беларусі.

Слонімскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter