Жураўлi на Палессе ляцяць,

бо добра бачаць з вышынi неверагодную прыгажосць нашай краiны, лiчыць аўтар фотаальбома “Нечаканая Беларусь” Сяргей ПЛЫТКЕВIЧ На просьбу прадставiцца для чытачоў “НГ” Сяргей Плыткевiч адказаў разгорнута: — Дырэктар выдавецтва “Рыфтур”, галоўны рэдактар новага часопiса “Фотомагия”, шэф-рэдактар газеты “Туризм и отдых”, рэдактар часопiса “Детская площадка”... Пэўна, яшчэ ў некаторай ступенi фотамастак.

“Ступень” фотамастака Плыткевiча сапраўды вызначыць складана. У ягоным асабiстым архiве — ад 50 да 70 тысяч здымкаў, шмат з якiх ужо сталi паштоўкамi, iлюстрацыямi да кнiг i даведнiкаў, старонкамi фотаальбомаў.
— У 2001 годзе ў выдавецтве “Беларусь” пабачыў свет альбом “Мая Беларусь” — асабiсты пункт гледжання на краiну. У другiм альбоме хацелася зрабiць акцэнт на унiкальнае беларускае асяроддзе, этнаграфiю, культуру. Атрымалася “Беларуская экзотыка” з яе рыцарскiмi турнiрамi, фестывалямi, звярамi i птушкамi.
Трэцi альбом “Нечаканая Беларусь” — гэта чарговы крок да спасцiжэння сябе i сваёй краiны, спроба зiрнуць на звыклае свежым вокам. Каб стварыць гэтую кнiгу, мне давялося ўзняцца да нябёсаў трыццаць шэсць разоў — з летчыкамi-назiральнiкамi прадпрыемства “Беллесавiя”, памежнiкамi, ваеннымi лётчыкамi, нават на паветраным шары... Мне хацелася паказаць, што беларусам пашчасцiла жыць у дзiвоснай, прыгожай, поўнай экзотыкi краiне. Беларусь вартая таго, каб глядзець на яе з вышынi! Дарэчы, панараму Нясвiжскага палаца-паркавага комплексу i Аўгустоўскага канала я здымаў па замове Мiнiстэрства культуры для ЮНЕСКА, якое рыхтавала дакументы, каб уключыць гэтыя аб’екты ў спiс сусветнай спадчыны.
У “Нечаканай Беларусi” ёсць “прататып” — вядомая ў розных краiнах кнiга французскага аўтара, якi з вышынi здымаў пустэчы i гейзеры, разлiвы рэк i велiч акiянаў. Сяргею было блiжэй лятаць, ды больш цяжка шукаць — Беларусь невялiкая, раўнiнная краiна. Тым больш каштоўным падаецца вынiк ягонай карпатлiвай працы.
— Я i цяпер лётаю, — кажа Сяргей. — Праца працягваецца, таму што ёсць яшчэ на Беларусi куточкi, да якiх я не паспеў дабрацца. Наступнае выданне будзе лепшым: туды ўвойдуць не толькi краявiды i архiтэктура, але i дзiкi, ваўкi i аленi, якiх мы сфатаграфавалi мiнулай зiмой з верталёта.
“Нечаканая Беларусь” — толькi адна тэма творчых планаў выдавецтва “Рыфтур”, што спецыялiзуецца на краязнаўчай лiтаратуры, дарожных даведнiках, а не так даўно прапанавала беларусам i гасцям краiны вельмi арыгiнальныя карты-панарамы гарадоў.
— Тэма атрымае працяг, бо мы мяркуем выпускаць падобную лiтаратуру па асобных рэгiёнах. Сёння працуем над самабытным Палескiм альбомам, плануем выдаць серыю кнiг пра гiстарычна значныя беларускiя гарады. Жанр — гiсторыка-мастацкiя фотаальбомы, з глыбокiмi тэкстамi па гiсторыi горада. Першы альбом — “Ад Полацка пачаўся свет” у сааўтарстве з пiсьменнiкам Уладзiмiрам Арловым — ужо выйшаў. Рыхтуем другую пасля “Чарнобыля” Дзянiса Раманюка кнiгу пра Палескi радыяцыйны запаведнiк, дзе нага чалавека ступае хiба на Радаўнiцу, калi ўсiх былых жыхароў пускаюць у зону без адмысловага дазволу. Ствараем маляваныя карты беларускiх гарадоў i абласцей, з усiмi гiстарычнымi адметнасцямi. Мяркую, з цягам часу маляваныя карты мастака Рубена Атаяна стануць дакументальнай гiстарычнай каштоўнасцю.
Мы робiм лiтаратуру, што можа змусiць чалавека рухацца, вывучаць сваю краiну, ганарыцца сваёй гiсторыяй. У беларусаў ёсць падставы для годнасцi: мы зведалi цяжкую, багатую на падзеi гiсторыю i не толькi прайшлi праз усе выпрабаваннi, але захавалi сваю культуру i дзяржаўнасць.
— Я ведаю, што падчас станаўлення газеты “Туризм и отдых” вы з жонкай аб’ездзiлi ледзь не паўсвету. Няўжо нiколi не хацелася паказаць суайчыннiкам далёкiя краiны замест таго, каб зноў i зноў адкрываць для iх радзiму?
— Зараз мне шкада марнаваць час на падарожжы, бо з цягам гэтых дзён можна зрабiць нешта карыснае дома. Апошняе стагоддзе сцерла з твару зямлi цэлы пласт беларускай культуры — палацы i сядзiбы, храмы i паркi. Сёння мы можам уявiць iх сабе толькi дзякуючы мастаку Напалеону Ордзе, якi рабiў замалёўкi помнiкаў архiтэктуры, за што шмат хто з сучаснiкаў лiчыў яго дзiваком. Зараз жа амаль усе гiстарычныя кнiгi праiлюстраваныя рэпрадукцыямi ягоных работ. Пэўна, нясцiпла праводзiць нейкiя паралелi, бо сёння ў краiне шмат таленавiтых фотамастакоў. Але далёка не кожнаму з iх стае цярплiвасцi давесцi сваю творчую iдэю да канчатковага прадукту — кнiгi, якую захочуць разгарнуць тысячы беларусаў i гасцей нашай краiны.
— Апошнiя гады краiна будуецца i рэканструюецца. Цi да твару ёй гэтыя змены?
— Абсалютная большасць нашых гарадоў i гарадкоў цягам апошнiх дзесяцi гадоў сталi прыгажэйшымi. Дажынкi, Днi беларускага пiсьменства, экалагiчныя форумы, канешне, суправаджаюцца “аўральнымi” работамi. Але дзякуючы гэтым святам нашы гарады мяняюцца да лепшага. Несумненна, было б лепш, калi б iх упарадкавалi паступова, па адмысловым плане, з клопатам пра якасць, а не хуткасць работ. Але ж мы, славяне, пэўна, так не можам.
Я здымаю не толькi гiстарычныя аб’екты, але i сучасную архiтэктуру, якая асаблiва прыгожа выглядае з вышынi. Не так даўно адкрыў для сябе Салiгорск, у якiм столькi кветак i зелянiны, што з верталёта ён выглядае суцэльным жывапiсным творам. Такi ж прыгожы i 45-гадовы Светлагорск — хвойны лес, сучасныя пабудовы, рака.
— На пачатку нашай размовы вы назвалi некалькi сваiх роляў. Якая з iх усё ж такi асноўная?
— На жаль, яны для мяне аднолькава каштоўныя, — уздыхае суразмоўца. — I, у залежнасцi ад сiтуацыi, па чарзе выходзяць на першы план. Сёння важней за ўсё работа ў выдавецтве, прычым не проста “шукаць i здымаць”, а ўвесь працэс — прыдумаць кнiгу, зрабiць фота да яе, знайсцi аўтара, якi напiша тэкст, распрацаваць дызайн, выдаць i прадаць прадукт, таму што для ўвасаблення новых задумак спатрэбяцца сродкi. Самае складанае для фотамастака ў гэтым ланцужку — навучыцца прадаваць. Хаця попыт на нашу прадукцыю расце: беларусы ўсведамляюць, што жывуць у прыгожай краiне, i ў якасцi сувенiраў усё часцей вязуць замежным сябрам беларускую прыгажосць.

“Нечаканая Беларусь” — гэта не толькi фотаальбом, але i сумесны конкурс “НГ” i выдавецтва “Рыфтур”. Некалькi субот запар мы будзем публiкаваць фотаздымкi, зробленыя Сяргеем Плыткевiчам на родных для кожнага з нас прасторах. Чытачы, якiя здолеюць пазнаць найбольш сфатаграфаваных мастаком мясцiн, абавязкова будуць адзначаны рэдакцыяй i аўтарам здымкаў.
Першыя здымкi з’явяцца ўжо ў блiжэйшую суботу!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter