Десятки тысяч птиц и тонны клюквы: в Миорах прошел самобытный праздник

Жураўлі на Ельню ляцяць

Галоўныя героі дня – жураўлі і журавіны.
З чаго нараджаюцца народныя традыцыі? З папулярных казак і павер’яў, са старажытных легенд і звычаяў, а яшчэ — з бясцэнных падарункаў самой прыроды. Міёрскі край — сапраўдная каштоўнасць, унікальны куток. На яго тэрыторыі — асноўная частка аднаго з найбуйнейшых у краіне комплексаў верхавых і пераходных балот пад назвай Ельня. Плошча — звыш 20 тысяч гектараў. Больш за сотню азёр плюс тры ракі, якія бяруць пачатак менавіта ў дрыгве. Аб тым, як балота можа стаць радзімай вядомых у краіне і свеце брэндаў, — у рэпартажы нашага карэспандэнта.

Прыстань для крылатых вандроўнікаў

Пакружыўшы, на поле садзяцца вялізныя шэрыя птушкі. Размах крылаў — метры два, не менш. Ра-зам з дырэктарам рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня» Іванам Барком мы назіраем за пералётнымі гасцямі ў бінокль. Іван Іванавіч тлумачыць:

— На міёрскай зямлі гняздуюцца прыкладна 50—60 пар жураўлёў. «Карэнная» папуляцыя не павялічваецца — птушкам патрэбны прастор, вялікая тэрыторыя. Але ў верасні звычайна ў нас гасцююць да 35 тысяч жураўлёў і столькі ж гусей. На працягу двух-трох тыдняў адпачываюць і кормяцца перад далёкай дарогай. Гэта іх апошні прыпынак на шляху ў цёплыя краі — Паўднёвую Еўропу, Паўночную Афрыку. З раніцы тут, на полі, было прыкладна 700 птушак, але вялікая колькасць людзей, якія імкнуцца паглядзець на гэтае ўнікальнае відовішча, пужае жураўлёў.

Свята – гэта заўжды весела.
Спецыялісты сцвярджаюць: сёлета пералётныя госці здзівілі — былі заўважаны ў Ельні ўжо 15 жніўня. Гэта прыкладна на два тыдні раней, чым звычайна. Народная прыкмета абвяшчае — значыць, восень таксама будзе ранняй, а зіма — суровай.

Разам з намі тут, побач з толькі што пераараным палеткам, за дзіўнымі птушкамі назіраюць і замежныя госці, якія прыехалі на самабытнае экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны міёрскага краю». Прадстаўнік з Латвіі Раймандс Спекс падключаецца да размовы: у іх родных мясцінах, дзе ён працуе на пасадзе выканаўчага дырэктара самакіравання Крустпілскага краю, таксама ёсць такая жамчужына ў выглядзе ўнікальнага для Прыбалтыкі балота. Але пакуль не аграненая. Варта, мабыць, па словах субяседніка, павучыцца ў беларусаў рабіць брэндам дары прыроды.

— Я ўдзельнічаю ў гэтай незвычайнай падзеі ў Міёрскім раёне ўжо другі раз. Выдатная нагода сустрэцца з суседзямі і ўжо даўнімі сябрамі, абмеркаваць агульныя планы супрацоўніцтва ў розных галінах, — адзначае Раймандс. — Дэлегацыі нашых рэгіёнаў пастаянна бываюць у гасцях адна ў адной. Вось цяпер мы прывезлі з сабой фальклорны калектыў — няхай парадуюць гаспадароў сваім канцэртам.

 Іх вялікасць журавіны

Так-так, назіранне за жураўлямі — толькі адзін з момантаў вялікага і прыгожага свята ў Міёрах. Праходзіць тут яно ўжо ў восьмы раз. І разам з прыгожай птушкай адным з сімвалаў свята становяцца ягады журавіны. Таму ў праграме фэсту — узнагароджанне самых умелых зборшчыкаў і актыўных здатчыкаў.

Журавіны ўрадзілі. На балота стары і малы.

— Колькі можна за сезон зарабіць на журавінах? — цікаўлюся ў бабуль, якія прадаюць буйныя ягады проста ў эпіцэнтры святочных урачыстасцей — на паўвостраве возера Міёрскае.

Прытанцоўваючы пад музыку, прадаўцы ахвотна расказваюць:

— Калі не ленавацца, то ў пачатку сезона за дзень можна з балота і пяць-шэсць вёдзер прынесці. Кожнае — прыкладна па 30 рублёў, так што лічыце самі.

Задаволеная гандлем і старшыня Верхнядзвінскага райпо Ірына Тамашэвіч. Яна адзначае: нарыхтоўваць ягаду ў Міёрскім раёне пачалі крыху больш за тыдзень таму, але на складах ужо звыш чатырох тон журавін. Закупачныя цэны ўсіх задавальняюць — прыватнікі зараз скупляюць танней. Ірына Анатольеўна расказвае:

 — Пачынаецца сезон восеньскіх кірмашоў, журавіны там заўсёды запатрабаваныя. Вось нават сёння тут, на свяце, прадалі кілаграмаў трыста. Немалую частку бяруць нашы аб’екты грамадскага харчавання. А яшчэ журавіны карыстаюцца попытам у расіян — выгадна адпраўляць на экспарт. Так што чым больш ягады, тым лепш.

Кожны падворак падрыхтаваў сваю праграму для экафэсту.

 Пра тое, што журавіны ў гэтых месцах больш чым папулярныя ў гаспадынь, сведчаць святочныя падвор’і. Дзесяць сельскіх Саветаў раёна выставілі свае кулінарныя шэдэўры, падрыхтавалі тэматычныя праграмы. Чаго толькі тут не было! Перабродскі сельсавет ператварыў сваю мабільную сядзібу ў партызанскую хату. Прысвяціў творча-кулінарнае ноу-хау 75-годдзю вызвалення Беларусі ад акупантаў. Тут частавалі гаючай журавінавай настойкай і пірагамі, юшкай з сушаных грыбоў, іншымі далікатэсамі. Здзівілі прадстаўнікі Язненскага сельсавета на чале са старшынёй Валянцінай Фядзьковіч. Да шашлыкоў яны падавалі ўнікальны соус з журавін, вяленыя таматы і іншую смакату. Да пары ёй і мясцовы кулінар — урач агульнай практыкі, загадчык участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч. Уладзімір Пятровіч пячэ незвычайна карысны хлеб з выкарыстаннем уласнай рошчыны і журавін. Так што сям’я доктара ўжо даўно не купляе боханы ў краме. На Мікалаеўскім падворку гасцей сустракаў лесавік і прапаноўваў пакаштаваць арыгінальныя стравы мясцовых гаспадынь. У большасці з іх таксама выкарыстоўваліся журавіны. Прызнаюся шчыра: ад гасцінных вяскоўцаў было цяжка адысцi, не пакаштаваўшы ўсе шэдэўры.

 ...Духмяны морс, разнастайныя пірагі і піражкі, журавiны ў цукровай пудры, бліны і нават катлеты з журавінавай начынкай — фантазія міёрскіх хатніх гаспадынь практычна бязмежная. Іх пачастункі спадабаліся не толькі прыбалтыйскім, але і расійскім гасцям — у экафэсце ўжо традыцыйна прымала ўдзел дэлегацыя Апочацкага раёна Пскоўскай вобласці.

КАМПЕТЭНТНА

Ігар Кузняцоў, старшыня Міёрскага райвыканкама:


 — Свята «Жураўлі і журавіны міёрскага краю» — гэта пляцоўка для людзей актыўных і неабыякавых. Прырода дала нам унікальныя багацці, наша задача — захаваць для нашчадкаў усё гэта ў першапачатковым выглядзе. Так, рэгіён не можа развівацца без эканомікі. Таму настолькі важна цяпер разам знайсці баланс паміж прамысловасцю і экалогіяй, каб не нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю. Нездарма заказнік «Ельня» называюць лёгкімі Еўропы. Хай у такой якасці ён і застаецца на доўгія стагоддзі.

begunova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter