Журавінны абярэг

ВЁСКА Дзяржынск Лельчыцкага раёна ўдзень нібыта вымірае. Колькі ні званіла па хатах сялян, ніхто не бярэ трубку. Нарэшце «папала» ў прадуктовы магазін.

Як загатовіць карысную ягаду, каб падтрымаць зімой імунітэт

ВЁСКА Дзяржынск Лельчыцкага раёна ўдзень нібыта вымірае. Колькі ні званіла па хатах сялян, ніхто не бярэ трубку. Нарэшце «папала» ў прадуктовы магазін.

— Уся вёска альбо на рабоце, альбо на балотах журавіны збірае, — паведаміла прадавец Наталля Захарыч. — Для беспрацоўных і пенсіянераў збіраць журавіны — добры заработак. Зараз ягаду прымаюць па 15—16 тысяч за кілаграм. А людзі з балотаў прыносяць за дзень, чула, і па мяшку, і па два журавін. Што сабе на зіму пакінуць, а што здадуць. Я сама ў ягады не хаджу, увесь час на рабоце, а вось муж і сын на зіму назбіраюць. 5—7-літровага вядзерца на ўсю сям’ю з пяці чалавек хапае. Дачка і два сыны хварэюць нячаста, можа таму, што вітамінны напой увесь час п’юць.

Наталля Васільеўна параіла цікавы рэцэпт загатоўкі журавін на зіму

Прапускаем ягады на мясарубцы, можна разам з лімонам, апельсінам ці яблыкам, толькі ачысціць фрукты ад костачак, змешваем атрыманую масу з сахарам у прапорцыі адзін да аднаго і ставім на холад. Дзве-тры чайныя лыжкі на кубак гарбаты альбо кіпятку — самы лепшы вітамінны напой.

Дарэчы, журавіны добра захоўваюцца ўсю зіму дзякуючы прыроднаму кансерванту — бензойнай кіслаце. Самы просты спосаб зберагчы вітаміны — гэта перамыць ягады, вылажыць у шкляныя банкі ці эмаліраваны посуд і заліць халодная кіпячонай вадой. Журавіны стануць вадзяністымі, але карысных уласцівасцей не разгубяць. А з ягад усю зіму можна варыць кісель, рабіць морс, класці ў пірагі ў якасці начынкі.

Яшчэ адзін спосаб — гэта замарозіць ягаду. Перамыць журавіны і раскласці па маленькіх мяшочках. Варта памятаць, што ягада падтрымлівае імунітэт зімой і дапамагае змагацца з прастудай, ангінай. Урачы рэкамендуюць піць морсы з журавінаў хворым цысцітам і піеланефрытам. Журавіны паскорваюць зажыўленне гнойных ран і прафілактуюць язвенную хваробу страўніка. Але, варта памятаць, журавіны небяспечныя для хворых на гастрыт.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter