Рынак нерухомасці: колькасць свабодных да здачы кватэр расце, а попыт на іх, наадварот, падае

Жыллё ў зоне камфорту

Нядаўна размаўляла з гаспадыняй кватэры, якую я здымала апошнія чатыры гады. Аказалася, новыя жыхары заехалі ў стары дом практычна на наступны дзень пасля майго пераезду. Зрэшты, гэта і нядзіўна: 230 умоўных адзiнак у месяц за жыллё ў цэнтры горада побач з метро — гэта сёння вялікая рэдкасць. Некаторыя ўладальнікі па-ранейшаму імкнуцца неабгрунтавана завысіць цэннік, памятаючы часы, калі аднапакаёвыя кватэры на ўскраіне абыходзіліся арандатару ў 300 умоўных адзiнак і вышэй. Асабліва скачкі цэн адчувальныя ў жніўні — верасні. Аднак аналітыкі рынку нерухомасці заклікаюць зменшыць апетыты і тлумачаць, чаму арэнда кватэр даражэць не будзе.

Зняць аднапакаёўку на доўгатэрміновы перыяд можна ў сярэднім за 190—200 долараў у месяц, двушку — прыкладна за 240—250, сярэднямесячны кошт трохпакаёвых кватэр трымаецца на ўзроўні 280—290 долараў.

Аказваецца, сярэдні ўзровень арэндных ставак не мяняецца з канца 2016-га. На рынку склаўся баланс попыту і прапановы, які, праўда, можа змяніцца ў будучыні не на карысць уласнікаў жылля. Правіць балем і дыктаваць свае ўмовы, як гэта было 4—5 гадоў таму, яны больш не будуць. На думку начальніка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыты Пачыцкай, на рынку паступова складваецца такая сітуацыя: колькасць свабодных да здачы кватэр расце, а попыт на іх, наадварот, падае.

У асноўным на гэта ўплываюць даступныя крэдыты на будаўніцтва і куплю жылля. Нямала арандатараў ужо вырашылі сваё кватэрнае пытанне і з'ехалі з арандаваных «квадратаў». Больш за тое, эксперты мяркуюць, што эфект ад патаннелых крэдытаў рынак яшчэ мацней адчуе праз год-два: шмат хто купляе кватэры ў новых дамах на стадыі будаўніцтва, працягваючы жыць на здымнай кватэры. Аднак з уводам новых дамоў у эксплуатацыю яны будуць вызваляцца.

Ёсць яшчэ адзін фактар, які ўплывае на рост прапановы. Справа ў тым, што многія будуюць або купляюць кватэры менавіта для таго, каб здаваць іх: даходнасць ад арэнды кватэр зараз істотна перавышае валютныя ўклады. Пасля выплаты падаткаў уласнік атрымлівае прыбытак на ўзроўні 5 працэнтаў. Больш высокую прыбытковасць дае толькі камерцыйная нерухомасць. Дарэчы, зараз з'явілася новая форма здачы жылля ў арэнду —  па даверанасці. Схема працуе так: кліент звяртаецца ў агенцтва нерухомасці з запытам набыць ліквідную кватэру і, прыкладаючы мінімум намаганняў, атрымліваць стабільны прыбытак ад здачы яе ў арэнду. Патэнцыяльныя пакупнікі чакаюць, што ім параяць перспектыўны для арэнды варыянт і дапамогуць знайсці арандатараў. Колькасць такіх запытаў у агенцтвы  зараз павялічылася ўдвая.

Што тычыцца цэн на арэндныя «квадраты», яны, як ужо згадвалася, паўтара года стабільныя: зняць аднапакаёўку на доўгатэрміновы перыяд можна ў сярэднім за 190—200 долараў у месяц, двушку — прыкладна за 240—250, сярэднямесячны кошт трохпакаёвых кватэр трымаецца на ўзроўні 280—290 долараў. Але маленькая папраўка: гаворка ідзе пра кватэры з мінімальным рамонтам, часткова без мэблі і недзе далёка ад лiнii метро.

Традыцыйныя ўсплёскі цэн могуць назірацца ў жніўні — верасні, калі не ўсе студэнты засяліліся ў інтэрнаты ці паспелі знайсці кватэру. Безумоўна, у гэты час доля студэнтаў у агульнай колькасці заявак, якія паступаюць у агенцтвы нерухомасці, павялічваецца. Але не ў такім аб'ёме, каб гэта давала падставы ўласнікам павялічваць цэны арэнды. Тым не менш асобныя спробы робяцца штогод. Аднак Маргарыта Пачыцкая лічыць такую тактыку пройгрышнай. Справа ў тым, што дэфіцыту кватэр на рынку няма, наймальнікі хутка знаходзяць варыянты больш танныя і з'язджаюць.

Менавіта таму ўладальнікам «квадратаў» варта забыць пра тыя часы, калі аднапакаёўкі з не самым лепшым размяшчэннем здаваліся па 350 долараў у месяц. Шанцаў на тое, што сітуацыя ў агляднай будучыні паўторыцца, няма.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter