Жылі-былі Geely

Да параўнальна нядаўняга часу наша аўтамабільная прамысловасць на сусветным рынку была прадстаўлена толькі “цяжкавагавікамі”. Прадукцыя такіх заводаў, як МАЗ, МЗКЦ, БелАЗ, МТЗ, Белкамунмаш і многіх іншых даўно вядомая і папулярная ў многіх краінах. Чаго на самой справе нам не хапала, дык гэта ўласных легкавых аўтамабіляў. Не тое, каб гэтая сфера для нашых спецыялістаў была “тэра інкогніта”. Як-ніяк, у розныя часы вырабляліся ў нас машыны марак Samand, Ford, Peugeot, Citroen і нават Cadillac. Але гаворка ішла толькі аб своеасаблівым канструктары з пастаўленых з-за мяжы камплектуючых.


У 2011 годзе краіна замахнулася на большае. Гаворка ідзе аб стварэнні беларуска-кітайскага СЗАТ “БелДжы”, якое размясцілася на арэндаваных плошчах барысаўскага завода “Аўтагідраўзмацняльнік” і займалася выключна буйнавузлавой зборкай. Праект можна назваць эксперыментальным. Але першыя машыны, якія сышлі з канвеера, выклікалі цікавасць аўтааматараў. Стала ясна, што ў праекта ёсць будучыня. І ўжо ў канцы сакавіка 2015 года паміж Барысавам і Жодзіна сталі будаваць CKD-завод поўнага цыклу, здольны наладзіць працэс дробнавузлавой зборкі камплектаў Geely, які ўключае зварку, афарбоўку і поўную зборку.


Што сёння? Завершана першая чарга будаўніцтва, вытворчыя магутнасці дазваляюць выпускаць да 60 тысяч аўтамабіляў у год. Другі этап праекта дазволіць павялічыць магутнасці да 120 тысяч аўто штогод. На экспарт пойдзе 90 працэнтаў выпушчаных машын. Ці зможа беларускі Geely пацясніць знакамітых аўтавытворцаў на сусветным рынку? Галасаваць павінны аўтааматары. І калі адну з першых выпушчаных мадэляў — седан Geely ЕС7 — яны прынялі з вядомай доляй насцярожанасці, то красовер Emgrand X7 ужо выклікаў сур’ёзную цікавасць. Тое ж самае можна сказаць і пра першы паўнавартасны серыйны аўтамабіль беларускай вытворчасці Geely Atlas, прэзентацыя якога адбылася літаральна месяц таму.


Але спыняцца на дасягнутым у краіне не маюць намеру. У прыватнасці, плануецца, што ўжо з 2019 года на базе “БелДжы” можа быць наладжана вытворчасць электрамабіляў. Ва ўсякім выпадку, першы эксперыментальны ўзор машыны новага пакалення на базе Geely SC7 быў паспяхова пратэставаны яшчэ ў жніўні.


muravsky@sb.by

Фото БелТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter