Жыллёвае пытанне

Адным з найважнейшых для кожнай сям’і па-ранейшаму з’яўляецца жыллёвае пытанне — набыццё даху над галавой. Дзяржава ў гэтым сэнсе працягвае адказна выконваць сваю сацыяльную функцыю па будаўніцтве жылля перад тымі катэгорыямі грамадзян, якія маюць у гэтым патрэбу і, згодна з заканадаўствам, знаходзяцца ў чарзе на атрыманне ўласных квадратных метраў. 


Сёлета, як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт, за студзень — кастрычнік арганізацыямі ўсіх форм уласнасці было здадзена ў эксплуатацыю 2,79 мільёна квадратных метраў агульнай плошчы жылля (31,9 тысячы кватэр). 37,9 працэнта, альбо 1,057 мільёна квадратных метраў ад гэтага аб’ёму, выдаткавана для тых, хто знаходзіцца на ўліку на атрыманне жылля для паляпшэння жыллёвых умоў. 

Такім чынам, з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі пабудавана 703,2 тысячы “квадратаў”, да канца года ў гэтым сегменце будаўнікі мусяць выйсці прыкладна на 900 тысяч. У згаданы перыяд у шматкватэрных жылых дамах гарадоў было ўзведзена 643,8 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля, у сельскай мясцовасці 835,9 тысячы квадратных метраў (30 працэнтаў ад жыллёвых аб’ёмаў па краіне). Заданне па выніках бягучага года — увядзенне ў строй не менш за 4 мільёны “квадратаў”. Прыкладна столькі ж жылля запланавана ўвесці ў 2019 годзе, а ў 2020-м ужо вызначана планка ў 5 мільёнаў квадратных метраў.

На рынку камерцыйнай жыллёвай нерухомасці, згодна са звесткамі Дзяржкаммаёмасці, сярэдні кошт квадратнага метра сталічных кватэр павялічыўся з пачатку бягучага года крыху больш за 16 працэнтаў. Яго сярэдняя цана пачыналася ў студзені 2018-га з адзнакі 2,32 тысячы рублёў і склала ў кастрычніку 2,7 тысячы. У рэгіёнах Беларусі — абласных гарадах — кошт кватэр быў амаль удвая меншы, чым у Мінску. 

Цікава, але факт: квадратны метр новабудоўляў зараз стаў фактычна роўны “квадрату” на другасным рынку жылля (розніца можа дасягаць усяго каля ста рублёў). Хаця пакупнікі ў ініцыятыўным парадку ўсё ж пакуль аддаюць перавагу набыццю новых кватэр. 

На бліжэйшую перспектыву ў галіне дзяржаўнай будаўнічай палітыкі стаўка будзе зроблена на ўзвядзенне жылля і інфраструктуры ў гарадах-спадарожніках беларускай сталіцы, кватэр і дамоў для шматдзетных сем’яў, на развіццё будаўнічага комплексу ў рэгіёнах і індывідуальнае домабудаванне, кошт якога будзе паступова зніжацца. Дарэчы, на працягу 2018—2019 гадоў у Беларусі для шматдзетных сем’яў плануецца вырашыць актуальнае на сёння пытанне жыллёвых чэргаў. 

Трэба ўлічваць і тое, што, паводле задумы Урада Беларусі, да 2020 года ў рэспубліцы павінны будуць запрацаваць сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў і іпатэчнае крэдытаванне насельніцтва. Разам з цяперашнімі фінансавымі інструментамі гэта дазволіць зрабіць моцны штуршок у росце аб’ёмаў будаўніцтва жылля.

Да таго ж сёння на рэспубліканскай нарадзе з удзелам Прэзідэнта нашай краіны павінна адбыцца абмеркаванне эфектыўнасці працы будаўнічай галіны, стратэгія развіцця якой да 2025 года распрацавана адпаведнымі рэспубліканскімі дзяржаўнымі органамі. Яна закране шырокае кола праблем жыццядзейнасці сферы будаўніцтва, вырашэнне якіх дазволіць у сярэднетэрміновай перспектыве эфектыўна выканаць планы па адпаведным жыллёвым і прамысловым будаўніцтве. Максімальна знізіць выдаткі, павысіўшы пры гэтым якасць збудаванняў і аб’ектаў. Плануецца таксама абмеркаванне праграмы комплекснай забудовы малых і сярэдніх гарадоў Беларусі.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter