Жыў-быў сабака…

У судзе закончыўся разгляд справы пра групавое згвалтаванне...

У мясцовым судзе закончыўся разгляд справы пра групавое згвалтаванне. Двух непаўналетнiх прыгаварылi да розных умоўных тэрмiнаў, а старэйшаму адмарозку з гэтай тройкi (i да таго ж яшчэ, як аказалася, завадатару) указалi дарогу да месцаў не толькi далёкiх, але яшчэ i вельмi бедных на прыгоды.

Чаму сяброўка пацягнула Алу на той суд, яна тады не здагадалася, хоць, добра ведаючы яе характар, магла меркаваць, што i на гэты раз Тамара проста так нешта рабiць не збiралася.

I Ала пазнала ўсiх трох. Не пазнаць iх было немагчыма...

Памяць не хацела адпускаць маладую жанчыну i зноў вяртала яе ў тую пару, калi Рыжык красаваўся ў сваiм маладым харастве. Ярка-рыжы, амаль з залатымi падпалiнамi на хвалiстай шэрсцi, асаблiва на прамой, як страла, спiне, гэта стварэнне, здавалася, толькi загадай яму – паляцiць, абганяючы ўсiх i ўсё, i зноў вернецца куды трэба, ласкава патрэцца галавой аб ногi гаспадынi i заспакоiцца, гледзячы ў яе вочы сваiмi разумнымi, зялёнымi, як маладая трава, вачамi...

А пачалося ўсё некалькi гадоў таму, калi Ала выпадкова сустрэлася са сваёй школьнай сяброўкай i пасля яе ветлiвых, але ўжо некалькi халаднаватых абдымкаў пачула:

— Алька, а не надакучыла табе адной? У твае гады i пры тваёй пекнасцi – i без мужыка!

— Што, свайго пазычыш? — паспрабавала аджартавацца Ала.

— Яно i можна было б на нейкi час, каб адпачыць адной. Толькi вось цi не атрымаецца, як у той песнi: адна пазычыла, а другая прысвоiла. А ты ж разумнiца, усё ведаеш. I нават колькi нас прыходзiцца на iх!

— Дык i не пазычай, пераб’юся як-небудзь.

— Я ведаю, што пераб’ешся, — пагадзiлася прымоўклая раптам Тамара. — Ведаю, што нялёгка табе адной – кнiжкi ды кнiжкi. А хочаш цацку падару? Жывую. Брат з жонкай пераязджаюць на Поў-нач i хочуць аддаць колi ў добрыя рукi. Там, вiдаць, клiмат для шчанюка не той, ды i займацца iм не будзе каму: грошы зарабляць трэба. I калi не падводзiць мяне памяць, на цябе ў школе ўсiх сабак вешалi, — зноў развесялiлася смяшлiвая сяброўка.

— А я, як бачыш, жывая яшчэ. А сабачку вазьму: сама хацела купiць...

Не доўга думаючы, паехалi. Гаспадары аказалiся дома. I не паспела Ала ямчэй уладкавацца на тахце, як да яе падкацiўся жоўты пушысты камячок i, вiляючы тоненькiм хвастком, усеўся ля ног.

Несцi дадому шчаня было прыемна, хаця i цяжкавата. Жывы i вельмi рухавы, ён то сцiхаў, то неяк жаласна папiскваў на яе руках, хiтра глядзеў на новую гаспадыню, нiбы пытаючыся цi сцвярджаючы: не такi я просты, як табе думаецца.

«Што ж, будзем жыць разам, — раздумвала Ала ўжо ў сваёй кватэры. — А назавём цябе Рыжык. Нейкi ты ажно чырванаваты».

I, нiбы адказваючы на яе словы, сабачка цяўкнуў раз-другi i ўлёгся на прынесены дыванок.

«Вось i слаўненька, вось i добранька. Нiкому цябе не аддам. А ты, Томча, яшчэ i пазайздросцiш мне...»

Заспакоеныя i задаволеныя, яны i заснулi разам, кожны, напэўна, думаючы пра тое, што ён цяпер не адзiн i што прыбавiлася адказнасцi, таму што мы заўсёды ў адказе за тых, каго прыручаем...

Ала была яшчэ маладой i вельмi сiмпатычнай. Спакойная, разважлiвая, разумная, яна ў апошнi час неяк разупэўнiлася ва ўсiм i ў мужчынах у прыватнасцi. Бацькi памерлi рана, былы муж аб’еўся груш, сястра з братам жывуць сваiм жыццём, так што... А тое «што» не абяцала наперадзе, як ёй здавалася, нi добрага, нi дрэннага.

А колi тым часам падрастаў. Ён заўсёды бег паперадзе гаспадынi, цягнуў яе на павадку, калi тая раптам задумвалася i прыцiшала крок.

Iшлi днi, тыднi, месяцы. Яны любiлi адзiн аднаго, хоць часта былi i незадаволены: для спакойнай гаспадынi шчанюк пад гарачую руку здаваўся дужа вёрткiм, а яму хацелася бегаць, нават куляцца праз галаву, калi б апошняе можна было зрабiць. Але ўжо праз хвiлiну яны дружна крочылi разам, i памiж iмi ўсталёўвалiся лад i згода.

Гулялi яны разам ранiцай цi позна вечарам. Калi гаспадынi было цяжкавата прачнуцца на зорцы, сабака адпраўляўся на прагулку адзiн – у такую рань каля iх дома, аддаленага ад астатнiх дамоў, нiкога не траплялася, апрача старога вартаўнiка, можа, дворнiка, якi прывячаў Рыжыка i нiкому не даваў яго ў крыўду.

Добрым сябрам быў Рыжык, слухаўся сваю гаспадыню амаль ва ўсiм, усё разумеў i рабiў грунтоўна i акуратна, як i трэба было добра выхаванаму i вывучанаму еўрапейцу.

Ала заўсёды гучна дзялiлася з сабакам радасцямi i засмучэннямi, калi той падыходзiў да яе, клаў сваю вузкую пыску ёй на каленi. Ён мог ляжаць такiм чынам доўга, не варушачыся i не замi-наючы сяброўцы думаць i казаць нешта, i маўклiвым поглядам дзякаваў Але за тое, што тая размаўляе з iм чалавечымi словамi, не крыўдзiць i разумее, не то што тыя дваровыя цюцькi, якiя так i стараюцца куснуць, ашчэрыцца, карацей, неяк зачапiць. Маўляў, мы тут пуп гэтай зямлi i з намi трэба лiчыцца, а то…

Яшчэ даражэй стаў Рыжык для Алы пасля аднаго выпадку, якi мог бы закончыцца трагiчна.

На Дзвiне пачаўся крыгаход. Вялiкiя i малыя льдзiны марудна i хутка, лёгка i грузна плылi па рацэ. Вада пенiлася i бурлiла, несучы на хвалях усё, што змывала на шляху.

Цi то прачнуўся ў Рыжыка паляўнiчы iнстынкт, цi то не заснуў яшчэ малады шал, але сабака раптам скочыў на вялiкi корч з пакалечанай нейкай птушкай на iм. Вада пагражала штохвiлiнна перавярнуць iльдзiну з птушкай i ашалелага ад вясны, яе пахаў сабаку. I, як тады здалося Але, усё яе жыццё. Яна закрычала так дзiка, што вымушана была асесцi на мокры прырэчны пясок.

Ачомалася тады, калi адчула, што нехта дыхае ёй у твар i цёплым языком ласкава лiжа вялыя лоб i шчокi.

— Ах ты дурненькi мой. Якi ты яшчэ дурненькi! – праганяючы нервовыя дрыжыкi, казала Ала, выцiраючы разам пясок i слёзы i ўстаючы на ногi…

Хутка ляцеў час. Рыжы сябра ратаваў ад смутку i разлукi з дарагiмi ёй людзьмi. Не думалi — не гадалi яны тады пра бяду, якая iшла за iмi неадступна, як кажуць, па пятах у кожную з прагулянак, да пары да часу адкладваючы сваю сустрэчу з сябрамi.

...Iх было трое – самаўпэўненых, дзёрзкiх i нахабных.

— Глядзiце – дама з сабачкам!

— З якiм сабачкам – з псiнай!

— Вялiкая, а баба нiчога сабе!

— Можа, згаворымся?

П’яныя галасы здзiчэлых ад свабоды i сваёй перавагi над кволай жанчынай дэбiлаў сцiснулi Алу з усiх бакоў, нiбы з памыйнага вядра палiваючы яе годнасць i жаноцкасць.

«Яшчэ крыху, i яны ўчэпяцца ў мяне, — с жахам думала Ала, — затрашчыць сукенка, а потым... I побач нiкога!»

Яна памылiлася: Рыжык быў непадалёку. Вогненнай маланкай працяў ён адлегласць памiж сабой i iмi, урэзаўся ў iх, раздзiраючы на гвалтаўнiках вопратку разам са скурай, пакуль тыя, перапалоханыя не на жарт, не кiнулiся ў розныя бакi…

Не адна Ала пазнала iх тады ў судзе. Яны таксама пазналi яе, хоць жанчына была без сабакi, у iншай адзежы i ў акулярах.

Пазналi i не даравалi. Праз колькi дзён яна знайшла нежывого Рыжыка з пераламанымi нагамi, са скрываўленай галавой непадалёк ад дарогi, па якой яны не так даўно прагульвалiся i будавалi свае планы. Яна – чалавечыя, ён — сабачыя, але так падобныя на яе. Успомнiлася незабыўнае, дарагое, што дапамагала любiць i берагчы адзiн аднаго.

Яны з Тамарай разам пахавалi Рыжыка. У той дзень сяброўка была маўклiвай i сур’ёзнай, як нiколi раней.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter