Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Найлепшым у свеце месцам супляменніца з латышскай Ялгавы Іна Олесава лічыць сваю вёску, у якой нарадзілася

Жылі-былі Карзюкі

Памятаеце: у фільме рэжысёра Ігара Дабралюбава “Белыя Росы” адны героі радуюцца, што горад наступае на іх вёску, іншыя ж не могуць змірыцца з вымушаным пераездам. Розныя пачуцці абуджаюць падзеі тыя і ў сэрцы Іны Олесавай. Бо, Карзюкі, яе родная вёска, цяпер аказалася вуліцай Чыжэўскіх у мінскім мікрараёне Лошыца. І драўляныя хаты на ёй адна за другой ідуць пад знос. Бачыць Іна, як прыгажэе Мінск: шырачэзныя праспекты ды бульвары, люстэркавыя гандлёвыя цэнтры, яскравыя, нібыта лялечныя, шматпавярховікі... Ды прызнаецца, што сумуе па ранейшых Карзюках, у якіх нарадзілася, расла, з якімі назаўжды звязаны лёс яе сям’і.

У адзін з прыездаў на Бацькаўшчыну мы прагуляліся з ёй па тых, ужо мінскіх, мясцінах.

Іна Олесава на месцы, дзе раней стаяла бабуліна хата
фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ.

Маладая сям’я Шумскіх з 4-гадовай Інай пераехалі з Карзюкоў у новую кватэру ў 5-павярховым доме па вуліцы Скрыганава, што ў Фрунзенскім раёне, у 1966-м. Бацькі, Яўген Мікалаевіч ды Ніла Іосіфаўна, радаваліся: атрымалі свой куток. А дачушка ўсё пыталася: “Ці будзе там печка?”. Іна Яўгенаўна памятае й цяпер цяпло яе, ласкава называе “матухнай”, “карміліцай”, “таўстушкай”. “Старыя на ёй “грэлі костачкі”, а малым была забава: залезем на печ і доўгімі зімовымі вечарамі слухаем, пра што гавораць дарослыя. Пад адным дахам нейкі час жылі чатыры пакаленні, — гаворыць супляменніца. — А яшчэ на печы захоўвалі сушаныя грушкі ды яблыкі. Як сунеш руку ў палатняны мяшочак, то хацелася выцягнуць менавіта салодкую грушку...”.

У гарадской кватэры дзяўчынцы ніколі не сядзелася — хацелася да бабулі, Соф’і Антонаўны Шыманскай, у Карзюкі. Са школы, кажа, часта даязджала да камвольнага камбіната ды праз Лошыцкі парк, зарослы й недагледжаны ў той час, напрамкі ў вёску, на волю... І ўжо дарослай у Карзюкі з Латвіі прывозіла Іна Яўгенаўна дзяцей на лета. Кажа, хоць належалі раней тыя землі князям Прушынскім ды Любанскім, хоць праходзіў там у 1812-м з войскам Напалеон, але ж па ўсім адчувалася: Карзюкі — не чые іншыя, як іхнія: Шумскіх ды Шыманскіх.

“Вёска была такая: адна вялікая вуліца. Раней там сямей 300 жыло, — згадвае. — У першай хаце па вуліцы жылі Шумскія — татава сям’я, у канцы Шыманскія — маміны родныя. Дый пасярэдзіне ўсе свае: брат, сват, кум... Пакуль пройдзеш ад адной хаты да другой — вечар настане: кожны да сябе запрашае, нечым частуе...”. Цяпер, кажа Іна Яўгенаўна, і вуліца не такая шырокая, і ўвогуле ўсё змянілася. Доўга стаім на месцы былой хаты Шыманскіх. “Вуліца Чыжэўскіх, 129, — называе апошні, не існуючы ўжо адрас роднай хаты, Іна Олесава. — Калі даведалася, што вёска пойдзе пад знос, было нясцерпна балюча. Як пасля смерці бацькі ў 2009-м... Але ўжо неяк звыклася з думкаю. Хочацца, каб тут быў парк ці сквер, куды б маглі мы прыехаць-адпачыць з унукамі, каб захаваліся гэтыя бярозкі, пасаджаныя татам...” Дарэчы, пра мужа свайго, Яўгена Мікалаевіча, з асаблівым замілаваннем расказвала нам Ніла Іосіфаўна. Якім ён добрым бацькам быў, клапатлівым мужам, адказным працаўніком (фрэзероўшчыкам на прадпрыемстве “Інтэграл”), меў нават узнагароды — Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ды Ганаровую грамату Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР.

Іна паехала ў Латвію за мужам Паўлам Олесавым, выпускніком Мінскай вышэйшай школы міліцыі: ён родам з латгальскага горада Прэйлі. Тады й не думала, што будзе так сумаваць па Бацькаўшчыне. Паўлу ж як маладому спецыялісту прапаноўвалі працу ў Мінску. Але ім, такім шчаслівым ды закаханым, толькі ажаніўшыся, хацелася быць самастойнымі. З трэцяга курса Мінскага медінстытута (сёння — універсітэт) Іна Олесава перавялася ў Рыжскі “мед”, закончыла яго, стала ўрачом-стаматолагам. Доўгі час Олесавы жылі ў Юрмале, цяпер перабраліся ў Ялгаву. Побач з бацькамі жывуць і дзеці: Таццяна і Сяргей. У дачкі ўжо свая сям’я, і сыну Максіму амаль 17 гадоў, ён сур’ёзна займаецца вольнай барацьбой. Неаднойчы перамагаў на чэмпіянатах Латвіі, выступаў і ў Ізраілі, Фінляндыі, Аўстрыі, Літве, Эстоніі, Польшчы, Расіі ды іншых краінах.

Соф’я Шыманская на сваім падворку
“Былі думкі вярнуцца ў Беларусь, — прызнаецца Іна Яўгенаўна. — Але абставіны мацней за нас: сям’я, праца, кватэра... І ўсё ж, калі часам пытаюць, якое ў мяне самае любімае месца на зямлі, без сумненняў адказваю: лепшага за Карзюкі няма. Нездарма людзі кажуць: калі нешта не ладзіцца ў жыцці, трэба ўспамінаць самае каштоўнае ды мілае сэрцу. І я пераношуся ў бесклапотнае дзяцінства: разам са стрыечнымі братамі ды сёстрамі загараем-плаваем, гуляем у мяч на лузе ля рэчкі ў роднай вёсцы”.

Дарэчы, куточак Беларусі ёсць і ў Ялгаве: суполкі  “Лянок” ды “Злата”. Каля 10 гадоў Іна Яўгенаўна ўваходзіла ў раду таварыства “Лянок”, шмат рабіла для захавання й пашырэння беларускай культуры, традыцый у Латвіі: там жыве звыш 70 тысяч нашых супляменнікаў. І беларуская дыяспара там найвялікая ў параўнанні з іншымі краінамі Балтыі. Яшчэ й дружная. У Саюзе беларусаў Латвіі, напрыклад, 15 суполак. І ўсе яны сябруюць між сабой, ездзяць у госці, ладзяць сумесныя імпрэзы. “Многае залежыць ад лідара, — упэўнена Іна Олесава. — Старшыня Саюза Валянціна Піскунова сапраўды злучае ўсіх нас, ладзіць сумесныя мерапрыемствы, паездкі, экскурсіі”. 24 гады СБЛ выдае газету “Прамень”, яе па пошце атрымліваюць усе суполкі. Даходзіць яна й да Беларусі: нумары высылаюцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта, міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры ды інфармацыі, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальную бібліятэку, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Атрымліваюць газету й многія беларускія вну, культурныя латышскія суполкі ў Беларусі.

Некалькі гадоў таму Іна Олесава далучылася да працы ў газеце, стала карэспандэнтам, членам рэдкалегіі. Піша пра беларускія справы ў Ялгаве ды іншых латышскіх гарадах. Час ад часу асвятляе мерапрыемствы, што праходзяць у Беларусі. Яна — пастаянная ўдзельніца выставы “СМІ ў Беларусі”, Фэсту мастацтваў беларусаў свету. Паступаючы ў медінстытут, успамінае, першым экзаменам здавала рускую мову. За сачыненне ёй паставілі пяць з плюсам і выклікалі маці, пыталі: ці сапраўды дачцы трэба ісці ва ўрачы? “Жыццё ж усё расстаўляе на свае месцы, — лічыць супляменніца. — Вось і я стала журналісткай, і мне хочацца пісаць усё лепей, удасканальваць майстэрства”. Старанні Іны Олесавай даюць плён: пад час трэцяга Фэсту мастацтваў беларусаў свету яна была ўшанавана дыпломам Саюза пісьменнікаў Беларусі. А летась, паведаміла зямлячка ў рэдакцыю, яе абралі членам праўлення Саюза беларусаў Латвіі. Гэта для яе, пісала, вялікі гонар і адказнасць.

Іна Олесава нядаўна разам з мужам былі ў Мінску на выставе “СМІ ў Беларусі”, заставаліся на майскія святы. І гэта ўжо сямейная традыцыя: 9 мая, на Дзень Перамогі, наведваць і прыбіраць магілкі родных. На Міханавіцкіх могілках пахаваны яе бацька, на мясцовых карзюкоўскіх — бабулі, дзядулі… “Абавязкова нясем кветкі на магілу дзядулі, Іосіфа Сцяпанавіча Шыманскага, які быў на фронце, дайшоў да Чэхаславакіі, быў паранены й да канца жыцця насіў аскепкі ў целе. Меў медаль “За адвагу”, — пісала ў рэдакцыю Іна Олесава. — Наведваем і магілу дзядзькі, Міхаіла Мікалаевіча Шумскага, які курсантам быў прызваны на фронт”.

А ў планах Іны Олесавай наладзіць стасункі з адной са школ, што ў мікрараёне Лошыца: правесці для вучняў урок па краязнаўстве, расказаць ім пра свае любімыя Карзюкі.

І ўсё ж сярод паўсядзённых турбот ды бясконцых спраў люляе-выношвае былая мінчанка патаемную мару: хоча збудаваць для сваіх дзяцей ды ўнукаў такую ж хату, якой была тая родная, у Карзюках. Каб і ганачак, і печ, і сенцы... Ды стварыць там атмасферу ўтульнасці, паразумення. “Буду ладзіць у ёй вячоркі з песнямі, рукадзеллем, — усміхаецца. — Усім нам варта памятаць пра свае карані, традыцыі. Тым жа, хто ідзе за намі, прыемна будзе ўсведамляць, што ў іх ёсць утульная беларуская хата, якая сагрэе ўсіх сваім цяплом і любоўю”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter