Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Журавель калодзежны

Журавель калодзежны

Рыпеў ён амаль нячутна. Шамаценне лiстоты на суседнiх дрэвах нават пры лёгкiм ветрыку магло лёгка перабiць гэтыя кволыя гукi. Можа, журавель так скардзiўся на свой лёс, а мо гэта была ягоная простая песня, якую ён бясконца цягнуў сабе пад свой доўгi нос, не звяртаючы нi на кога ўвагi, нават не iмкнучыся, каб нехта гэтую песню пачуў ды прыслухаўся да яе слоў цi нават яе падхапiў хоць на нейкае iмгненне.


А можа, у гэтым рыпеннi i блiзка не было анiякай скаргi, а песнi — тым болей. Мо гэта быў просты, вельмi сцiплы расповед пра жыццё жураўля, бадай, з самага першага дня. I каб нехта ведаў мову калодзежных жураўлёў, ён бы меў асалоду пачуць з першых вуснаў, калi так можна сказаць, гiсторыю жыцця гэтага састарэлага сведкi вясковай мiнуўшчыны.


А расказаць жураўлю было што. Вось толькi каму? Каму гэта патрэбна, ды i хто зацiкавiцца настолькi, каб прыслухацца да рыпення кало-дзежнага жураўля? I ён амаль непрыкметна, павольна паварочваўся на сваёй адзiнай назе, з сумам разглядаючы наваколле: i тое, што ляжала лiтаральна пад яго жэрдкай-ключом, i нашмат далей, дзе крайнiя вясковыя хаты акуналiся ў хвалi высокай-высокай збажыны, якая расцякалася аж да бярозавага гаю i далей, да гарызонту, дзе невялiчкая чарада белых аблокаў нахiналася да зялёнага мора палеткаў i лашчыла яго сваiмi вельмi пяшчотнымi ды пушыстымi далонямi.


Якi ўжо год, якое дзесяцiгоддзе журавель глядзеў на ўсё гэта… Як наваколле змянялася, нешта нараджалася, нешта памiрала. Нешта з’яўлялася лiтаральна на iмгненне, а нешта затрымлiвалася настолькi, што журавель да яго прывыкаў, i вельмi балюча было пасля з iм развiтвацца. Але ж жыццё шыбавала няўмольна, незваротна, можа, толькi часам запавольвала свой рух, а часам неслася стрымгалоў.


Усё, як звычайна, пачынаецца з нараджэння. Вось i ў калодзежнага жураўля быў свой дзень, першы дзень iснавання. Вельмi добра запомнiлася яму iмгненне, калi ён упершыню, цвёрда абапiраючыся на сваю толькi што закапаную нагу-апору, павольна i асцярожна нахiлiўся ў зруб студнi i новым драўляным вядром у жалезных абручах чарпануў празрыстую сцюдзёную ваду. Так гэта спадабалася жураўлю, што захацелася, каб гэты момант доўжыўся бясконца, паўтараўся зноў i зноў. Яшчэ i другое ўразiла жураўля: некаторыя людзi, прыходзячы да калодзежа па ваду, былi настолькi яму ўдзячныя, што, перахрысцiўшыся, кланялiся i нават выказвалi сцiплыя словы падзякi.


Не, не зазнаўся журавель, не задраў яшчэ вышэй свой драўляны каромысел. Не стаў i скардзiцца на сваю сумную аднастайную працу, якая складалася толькi з некалькiх простых рухаў — нахiляйся ды падымайся. Невялiкi перапынак, а потым зноў тое ж самае. Ён, наадварот, стаў больш спагадлiвы, цярплiвы i нават удзячны за такое патрэбнае i нават адказнае iснаванне. Жыць ды быць патрэбным другiм — цi гэта не шчасце, не самы галоўны сэнс iснавання на гэтай зямлi?

I тое, што знаходзiлася зусiм побач, што вiднелася далей, што будавалася, расло, поры года, блiскучая срэбная стужка рэчкi за вёскай, неба, дрэвы… Карацей, увесь гэты свет, якi ляжаў вакол жураўля, стаў яму неверагодна блiзкi i да дробязей знаёмы.


Але было яшчэ нешта неверагодна чароўнае i захапляльнае для жураўля, нешта, без чаго, здавалася, ён заўтра ж мог бы памерцi ад суму. Гэта чалавечыя галасы, такiя разнастайныя, недзе смяшлiвыя, а недзе настолькi пяшчотныя i кранальныя, што слухаў бы i слухаў iх без перапынку, нават забыўшыся на свой галоўны абавязак. А чалавечыя словы! Якая iх неверагодная колькасць! I адно i тое ж слова можа гучаць i вымаўляцца настолькi па-рознаму, што не толькi калодзежны журавель, але i чалавек, пачуўшы яго, адразу з упэўненасцю не мог сцвярджаць, што разумее гэтае слова так, як меў на ўвазе той, хто яго вымавiў.

Са слоў складалася гаворка, скаргi, лаянкi ды песнi. З гэтых самых слоў складаўся цэлы вясковы сусвет навiн, якiя тут жа неслi да калодзежа, да жураўля. Вядома ж, было гэта ненаўмысна, не спецыяльна для яго, але гэта як неад’емная частка вясковага жыцця — пагаварыць, папляткарыць ля калодзежа.


I так атрымлiвалася, што толькi адзiн журавель меў магчымасць ведаць усе апошнiя навiны ваколiцы, сачыць, як набягалi ды знiкалi падзеi, здарэннi i выпадкi. Ведаў журавель настолькi многа, што нават навучыўся прадказваць тую цi iншую падзею наперад, на дзень цi нават на болей. А калi можна было прадказваць — значыць, можна было i папярэджваць.

Дык, можа, менавiта пра гэта i рыпеў стары журавель? Можа, ён хацеў папярэдзiць, перасцерагчы ад нечага сваiх блiзкiх i нават ужо родных яму вяскоўцаў?.. Можа, яно так усё i было.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter